«Мы не можам пагадзіцца на такія слабыя пагадненні, як мінскія, якія Расія можа з лёгкасцю парушыць», — сказаў брытанскі прэм'ер.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер на прэс-канферэнцыі па выніках саміту еўрапейскіх лідараў па Украіне ў Лондане заявіў, што Вялікабрытанія выдзеліць Украіне 1,6 мільярда фунтаў (1,94 мільярда еўра) для пакупкі больш за пяць тысяч ракет СПА. Яны будуць выраблены ў Белфасце (Паўночная Ірландыя), перадае The Guardian.
«Гэта будзе мець жыццёва важнае значэнне для абароны крытычна важнай інфраструктуры цяпер і ўмацуе Украіну ў забеспячэнні міру, калі ён наступіць, таму што мы павінны вучыцца на памылках мінулага. Мы не можам пагадзіцца на такія слабыя пагадненні, як мінскія, якія Расія можа з лёгкасцю парушыць», — сказаў ён.
Стармер адзначыў, што ва Украіну гатовы адправіць міратворцаў і самалёты, каб абараніць выкананне мірнага пагаднення
Яго спыталі, ці можа ён выключыць канфлікт паміж Вялікабрытаніяй і Расіяй.
«Я не хачу канфлікту ва Украіне, у Еўропе і, вядома, у Злучаным Каралеўстве. Я хачу стабільнасці ў Злучаным Каралеўстве.
Каб забяспечыць гэтую стабільнасць, трэба быць упэўненымі, што мы зможам абараніць пагадненне ва Украіне, таму што наша гісторыя вучыць нас таму, што калі ў Еўропе ўзнікне канфлікт, ён прыйдзе і да нашых берагоў», — адказаў брытанскі прэм'ер.
Ён не пагадзіўся, што ЗША зараз «ненадзейны саюзнік». «Яны былі надзейным саюзнікам на працягу многіх дзесяцігоддзяў і працягваюць ім заставацца».
Адказваючы на пытанне пра рэакцыю ЗША на тое, што ён прапануе, Стармер намякнуў, што ён абмяркоўваў гэта з Трампам падчас іх учорашняй тэлефоннай размовы.
Стармер адзначыў, што на саміце ў Лондане ўзгаднілі чатыры важныя крокі:
- Працягваць аказваць Украіне ваенную дапамогу, пакуль ідзе вайна, і ўзмацніць эканамічны ціск на Расію.
- Любы трывалы мір павінен забяспечыць суверэнітэт і бяспеку Украіны, і Украіна павінна быць за сталом перамоў.
- У выпадку заключэння мірнага пагаднення еўрапейскія лідары будуць імкнуцца прадухіліць любое ўварванне Расіі ва Украіну ў будучыні.
- Будзе створана «кааліцыя ахвотных» для абароны Украіны і забеспячэння міру ў краіне.
Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што цяпер вельмі важна павялічыць выдаткі на абарону.
«Важна падрыхтавацца да горшага».
-
Камандуючы Сухапутных войскаў УСУ пацвердзіў расійскі ўдар па палігоне ў тыле
-
Еўрапейцы прапанавалі свой план перамір'я, хочуць, каб ЗША да яго далучыліся. Але гатовыя «рыхтавацца да горшага»
-
«Вазьміце шапкі-га*донкі, пажадана цёмнага колеру! Тэрмабялізну з сабою!» Вось што знайшлі ў тэлефоне збітага расійскага лётчыка
Каментары