У дзіцячай паліклініцы Кобрына растлумачылі, чаму неўролаг працуе толькі дзве гадзіны на дзень
Пасля хвалі абмеркавання ў інтэрнэце дзіўнага працоўнага графіка неўролага, кіраўніцтва кобрынскай дзіцячай паліклінікі пракаментавала сітуацыю.

Трапіць да неўролага ў дзіцячай паліклініцы ў Кобрыне сапраўдны квэст. Доктарка Ганна Радзевіч вядзе прыём у панядзелак, сераду, чацвер з 8:00 да 9:55, а ў аўторак з 9:00 да 12:51.
Адна з абураных жыхарак горада зняла відэа і выклала яго ў тыкток. Усяго за пяць дзён відэа набрала 1,4 мільёна праглядаў.
На сітуацыю адрэагавала кіраўніцтва той самай паліклінікі. У тыктоку з’явіўся адказ Людмілы Кулік, загадчыцы філіяла «Дзіцячая паліклініка» Кобрынскай цэнтральнай раённай бальніцы.
— Аўтарка відэа не перадае тую працу, якую выконвае дадзены спецыяліст. Доктарка-неўролаг працуе ў нас з 2017 года, яна зарэкамендавала сябе як добрасумленны, адказны супрацоўнік. Гэта было адзначана адміністрацыяй. Гэта адзначаюць і каментатары пад відэа.
Людміла Кулік кажа, што летась у студзені доктарку Ганну Радзевіч павысілі, яна стала намесніцай загадчыцы. Але, каб не сыходзіць са сваёй прафесіі, неўролаг вырашыла застацца працаваць на чвэрць стаўкі.
Адшукаць новага неўролага спрабавалі, але без асаблівага поспеху.
— За гэты перыяд новых дактароў, маладых спецыялістаў да нас не размяркоўвалі. Хацелася б растлумачыць, што пры размеркаванні маладога спецыяліста ён да нас адразу не прыходзіць. Мы можам яго ўбачыць у лепшым выпадку праз год пасля праходжання інтэрнатуры на абласным узроўні.
Скончыць зварот Людміла Кулік спрабуе на пазітыве і кажа, што ў яе «ёсць на прыкмеце» кандыдат, які, імаверна, прыйдзе працаваць у паліклініку сёлета ў маі.
— Хацелася б нагадаць бацькам, што праходжанне медагляду з'яўляецца планавым мерапрыемствам і павінна планавацца, гэта значыць праводзіцца па папярэднім запісе, — скончыла свой зварот Кулік.
Пад відэа з’явілася шмат аднатыпных каментароў, дзе абвінавачваюць саміх беларусаў у тым, што яны незадаволены бясплатнай медыцынай — быццам бы праз гэта медыкі і сыходзяць з прафесіі. А загадчыцы кажуць, што «не трэба апраўдвацца». Тым жа, хто пытае, як усё ж звычайным людзям трапіць на прыём да спецыяліста з такім графікам, раяць самім вывучыцца на дактароў і працаваць у паліклініцы.
Каментары