Прычынай энергетычнага калапсу ў Мазыры стаў беспілотнік, які заляцеў у Беларусь
Як стала вядома «Флагштоку», адключэнне цеплазабеспячэння ў Мазыры 27—28 лютага было звязана з падзеннем беспілотніка. Пра інцыдэнт паведаміў жыхар раёна, знаёмы з абставінамі здарэння.

Уначы 27 лютага праз падзенне дрона была пашкоджана адна з высакавольтных ліній мясцовай ЦЭЦ (знаходзіцца на поўдні Мазыра каля МНПЗ). З-за аўтаматычнай сістэмы абароны, якая некарэктна спрацавала, аварыйна адключыліся і суседнія высакавольтныя лініі, цалкам абясточыўшы ЦЭЦ.
Пасля некалькіх спроб, станцыя была перазапушчана, аднак узнікла новая бяда — пуск цепланосьбіта прывёў да гідраўдару ў сістэме трубаправодаў. У выніку ў некалькіх месцах быў пашкоджаны магістральны трубаправод дыяметрам 700 міліметраў.
Забеспячэнне статысячнага Мазыра гарачай вадой у неабходным аб'ёме стала немагчымым.

Па афіцыйных паведамленнях, для ліквідацыі аварыі запатрабавалася праца аварыйных брыгад колькасцю 20 чалавек. Для іх каардынацыі быў створаны штаб, работы кантралявалі Мінэнерга і чыноўнікі Гомельскага аблвыканкама. Зварачныя работы былі завершаны толькі да 01:10 28 лютага, да раніцы ў спажыўцоў стала аднаўляцца тэмпература батарэй.
Пралёт беспілотніка ў Мазырскім раёне зафіксаваў украінскі маніторынгавы канал «Рында Маніторыт»: спецыяліст канала паведаміў «Флагштоку» аб з'яўленні БпЛА ў паветранай прасторы Беларусі недалёка ад Мазыра 27 лютага ў 04:01
У гэты час Украіна (у тым ліку і паўночныя вобласці: Чарнігаўская, Кіеўская, Жытомірская, Вінніцкая) знаходзілася пад масіраваным нападам расійскіх беспілотнікаў. У суседняй Жытомірскай вобласці Украіны пагроза атакі БПЛА захоўвалася з 01:45 да 04:52 па мінскім часе.
Гэты інцыдэнт стаў першым верыфікаваным выпадкам, калі з-за БПЛА быў нанесены ўрон энергетычнай сістэме Беларусі.
Дзеючыя ўлады палічылі за лепшае схаваць інфармацыю аб прычынах маштабнай аварыі.
Характэрна, што ў тую ж ноч 27 лютага невядомы беспілотнік упаў на пабудову ў Гомельскім раёне.
Каментары
А ўпасці можа. Бо беспілотнік падае заўсёды раптоўна і невядома дзе.
Гэта не падначаленых за лайкі і каментары ў інтэрнэце губазіку здаваць. Тут ніяк не пракантралюеш.