«Каб дзеці не выглядалі, як маленькія чыноўнікі». Дызайнерка падказвае, як выбраць школьную форму з каталога «Беллегпрама»
Разам з дызайнеркай пашукалі ў каталогу «Беллегпрама» добрыя мадэлі школьнай формы. А таксама разбіраліся, як зрабіць так, каб дзеці не выглядалі, як маленькія беларускія чыноўнікі.

Дызайнерка раіць дазволіць дзецям заставацца дзецьмі, нягледзячы на сумныя колеры формы.
— Першае, на што трэба звярнуць увагу, — гэта камфорт. Я часта чую, як бацькі злуюцца: «Не круціся! Стой роўна! Пастой хаця б хвілінку спакойна!» Але ж дзіця — гэта не вешалка для адзення. Лепш наадварот папрасіць праявіць максімальную актыўнасць — памахаць рукамі і нагамі, прысесці, калі магчыма — падскочыць і прабегчы. Толькі так вы зразумееце, наколькі гэта зручнае адзенне.
Дызайнерка раіць дарослым згадваць і пра свой досвед. Бо, калі маці ненавідзіць спадніцы-алоўкі, насіць якія сапраўды складана, дзіўна чакаць, што першакласніца будзе ў захапленні ад такой.

— Я б адразу раіла пазбягаць мадэлей сарафанаў, дзе ёсць алюзія на школьныя фартухі. Шлейкі, якія нідзе не зафіксаваныя, будуць увесь час спадаць з плячэй і перакручвацца. Таму атрымаецца, што ваша дзяўчынка ці то будзе выглядаць неахайна, ці то будзе вымушана пастаянна папраўляць шлейкі, а гэта раздражняе.

Наступнае, на што дызайнерка раіць звярнуць увагу, — тактыльныя адчуванні ад тканіны. Гарнітурная тканіна можа быць вельмі рознай — і даволі грубай, і прыемнай. Паспрабуйце сціснуць тканіну, правесці ёй па сваёй скуры. І, канешне, спытаецеся ў дзіцяці, ці падабаецца яму сама тканіна па адчуваннях.
— У цёплы час дзіця будзе ў штанах ці спадніцы без калготак. І вось уявіце, што 4-5-6 урокаў трэба сядзець на тканіне, якая дастаўляе дыскамфорт. Гэтыя непрыемныя адчуванні будуць адцягваць ад вучобы. І будзе хлопчык ці дзяўчынка думаць не пра матэматыку, а пра тое, каб хутчэй прыйсці дадому і зняць гэты жах.
Важная ўласцівасць тканіны — здольнасць «дыхаць». Таму лепш выбіраць натуральныя тканіны ці саставы прыроднага паходжання.
— Не трэба баяцца сумесевых саставаў. Кашуля, дзе 95% бавоўны і 5% спандэксу, будзе насіцца лепш, чым проста баваўняная — эластан дадасць эластычнасць. Віскоза — гэта штучнае валакно натуральнага паходжання. Свабодная спадніца з віскозы можа быць цалкам сабе нядрэнная, а вось блузку, якая бліжэй да цела, лепш узяць з бавоўны.

Дызайнерка адзначае: у беларускай вытворчасці звычайна выкарыстоўваюць неблагія тканіны і якасць пашыву таксама радуе. І калі параўноўваць з масмаркетам узроўню Zara ці H&M, то якасць беларускага адзення часцей за ўсё выйграе.
Экспертка нагадвае: найлепшае адзенне — гэта тое, на якое ты не звяртаеш увагі і якое амаль не адчуваеш на целе. Менавіта таму сярод дарослых цяпер так папулярна вопратка оверсайз.
— Калі мы гаворым пра спадніцы ці штаны, я раю браць максімальна свабодныя і пажадана не з жорстка зафіксаваным поясам, а з гумкай. Такія мадэлі прасцей пасадзіць на любую фігуру. Тым больш, што дзеці перыядычна растуць і ў вышыню, і ў шырыню. А спрагназаваць гэта складана.

Ад складаных упрыгожанняў на блузках для дзяўчынак дызайнерка раіць адмовіцца.
— Калі вам і вашаму дзіцяці падабаецца, дык купляйце. Але памятайце пра тое, што такія элементы таксама могуць перакручвацца, захрасаць — і ўсё гэта будзе выглядаць неахайна.
Сярод варыянтаў, якія экспертка раіць для дзяўчынак, — прамыя сарафаны, пад якія можна купіць некалькі простых блузак ці гольфаў.

— Блузкі і кашулі я таксама раю браць класічныя і менш прыталеныя, без незразумелых фінціфлюшак. Для хлопцаў, калі школа дазваляе выбіраць паміж пінжаком і джэмперам ці кардыганам, я раю ўсё ж браць не пінжак (тым больш, калі ён прыталены). Нешта трыкатажнае будзе больш камфортна для дзіцяці, чым пінжак, які скоўвае рухі.
Для дзяўчынкі сукенка з прамым сілуэтам таксама нядрэнны варыянт. І такі выбар палягчае падбор адзення з раніцы. Аднак спадніцы і сарафаны даюць больш варыянтаў мяняць вобразы.

Калі ў школе не вельмі строгія патрабаванні да знешняга выгляду, дызайнерка раіць дапоўніць сіне-шэра-чорную форму аксесуарамі — прыклады для натхнення можна паглядзець у каталогах заходніх брэндаў.
— Фенечкі, акцэнтныя паясы, яркія банты могуць зрабіць вобраз больш дзіцячым. Таксама можна паспрабаваць перашыць гузікі на нейкія больш цікавыя. Або, напрыклад, зрабіць аплікацыю на адзенні.

Са спартыўнай формай, якую прапаноўвае «Беллегпрам», сітуацыя больш пазітыўная.
— Шчыра кажучы, я была б рада, калі б у якасці школьнай формы выбралі б нейкія такія касцюмы. З мінусаў, якія я бачу сярод прапанаванага спартыўнага адзення, — мадэль са 100% паліэстру для падлетка. Набыць такую можна толькі ў тым выпадку, калі вы біялагічную зброю распрацоўваеце. Бо ў падлеткаў і так актыўнае потавыдзяленне, а яму яшчэ прапануюць сінтэтычныя шорты і майку для заняткаў спортам.
Каментары