Эканоміка2424

Чаму тры гады вайны не абрынулі эканомікі Расіі і Беларусі? І што будзе, калі заключаць перамір'е?

Ад самага пачатку поўнамаштабнай вайны аналітыкі меркавалі, што ваенныя дзеянні і санкцыі абрынуць эканомікі Беларусі і Расіі, але прагнозы не спраўдзіліся. «Наша Ніва» спытала ў эканаміста Зміцера Крука, чаму так адбылося і чаго чакаць у эканоміцы ў выпадку завяршэння вайны.

Чатыры прычыны, чаму расійская эканоміка не абрынулася

Эксперт BEROC Зміцер Крук называе чатыры асноўныя прычыны, чаму эканоміка Расіі, а разам з ёй і Беларусі, не абрынуліся ў выніку вайны і шматлікіх санкцый.

Эканаміст лічыць, што маштаб, хуткасць і глыбіня тых санкцый, якія ўводзіліся ў дачыненні да Расіі, былі меншымі за тыя, што чакаліся ў самым пачатку вайны.

«Панавалі чаканні, што Расія амаль імгненна будзе адключаная ад глабальнай эканомікі, што яна страціць магчымасць экспартаваць значную частку ўсіх сваіх сыравінных прадуктаў. Лічылася, што ў Расіі амаль не атрымаецца пераарыентаваць тыя патокі, якія ішлі ў краіны Захаду.

Калі ў 2022 годзе казалі пра так званыя драконаўскія санкцыі, разумелася адключэнне амаль усіх без выключэння расійскіх банкаў ад SWIFT», — згадвае Крук.

На думку эканаміста, каб гэта сапраўды ў адзін момант адбылося, то як мінімум на нейкі перыяд Расія страціла б магчымасць праводзіць разлікі, што ў суме прывяло б да значна большага шоку ў расійскай эканоміцы, чым гэта адбылося на справе.

«Гэта вельмі важна, бо калі б першапачатковы шок быў моцным, глыбокім і трывалым, то далей гэтыя наступствы, як метастазы, пачалі б распаўсюджвацца па ўсёй эканоміцы, і супрацьстаяць гэтаму было б вельмі і вельмі складана. Аднак інтэнсіўнасць і хуткасць уведзеных санкцый не стварылі такога маштабнага ўсебаковага ўдару па эканоміцы Расіі, як першапачаткова чакалася», — адзначыў эксперт.

Такая фора з боку Захаду дала магчымасць расійскім эканамічным уладам стабілізаваць сітуацыю.

Другой прычынай Зміцер Крук называе аб'ёмы экспартнай выручкі Расіі, якія падчас вайны не толькі не скараціліся, а, наадварот, выраслі.

«Чакалася, што экспартная выручка зменшыцца, а яна праз нейкі час толькі павялічылася. Тое, што падчас вайны цэны на нафту і газ уздымуцца, было чаканым, але нечаканым аказалася тое, што Расія зможа здымаць з гэтага вяршкі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Dmitry Lovetsky/AP

У выніку 2022 год стаў найлепшым для Расіі па паказчыку дадатнага сальда плацёжнага балансу. То-бок праблемы, якія яны атрымалі, былі не параўнальнымі з тымі кароткатэрміновымі выгодамі, якія яны атрымалі праз рэзкае павелічэнне цэн», — тлумачыць эканаміст.

Трэцім пунктам эксперт называе той факт, што расійскія вытворцы ўдала скарысталіся сыходам з рынку замежных кампаній.

«Праз гэта мясцовыя вытворцы сталі нарошчваць выпуск у тых галінах, дзе раней панаваў імпарт», — кажа Крук.

Чацвёрты пункт — той факт, што вайна нясе не толькі выдаткі, але і генеруе эканамічную актыўнасць, як бы цынічна гэта ні гучала. Уплыў гэтага фактару назіраецца менавіта цяпер.

«Ваенная вытворчасць і бюджэтныя сродкі, якія там выкарыстоўваюцца, ствараюць дадатковы попыт у эканоміцы.

У Расіі вайна стала механізмам, які адкрыў шлюз да назапашаных раней зберажэнняў. З гэтага бюджэту фінансуюцца як ваенныя расходы, так і самазабойцы, якія добраахвотна едуць на вайну.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Мінабароны Расіі

Усе гэтыя дадатковыя выдаткі — гэта фактычна ўкід грошай з боку расійскага ўраду за кошт таго, што было назапашана ў папярэднія гады».

Гэты фактар, на думку эксперта, і прывёў эканоміку да хуткага аднаўленчага росту ў 2023-2024 гадах.

Што выратавала эканоміку Беларусі?

Пазбегнуць Беларусі фінансавага крызісу ў гэтыя гады дапамагло тое, што яе фактычна выцягнула Расія, якая змагла сабе гэта дазволіць дзякуючы вышэй пералічаным прычынам.

«Расія свядома пайшла на тое, каб не проста кампенсаваць, а нават перавысіць тыя страты, якія Беларусь панесла ад санкцый.

Да 2022 года існаваў стэрэатып, што беларускі калій амаль немагчыма экспартаваць не праз балтыйскія парты. Гадамі лічылася, што дастаўка праз порт у Санкт-Пецярбургу будзе немэтазгоднай праз высокія выдаткі на лагістыку.

Чакалася, што на само перанакіраванне грузаў праз расійскія парты сыйдзе 1,5-2 гады, але на справе зрабіць гэта атрымалася даволі хутка.

У выпадку з каліем ужо на пачатку 2023 года аб'ёмы паставак пачалі аднаўляцца», — адзначае эксперт.

Яшчэ больш нечаканым Крук называе сітуацыю, якая склалася на рынку нафтапрадуктаў. Па яго словах, у беларускай экспертнай супольнасці заўсёды была ўпэўненасць, што экспартаваць нафтапрадукты праз Расію ці ў Расію — гэта нешта за межамі здаровага сэнсу.

«Ранейшая мадэль прадугледжвала, што мы бярэм танную расійскую нафту, а пасля экспартуем яе на Захад па рынкавым кошце. Але аказалася, што ва ўмовах вайны можна прадаваць гэтыя нафтапрадукты назад у Расію, што да 2022 года ўявіць сабе было немагчыма».

Шкода ад санкцый усё ж была

Тым не менш пэўныя галіны беларускай эканомікі ўсё ж пацярпелі ад санкцый і іншых абмежаванняў з боку Захаду. Найбольш — транспарт і лагістыка.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Напрыканцы 2024 года сектар крыху аднавіўся, але калі мы параўноўваем з даваенным узроўнем, то гэта мінус 15%, а калі браць дакавідныя паказчыкі, то мы маем скарачэнне амаль на 20%», — кажа Крук.

Апроч транспартнага сектара, праз вайну ў 2022-2023 гадах адбыўся моцны спад у будаўніцтве і ІТ.

Астатнія галіны эканомікі, калі і праселі ў пачатку вайны, то не так прыкметна і ўжо на пачатку 2023 года пайшлі ў рост», — кажа эканаміст.

Каму вайна пайшла на карысць?

А вось прамысловасць, наадварот, атрымала штуршок.

«Апрацоўчая прамысловасць у 2022 годзе на нейкі перыяд трошкі прасела, але пачынаючы з чацвёртага квартала 2022 года паказвала амаль бесперапынны рост дзякуючы попыту з Расіі — як ваеннаму, так і цывільнаму.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Калі ў Расіі была вялікая канкурэнцыя, то магчымасцей для росту было няшмат, але праз сыход замежных кампаній канкурэнцыя знізілася, што стварыла вельмі спрыяльныя ўмовы для беларускай прамысловасці», — тлумачыць эканаміст.

Таксама Крук вылучае рознічны гандаль, які пачаў расці, пачынаючы з другога квартала 2023 года, калі даволі хуткімі тэмпамі пачалі расці рэальныя даходы насельніцтва. Гэта прычына дагэтуль застаецца актуальнай.

Як імавернае завяршэнне вайны мусіць паўплываць на эканоміку?

Па базавых прагнозах на цяперашні год, якія рабіліся яшчэ да прыходу да ўлады Трампа, эксперты чакалі, што рост беларускай і расійскай эканомік будзе запавольвацца, а разам з тым будуць зніжацца тэмпы росту рэальных даходаў.

А што ў выпадку, калі вайна хутка завершыцца?

«Калі будзе зняцце санкцый, якое дазволіць Расіі павысіць выручку ад нафты і газу, то гэта, безумоўна, будзе плюсам. Але тут узнікае пытанне, наколькі моцна гэта можа адбыцца, бо многае залежыць ад таго, хто і як будзе гэтыя санкцыі здымаць.

Калі будзе адбывацца супрацьстаянне паміж ЕС і ЗША, то ўплыў Штатаў тут не такі вялікі. У пытаннях, датычных нафты і газу, пазіцыя Германіі будзе больш важнай, чым пазіцыя ЗША.

Праз гэта няма ўпэўненасці ў тым, што зняцце ці паслабленне санкцый адразу палепшыць сітуацыю з экспартам. Таксама няма ўпэўненасці, што ўсе адразу пачнуць вяртаць валютную выручку ў краіну», — кажа Крук.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Каб сітуацыя кардынальна змянілася, спатрэбіцца час.

«Таму той сцэнар, па якім у 2025 годзе будзе адбывацца запавольванне росту ў Расіі і Беларусі, застанецца актуальным нават пры ўмове завяршэння вайны і паслаблення санкцый.

Больш за тое, калі згортваюцца баявыя дзеянні, адбываецца скарачэнне выдаткаў. Перш за ўсё, на ўтрыманне соцень тысяч вайскоўцаў. Таму тая фінансавая падтрымка, якая рухала эканоміку ў папярэднія гады, будзе скарачацца.

Далёка не факт, што прыпыненне баявых дзеянняў прывядзе да хуткага паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў Расіі.

Многае будзе залежаць ад таго, ці ўсе масава павераць у тое, што гэта менавіта спыненне вайны, а не яе прыпыненне, і, па-другое, наколькі хутка Расія будзе згортваць свае ваенныя выдаткі».

Каментары24

  • Ёсік
    02.03.2025
    Усё гэта, як бабцы на лаве ля пад'езда. Усе прагнозы ў 2022 не спраўдзіліся, так і апасьля вайны будзе тое ж самае. А мо дырэктар саўгаса хутка пойдзе за азаронкам-старэйшым у пекла, і трошкі будзе для бізнэсу слабіна, усё будзе па-іншаму. Зразумела, у расеі пуцін шчэ гадоў 30 будзе кіраваць, бо падобных на яго знойдуць і падрыхтуюць. І як там бізнэс будзе надалей працаваць, таксама не вядома. Вы не можаце сказаць, чаму даляр знізіўся на біржы, і колькі ён будзе трымацца ў відэльцы 3,2-3,25.
  • пп
    02.03.2025
    короче облажались вы аналитики и экономисты по полной. санкции оказались только на пользу
  • ***
    02.03.2025
    пп,
    Ну а пару дней назад путин признался,что санкции ОЧЕНЬ (его слово) вредят экономике россии …

Цяпер чытаюць

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам7

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам

Усе навіны →
Усе навіны

У дзіцячай паліклініцы Кобрына растлумачылі, чаму неўролаг працуе толькі дзве гадзіны на дзень9

Расія і Кітай імкнуцца завербаваць служачых, звольненых адміністрацыяй Трампа5

Карпача з буракоў4

УСУ вярнуліся ў цэнтр Тарэцка і стварылі пагрозу атачэння расійскай групоўкі ў горадзе2

«Трамп і Вэнс хацелі прынізіць Зяленскага. Вось чаму яны зладзілі прамую трансляцыю гэтага відовішча»35

Вольга Лойка лічыць вываз усіх беларускіх палітвязняў за мяжу добрым варыянтам24

Святлана Алексіевіч: Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта фашызм35

Нявестка Лукашэнкі анансавала працяг свайго «Марафона адзінства» — праект «Час любіць сваё»14

Стала вядома, у чым абвінавачваюць былога гендырэктара «Беллакта» Аляксея Грытусева4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам7

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць