Культура1010

«Руская скрыпка на Браншчыне — феномен, пра які вы і не ведалі». Беларусаў раззлавала прыўлашчванне іхняй нацыянальнай культуры

У твітары разгарэлася спрэчка наконт культурнай спадчыны паміж рускімі і беларускімі карыстальнікамі. Паспрабавалі разабрацца, чыя ж скрыпка. 

Этнаграфічная рэканструкцыя, якая выклікала шмат пытанняў у беларусаў. Фота: твітар SiberianBaba

Дзяўчына з Расіі пад нікам «Гризольда Шторм Злое Крапивное Кореньице» (@SiberianBaba), якая называе сябе этнамузыколагам, на днях твітнула некалькі здымкаў і відэа, на якіх маладыя людзі ў традыцыйных строях граюць на скрыпцы і танчаць пад яе музыку. 

«Руская скрыпка — феномен, пра які вы магчыма і не ведалі:) Скрыпічныя бранскія найгрышы», — падпісала твіт дзяўчына.

Нехарактэрныя для рускай культуры музычны інструмент і найгрышы, якія паходзяць з этнічна беларускіх тэрыторый, прыцягнулі ўвагу беларусаў. Тое, што беларуская скрыпка выдаецца за рускую, у многіх выклікала непрыемнае здзіўленне. 

«Беларускі дух на Браншчыне захоўваецца, я гляджу».
«Вялікі дзякуй за тое, што пашыраеце Беларушчыну, спадарыня!»
«Вялікі дзякуй, спадарыня, за тое, што захоўвайце ў сэрцах кавалачак нашай Радзімы! Як прыгожа гучыць!»
«Якая прыгажосць! Беларусь захоўваецца ў гэтых мясцінах і дагэтуль».
«Дзякуй за пашырэнне нашай літвінскай спадчыны!» 

Сцэнка пры карчме ў мястэчку Ула Лепельскага павета. Каля 1866 г. Фота: Wikimedia Commons

«Гэта вы яшчэ пра рускую валынку не чулі», — дадаў беларускі паэт Павел Горбач.

Гэтыя трохі іранічныя каментары беларусаў выклікалі неўразуменне ў аўтаркі твіта. Дзяўчына заявіла, што ёй надакучыў палітычны кантэкст ва ўсім, а ў руска-беларускага памежжа проста шмат падобных рысаў паміж сабой, а скрыпка была ўвогуле ва ўсіх славян. 

Гэта сапраўды так, у Расіі скрыпка была, але ёсць вялікі нюанс. Вялікая расійская энцыклапедыя дзеліць музычны фальклор Расіі на некалькі рэгіёнаў, народная скрыпка ёсць у Паўднёвым рэгіёне, які часткова ахоплівае ўкраінскія этнічныя межы, ёсць ва Уральскім рэгіёне, куды перасяляліся людзі з Украіны. А вось на рускім Паволжы ёсць толькі гармонікі і балалайкі, у Цэнтральным рэгіёне — духавыя і барабанкі (простая дошка, па якой білі драўлянымі малаточкамі), а на Поўначы — зусім ніякіх музычных інструментаў, толькі спевы. 

Беларускія народныя інструменты на савецкай марцы. Фота: Фота: Wikimedia Commons

На іх фоне прыкметна вылучаецца Заходні рэгіён, які прымыкае да Беларусі і ахоплівае Бранскую і Смаленскую, а таксама прылеглыя раёна Пскоўскай і іншых абласцей. Тут самы шырокі і разнастайны набор народных інструментаў: не толькі пастухоўскія рогі-трубы, шматствольныя флейты-кугіклы, але і колавая ліра, скрыпка і бубен — стэрэатыпна беларускія інструменты. 

Колавая ліра з вёскі Ніканавічы Быхаўскага павета. Такі характэрны беларускі інструмент цяпер таксама лічаць рускім. Фота: Расійскі этнаграфічны музей

Можна падумаць, што гэтыя інструменты раўнамерна распаўсюджаны па гэтым рэгіёне, але выглядае, што гэта не так. Прынамсі найбольш вядомыя смаленскія скрыпачы, а не якія-небудзь цвярскія і калужскія. Гэта не проста руска-беларускае памежжа, а беларуская этнічная тэрыторыя, якая толькі праз адміністрацыйны супраціў бальшавіцкіх чыноўнікаў не стала часткай БССР у 1920-я гг. 

Калі б не два ўзбуйненні Беларусі, як знаць, можа, і пра культуру Віцебшчыны і Магілёўшчыны сёння расійскія карыстальнікі ў твітары пісалі б, як пра рускае памежжа, у якім толькі адчуваецца беларускі ўплыў…

Беларускія дзіцячыя скрыпкі з Мазырскага і Чэрыкаўскага паветаў. Фота: Расійскі этнаграфічны музей

Але чаму скрыпка, колавая ліра і іншыя інструменты настолькі характэрныя для беларусаў, але выглядаюць дзівам для рускіх? Адказ досыць просты — таму што беларускія этнічныя межы ідэальна супадаюць з межамі Вялікага Княства Літоўскага сярэдзіны XVI ст., дзе былі зусім іншыя парадкі, чым па той бок мяжы, у Маскоўскім княстве.

Сучасная, так званая барочная скрыпка, з’явілася ў паўночнай Італіі ў пачатку XVI ст., але яе папярэднікі вядомыя на працягу многіх стагоддзяў. Паходжанне скрыпкі невядома, адныя навукоўцы лічаць, што яна трапіла ў Еўропу з Візантыйскай імперыі і ісламскіх краін, іншыя — што наадварот яна ўзнікла ў Паўночнай ці Заходняй Еўропе.

Нават ёсць версія, што вытокі скрыпкі трэба шукаць на тэрыторыі Польшчы. Тут сапраўды было зроблена некалькі цікавых археалагічных адкрыццяў: у Аполе знайшлі скрыпку XI ст., у Гданьску — пяціструнны інструмент XII ст., а ў Плоцку — шасціструнны інструмент XV ст. Польскія даследчыкі лічаць, што праз Бону Сфорца, якая ў 1518 годзе стала польскай каралевай, узмацніліся сувязі з Італіяй, і там народная польская скрыпка набыла форму ліры да брача.

Для нас каштоўна тое, што скрыпка даўно вядомая ў нашым рэгіёне.

На Беларусі (паводле даследаванняў B. Грыгор’ева) ужо ў XIV ст. былі пашыраны 3-струнныя смычковыя інструменты пад назвай «скрыпіца», «скрыпель», настроеныя па квінтах, з многімі прыкметамі скрыпкі. Энцыклапедычныя выданні сцвярджаюць, што першыя ўпамінанні скрыпкі ў беларускіх пісьмовых помніках — найбольш раннія ў Еўропе, але да такіх сцвярджэнняў варта ставіцца з недаверам. 

Скрыпка сярэдзіны XIX стагоддзя з вёскі Сілівонаўка Рагачоўскага павета. Фота: Расійскі этнаграфічны музей

Блізкасць беларусаў да агульнаеўрапейскіх народных традыцый у Сярэднявеччы праяўлялася ў дзейнасці скамарохаў — вандроўных акцёраў-прафесіяналаў, творчасць якіх уяўляла сабой сінтэз мастацтваў. Яны былі музыкамі, якія гралі на гуслях, дудзе, бубне, жалейцы, пасля — на скрыпцы і цымбалах, спявалі, паказвалі акрабатычныя трукі, ілюзіі, дрэсіраваных звяроў, выступаючы на гарадскіх плошчах, у вёсках, замках і іншых месцах.

Скамарохі былі і ў Маскоўскай дзяржаве, але тут адбылася падзея, якая мабыць і вызначыла, беднасць народных інструментаў у рускіх. 

Руская царква распачала кампанію супраць скамарохаў, вінавацячы іх у разбоях. У сачыненнях сакратара аднаго з пасольстваў, якое пабывала некалькі разоў у Маскве ў 1630-я гады, сустракаецца сведчанне пра хвалю ператрусаў у горадзе: у гараджан шукалі «кабацкія, д’ябальскія, гудзебныя сасуды», то бок інструменты скамарохаў.

Спачатку патрыярх забараніў скамарохаў, калі іх лавілі на вуліцы, то інструменты разбівалі і знішчалі, а пасля ўвогуле забараніў любую інструментальную музыку, загадаўшы адабраць усе музычныя інструменты, якія былі на 5 вазах вывезены за горад і спалены. 

У 1648 і 1657 гадах патрыярх Нікан дамогся царскіх указаў пра поўную забарону скамарохаў. І самім скамарохам, і тым, хто іх слухаў, пагражала біццё палкамі-батогамі. На гэтым музыка ў Маскоўскай дзяржаве скончылася.

Смаленскае ваяводства ў XVII ст. Два паветы, Смаленскі на поўначы і Старадубскі на поўдні, былі геаграфічна не звязаныя паміж сабой. Фота: Wikimedia Commons

У XVI-XVII стагоддзях Смаленскае ваяводства пастаянна пераходзіла то ў склад ВКЛ, то ў склад Маскоўскай дзяржавы. У складзе ВКЛ Смаленскае ваяводства перажыло Рэфармацыю, Контррэфармацыю і царкоўную ўнію.

Усё гэта зачапіла Смаленшчыну найменш з усіх рэгіёнаў, але і забарона музыкі і музычных інструментаў з боку расійскага патрыярха мела тут слабы ўплыў. 

Наадварот, спароджанае Контррэфармацыяй барока прынесла не толькі складаную і яркую архітэктуру, але і такую ж музыку і тэатр. Як мы ўжо ведаем, і сучасным выглядам скрыпка абавязаная гэтаму стылю. Гэта ўсё хутка пранікала на беларускія землі, калі готыка сюды дабралася запознена, то барочная культура прыйшла ў адзін момант з астатняй Еўропай.

Выявы музычных інструментаў унутры барочнага касцёла ў Германавічах. Фота: Wikimedia Commons

Толькі ў 1667 годзе Смаленскае ваяводства было канчаткова далучана да Маскоўскай дзяржавы. Але спецыфічны палітычны ўклад Смаленшчыны захоўваўся аж да Пятра I, а гэта натуральна, адбівалася і на культуры рэгіёна. 

Варта адзначыць, што Смаленскае ваяводства мела спецыфічную форму — яно складалася з двух паветаў, не звязаных паміж сабой геаграфічна — уласна Смаленскага і Старадубскага. Апошні сёння адпавядае той частцы Бранскай вобласці, якая заціснутая паміж Беларуссю і Украінай, гістарычна гэтая тэрыторыя таксама вядомая як Севершчына. Менавіта яна, яе мова і музыка будуць нас цікавіць далей.

Дзяўчына ў твітары ўрэшце пачала апраўдвацца, што скрыпка сапраўды шмат дзе бытавала, а яна ўвогуле хацела проста паказаць бранскія найгрышы. З яе слоў яны рэканструявалі музыку з рускамоўнага сяла на Браншчыне. 

Але, як выявілася, найгрышы паходзяць з вёскі Верашчакі за 3 км ад беларускай дзяржаўнай мяжы. У гэтай вёсцы былога Старадубскага павета беларускі мовазнавец Павел Растаргуеў, які сам паходзіў са Старадуба, зафіксаваў нямала прыкладаў жывой беларускай гаворкі:

ПАЦЫРКАТЬ подоить: Мам! Ти ужо вы пацыркали карову?
ХАВАЦЦА прятаться: Скарэй бегите, хавайте усё ад его
ПОУДЕНЬ полдень: У поўдень ён прыде
СИВЕНЬКИ седенький: Ен сусим ужо сивеньки
АДУСЮДУ и АДУСЮЛЬ отовсюду, со всех сторон: Да ти ета ж детачки! Адусюду лезуть, ничога не баяцца

Характэрна, што ў працах 1920-х гг. Растургуеў прама піша, што яго родная гаворка належыць да беларускай. Адна з яго прац, выдадзеная ў 1927 годзе, так і называецца — «Северска-беларуская гаворка. Даследаванне ў галіне дыялекталогіі і гісторыі беларускіх гаворак».

Але пасляваенныя працы, выдадзеныя пасля смерці навукоўца, пазбягаюць любой згадкі пра беларусаў у назве, як «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» 1970 года, з якога мы бралі прыклады вышэй.

Якому ж неназванаму народу належаць гэтыя гаворкі?

Рускія карыстальнікі твітара засумняваліся, што беларускаму. Каб даказаць гэта, нават адшукалі відэазапіс з этнаграфічнай экспедыцыі ў Верашчакі, у якім на сваёй мове гаворыць старажылка вёскі Ніна Мікалаеўна Кавалёва. На думку рускіх, гэта не зусім беларуская мова фанетычна і лексічна, але жанчына ў відэа гаворыць на звычайнай беларускай мове, блізкай да той, на якой гавораць у цэнтральнай Беларусі. 

Карта рускіх гаворак. Падвойная лінія пазначае мяжу гаворак першаснага фарміравання, па-за якой застаецца большая частка Старадубшчына. Фіялетавым колерам (лічба 7) пазначаная «заходняя група рускіх гаворак», але цяжка не заўважыць тое, што яна супадае з усходняй і паўночнай межамі беларускай этнічнай тэрыторыі. Фота: Wikimedia Commons

Як заўважылі беларусы ў твітары, нават у расійскім мовазнаўстве гэты рэгіён не лічыцца спрадвеку рускамоўным. Паводле карты гаворак рускай мовы першаснага фарміравання, мяжа рускай (расейскай) мовы праходзіць на ўсход ад Старадуба. Гэта значыць, што руская мова на тэрыторыі былога Старадубскага павета пашырылася прыкладна гэтак жа, як яна пашырылася пад Санкт-Пецярбургам, на Каўказе і за Уралам — праз асіміляцыю носьбітаў мясцовых моў.

Спрадвечная мова гэтага рэгіёна — мова літвінаў, «літоўская мова». Не, гэта не мастацкае перабольшванне. З XVII ст. захаваліся сведчанні, што менавіта так, літвінамі, называлі насельнікаў былога Старадубскага павета. Гэты этнонім яшчэ адно сведчанне магутнага ўплыву, які аказала ВКЛ на жыхароў былога Смаленскага ваяводства.

У дакументах Чарнігаўскай кансісторыі і Гетманшчыны сярэдзіны XVIII стагоддзя зазначалася пра жыхароў беларускай часткі Севершчыны, што тыя «гавораць па-літоўску». Як фіксавалі ўкраінскія этнографы XIX стагоддзя, украінцы называлі ўсіх, хто на поўнач ад Дзясны гаварыў па-беларуску, літвінамі, а іхнюю мову проста літоўскай. І нават тую частку Чарнігаўскай губерні, дзе жылі беларусы, называлі Літвой. 

У 1882 годзе расійскі этнограф Сяргей Максімаў зазначаў: «паўночны кут Чарнігаўскай губерні (паветы Мглінскі і Суражскі) населены беларусамі чыстага бяспрыкладнага тыпу, якія, аднак, з афіцыйным этнонімам «беларусы» не знаёмыя, а называюцца «літвінамі»». Менавіта да Суражскага павета да 1921 года належалі Верашчакі.

Афіцыйная карта Беларускай ССР, выдадзеная ў 1924 годзе пасля першага ўзбуйнення рэспублікі. На карце пазначаны новыя межы БССР і тэрыторыі ў складзе РСФСР, дзе паводле перапісу 1897 года беларусы складалі большасць. Фота: Wikimedia Commons

Паводле Усерасійскага перапісу 1897 года доля беларусаў у Суражскім павеце складала 69,41 % насельніцтва. Гэтая тэрыторыя ўвайшла ў межы абвешчанай БНР, а пасля Савецкай Беларусі, але была забраная Масквой і не вярнулася ў склад Беларусі ані ў час першага ўзбуйнення, ані ў час другога.

На беларускіх этнічных тэрыторыях, якія адышлі Расіі, была звернута беларусізацыя, а насельніцтва было русіфікавана. За савецкім часам беларускай навуцы было забаронена нават паглядаць за адміністрацыйныя межы рэспублікі. Гэта выразна бачна па карце беларускіх гаворак, якія абрываюцца на мяжы савецкіх рэспублік, быццам ніводны чалавек ніколі не размаўляў па-беларуску на Смаленшчыне і Старадубшчыне, і па карце этнаграфічных рэгіёнаў, для якой быццам не існуе Віленшчыны, падзеленай мяжой на дзве часткі.

Але мы маем поўнае права настойваць на сваім: гэта не «руская скрыпка» і не «бранскія найгрышы», гэта — беларуская скрыпка і беларускія найгрышы, музычная спадчына літвінаў Севершчыны, наша спадчына.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары10

  • Дзякую!
    28.02.2025
    Вельмі цікава было прачытаць
  • Ноўнэйм
    28.02.2025
    Вельмі добры і змястоўны артыкул. Дзякуй за працу!
  • Валенты
    28.02.2025
    Крадуць. Усё, ва ўсіх, заўсёды.

Цяпер чытаюць

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў2

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

«Цяпер такія кнігі чытаеш з пэўным здзіўленнем». Беларускі аўтафікшн у скандынаўскіх дэкарацыях1

«Для нас 8 сакавіка пачынаецца яшчэ летам». Гродзенцы проста ў сваёй хаце вырасцілі 15 тысяч цюльпанаў8

Тэмпы прасоўвання Расіі ва Украіне трэці месяц падаюць2

«Лукашэнка прапанаваў Трампу набыць рэдказямельныя клубні». Найлепшыя твіты тыдня6

«Еўропа і свет іншыя, Пуцін зусім не Гітлер». Гісторык Церашковіч дае расклад і параўноўвае сітуацыю з 1930-мі4

У Бабруйску нечакана для ўсіх падскочылі цэны на маршруткі

Рутэ параіў Зяленскаму знайсці спосаб аднавіць адносіны з Трампам38

У Расіі група вайскоўцаў адмаўляецца ваяваць ва Украіне. Іх адпраўляюць на фронт сілком11

Расіяне праводзяць антываенны марш у цэнтры Берліна з расійскімі трыкалорамі ФОТА16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў2

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць