Пастаўкі ідуць праз кампаніі-пасярэднікі з Казахстану, Кыргызстану, Турцыі і Кітая.

«Санкцыёнка — не праблема». Гэта словы прадстаўніка адной з кампаніяў-пракладак, праз якія ў Беларусь ідуць забароненыя камплектуючыя для заводу «Інтэграл». Прадукцыю гэтага прадпрыемства выкарыстоўвае расейская вайсковая прамысловасць для стварэння ракетаў і высокадакладнага ўзбраення.
БРЦ разабраўся, чаму яно ўсё яшчэ «вырабляецца, лётае, забівае».
Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы міжнароднага Цэнтру па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP.
Заходнія санкцыі павінныя былі спыніць доступ Расеі да тэхналогіяў і матэрыялаў, неабходных для вытворчасці ракетаў і высокадакладнага ўзбраення. У лістападзе 2022 года міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў паведаміў, што ў Крамля засталося 119 ракетаў «Искандер» з 900, якія былі ў наяўнасці на пачатак поўнамаштабнай вайны. Колькасць іншых высокадакладных ракетаў таксама зменшылася.
Праз два гады, у снежні 2024-га, прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў заявіў, што колькасць ракетаў, выраб якіх «крытычна залежыць ад замежных кампанентаў», у Расеі павялічылася. Нягледзячы на рэгулярныя абстрэлы. Паводле яго, Расея штомесяц вырабляе да 50 новых комплексаў «Искандер», а таксама нарошчвае запасы іншых тыпаў ракетаў.
Як паказала расследаванне БРЦ, Беларусь мае да гэтага непасрэднае дачыненне.
Чаму ракеты не заканчваюцца?
У кастрычніку 2022 года Аляксандр Лукашэнка, выступаючы пасля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, пацвердзіў вострую патрэбу РФ у мікрасхемах:
«На апошніх перамовах прэзідэнт Расеі заявіў: мы гатовыя плаціць любыя грошы за прадукт мікраэлектронікі».
Праз год украінскі адмысловец у галіне электронікі і ўзбраенняў Сяргей Бяскрэснаў з пазыўным «Флэш» апублікаваў у сваім тэлеграм-канале фотаздымкі бартавога вылічальнага модуля «Заря-61М», які выкарыстоўваецца ў расейскіх ракетах. Гэта прылада, якая выконвае функцыі кіравання, складаецца з чатырох асноўных платаў.
«Так, усё маральна састарэлае. Так, вялікае. Але, на жаль, цалкам з камплектуючых РФ. Вырабляецца, лётае, забівае», — напісаў ён.
БРЦ вывучыў апублікаваныя Бяскрэснавым фотаздымкі платаў і высветліў, што не ўся электроніка ў прыладзе расейскай вытворчасці. На шэрагу мікрасхемаў бачны лагатып у форме маланкі ці расейскай літары «і». Гэта таварны знак беларускага дзяржаўнага прадпрыемства «Інтэграл» (поўная назва ААТ «Інтэграл» — кіруючая кампанія холдынгу «Інтэграл»).
Выкарыстанне мікрасхемаў «Інтэграла» ў расейскім узбраенні таксама пацвярджаюць матэрыялы ўкраінскага эксперта, вайскоўца Узброеных сілаў Украіны, які пажадаў застацца ананімным. У відэаблогу на YouTube ён дэманструе гэтыя кампаненты ў ракетах Р-37, Х-59М2А, С-300, Х-101 і «Искандер». У каментары для БРЦ ён удакладніў, што ў двух апошніх палова мікрасхемаў зробленая на «Інтэграле». Частка з іх, як бачна на фотаздымках, была выпушчаная ў 2023 годзе.

Выкарыстанне зробленых на «Інтэграле» камплектуючых у расейскіх ракетных комплексах таксама пацвердзілі БРЦ у Службе бяспекі Украіны. «Падчас вывучэння абломкаў расейскай ракеты са складу ракетнага комплексу «Калибр» следчымі Службы бяспекі было ўстаноўлена, што ў яе складзе выкарыстоўваюцца мікрасхемы, вырабленыя на магутнасцях запытанага вамі прадпрыемства», — адзначылі ва ўкраінскім ведамстве.

То бок Расея можа працягваць ракетныя абстрэлы Украіны ў тым ліку дзякуючы пастаўкам з Беларусі. Агулам, па наяўных у распараджэнні БРЦ мытных дадзеных, з сакавіка 2022 па чэрвень 2024 года «Інтэграл» паставіў у Расею больш за 6 млн мікрасхемаў на больш як $130 млн. Дзеля параўнання: агульны аб'ём паставак беларускіх мікрасхемаў у РФ за гэты час склаў крыху больш за $165 млн. Гэта значыць, што «Інтэграл» забяспечыў 80% ад іх.
З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне даходы «Інтэграла» моцна выраслі. У 2023 годзе чысты прыбытак прадпрыемства павялічыўся больш чым у 11 разоў у параўнанні з 2022 годам — амаль да 150 млн беларускіх рублёў (каля $50 млн). Гэта ў 40 разоў больш, чым прыбытак «Інтэграла» ў 2021-м. Дадзеных за 2024 год у адкрытым доступе на момант публікацыі няма.
Кліенты з расейскага ВПК
БРЦ прааналізаваў пастаўкі «Інтэграла» з сакавіка 2022 да ліпеня 2024 года. Найбуйнейшым расейскім пакупніком яго мікрасхемаў за гэты перыяд з'яўляецца смаленская кампанія АТ «Интеграл-Запад». Яна набыла прадукцыі на $31,3 млн. Хоць прадпрыемства не мае непасрэднай сувязі з беларускім «Інтэгралам», яно належыць грамадзяніну Беларусі. Да ліпеня 2022 года на сайце кампаніі паведамлялася аб яе супрацы з Міністэрствам абароны Расеі. На момант публікацыі нашага расследавання сайт знаходзіцца на рэканструкцыі.
Другая па аб'ёме закупак — расейская кампанія АТ «Спец-Электронкомплект», якая набыла ў «Інтэграла» мікрасхемаў на $30 млн. На яе сайце адсутнічае інфармацыя аб сувязях з абароннай прамысловасцю. Аднак партнёр кампаніі, буйны расейскі вытворца мікрасхемаў АТ «Ангстрем», на сваім сайце пазначае, што «Спец-Электронкомплект» у 1998 годзе атрымаў атэстацыю Міністэрства абароны РФ і сертыфікат №1 «Другога Пастаўшчыка» (афіцыйнае прызнанне надзейным пастаўшчыком ВПК).
Яшчэ адным буйным пакупніком з'яўляецца даччыная кампанія беларускага «Інтэграла» ў Санкт-Пецярбурзе — БП АТ «Интеграл СПб». Яна закупіла мікрасхемаў на $16,8 млн. Генеральны дырэктар кампаніі Уладзімір Лазоўскі адкрыта заяўляў, што вайскова-прамысловы комплекс Расеі зʼяўляецца адным з яе ключавых кліентаў. У 2021 годзе прадпрыемства атрымала сертыфікат адпаведнасці ад сістэмы «Оборонсертифика», а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны трапіла пад санкцыі Еўразвязу.
Акрамя пералічаных вышэй, «Інтэграл» пастаўляў прадукцыю расейскім кампаніям АТ «ЭКБ Инновационные технологии», якая закупіла мікрасхемаў на $16,7 млн, ТАА «Дон», якая набыла прадукцыі на $9,5 млн, і АТ «Радиант-ЭК», якая закупіла мікрасхемаў на $5,3 млн. Гэтыя кампаніі таксама звязаныя з расейскай абароннай прамысловасцю.
Заходняе абсталяванне
Як бачна з сюжэтаў беларускіх і расейскіх дзяржаўных тэлеканалаў 2024 года, на «Інтэграле» выкарыстоўваюць заходняе абсталяванне. На кадрах паказаныя, напрыклад, нямецкія мікраскопы Axiotron Carl Zeiss AG для кантролю якасці мікрасхемаў, швейцарскія клапаны VAT Vakuumventile AG і брытанскія вакуумныя сістэмы Edwards, неабходныя для падтрымання стэрыльнасці ў вытворчых працэсах.
Таксама можна пабачыць японскія рэжучыя ўстаноўкі DISCO Corporation, якія забяспечваюць падзел паўправадніковых пласцінаў з дакладнасцю да мікрону, і абсталяванне HORIBA для аналізу матэрыялаў. Апроч гэтага паказаныя амерыканскія сістэмы тэставання Cascade Microtech (FormFactor), якія дазваляюць правяраць працаздольнасць мікрасхемаў да іх зборкі.
Пра тое, што «Інтэграл» вырабляе прадукцыю з выкарыстаннем заходняга абсталявання, гаворыцца ў афіцыйным каталогу прадпрыемства. Для эксплуатацыі гэтай тэхнікі «Інтэгралу» патрабуюцца пастаянныя пастаўкі заходняй сыравіны і камплектуючых, без якіх яе выкарыстанне немагчыма. Іх продаж Беларусі забараняюць санкцыі.
Значнасць гэтых кампанентаў пацвярджаюць звесткі з унутранай перапіскі арганізацыі, якая ўваходзіць у расейскі дзяржаўны канцэрн «Ростех» — найбуйнейшага вытворцу расейскага ўзбраення:
«У існуючых палітыка-эканамічных абставінах асноўныя пастаўшчыкі ПКВ, такія як АТ «Гириконд», АТ «НЗПП Восток», АТ «Элеконд», павялічылі тэрміны пастаўкі да 540 дзён, што складае 150% тэрміну выканання дамовы на пастаўку вырабаў АТ «СКТБ РТ». Таксама пастаўшчыкі актыўных кампанентаў АТ «Группа «Кремний-ЭЛ»», АТ «Ангстрем», АТ «ВЗПП-С», ААТ «Інтэграл», якія залежаць ад пастаўкі імпартных матэрыялаў і хіміі, не могуць гарантаваць выкананне паставак у адрас АТ «СКТБ РТ»», — гаворыцца ў паведамленні з уцечкі электронных лістоў і ўнутраных дакументаў «Росэлектроника», якія атрымаў OCCRP і прааналізаваў БРЦ.
Тым не менш, нягледзячы на санкцыі Еўразвязу і ЗША, скіраваныя на абмежаванне паставак у Беларусь стратэгічна важных матэрыялаў і абсталявання падвойнага прызначэння, «Інтэграл» працягвае атрымліваць неабходныя кампаненты і сыравіну з краінаў ЕЗ.
Саляная кіслата для «Інтэграла»
Адным з крытычна важных матэрыялаў для «Інтэграла» з'яўляецца высокачыстая саляная кіслата, вядомая таксама як хларыд вадароду.
Саляная кіслата выкарыстоўваецца для апрацоўкі паўправадніковых пласцінаў. Гэты працэс забяспечвае іх ідэальную чысціню і гладкасць — ключавыя параметры для нанясення складаных структур мікрасхемаў. Найменшыя забруджванні на пласцінах могуць прывесці да дэфектаў прадукцыі і знізіць яе якасць.

У 2021 годзе саляную кіслату чысцінёй 99,999% «Інтэгралу» пастаўляла нямецкая кампанія UrSeCo Handels GmbH & Co. KG. Але ў 2022-м, калі санкцыі забаранілі пастаўляць гэты хімікат у Расею, з'явілася новая схема дастаўкі. Перш чым трапіць у Беларусь, пастаўкі пайшлі праз Польшчу і Турцыю ў Казахстан. Атрымальнік кіслаты ў Казахстане — мясцовая кампанія ТАА United Trading Group. За саліднай назвай хаваецца фірма з адным працаўніком, створаная праз некалькі тыдняў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Яна пастаўляла такую ж звышчыстую кіслату ў Расею, у прыватнасці кампаніям ТАА «Силтрон» і ТАА «Электронснаб».
Гэтыя дзве кампаніі дастаўлялі кіслату з тымі ж характарыстыкамі ў Беларусь. У пастаўках на «Інтэграл» ад «Электронснаба» месцам вытворчасці пазначаная Нямеччына.
Аб тым, што з Нямеччыны ў Расею па апісаным намі ланцужку ў абыход санкцыяў ішла адна і тая ж нямецкая кіслата, могуць сведчыць супадзенні ў датах і аб'ёмах паслядоўных паставак.
У прыватнасці, 9 чэрвеня 2022 года нямецкая UrSeCo Handels паставіла 860 кг звышчыстай салянай кіслаты вытворчасці нямецкага канцэрну Wacker Chemie AG у Казахстан фірме United Trading Group.
У тым жа месяцы United Trading Group паставіла партыю таго ж рэчыва вытворчасці Нямеччыны з дакладна такой жа вагой расейскай кампаніі «Электронснаб».
«Інтэгралу» «Электронснаб» пастаўляў нямецкую кіслату да канца 2023 года.
У ліпені 2024 года санкцыі Еўразвязу забаранілі пастаўляць нямецкую кіслату не толькі ў Расею, праз якую яна ішла на «Інтэграл» з пачатку поўнамаштабнай вайны, але і ў Беларусь. Гэты хімікат на прадпрыемства пачаў вазіць і расейскі «Силтрон», заснаваны праз няпоўныя тры месяцы пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. У верасні 2024-га кампанія прадала яе «Інтэгралу» непасрэдна. У ліпені таго ж года ўжо праз пасярэдніка — беларускую фірму ТАА «Дзігна-НТР».
У пастаўках казахстанскай United Trading Group «Силтрону» вытворцам кіслаты пазначаная сама United Trading Group. Але гэта наўрад ці адпавядае рэчаіснасці.
Па-першае, паводле афіцыйнага рэестру суб'ектаў прадпрымальніцтва Казахстану, у кампаніі працуе толькі адзін працаўнік (у рэестры яна ўнесеная ў катэгорыю «Мікрапрадпрымальніцтва»).
Па-другое, у спісе дзейнасці гэтага мікрапрадпрыемства няма якой-кольвек вытворчасці, толькі аптовы гандаль. Таксама мы не знайшлі інфармацыі аб тым, што ў Казахстане існуе вытворчасць салянай кіслаты з чысцінёй 99,999%. У верасні 2023 года казахстанскі ўрад прыняў пастанову, з якой вынікае, што адзіным вытворцам салянай кіслаты ў краіне зʼяўляецца акцыянернае таварыства «Каустик». Максімальная даступная чысціня рэчыва на той момант складала 35%. З тых часоў паведамленняў аб запуску новых вытворчасцяў, здольных дасягнуць неабходных параметраў, не было.
Нарэшце, у некаторых пастаўках нібыта казахстанскай кіслаты ў Беларусь ад «Силтрона» пазначаная марка рэчыва — SEMICOSIL HLC 5.5. Гэты таварны знак належыць нямецкаму канцэрну Wacker Chemie. У дакументах «Інтэграла» аб закупцы кіслаты ад «Дзігна-НТР», якая атрымлівала хімікат у «Силтрона», месцам вытворчасці кіслаты пазначаная Нямеччына.
У ліпені 2024 года «Силтрон» паставіў «Дзігна-НТР» дзве партыі кіслаты: аб'ёмам 150 кг і 100 кг. У абедзвюх пастаўках краінай паходжання быў пазначаны Казахстан. Пры гэтым марка рэчыва — нямецкая SEMICOSIL HLC 5.5. «Дзігна-НТР», у сваю чаргу, паставіла той жа абʼём «Інтэгралу».
Расейскі «Силтрон» наўпрост звязаны з UrSeCo Handels — пастаўшчыком кіслаты з Нямеччыны. Абедзве кампаніі належаць чальцам адной сям'і. Кіруючым дырэктарам і ўладальнікам 45% нямецкай кампаніі UrSeCo Handels зʼяўляецца Аляксандр Андрэевіч Жданаў. У лістападзе 2023 года чалавек з такім жа прозвішчам — Аляксандр Аляксандравіч Жданаў — даў пазыку расейскаму «Силтрону». 13 студзеня 2025 года, паводле дадзеных з расейскай базы дадзеных аб кампаніях і прадпрымальніках СПАРК, ён жа стаў уладальнікам 90% гэтай кампаніі.
Як высветліў БРЦ, Аляксандр Андрэевіч і Аляксандр Аляксандравіч Жданавы, верагодна, — бацька і сын. Згодна з пашпартнай базай РФ, яны з'яўляюцца чальцамі адной сямʼі.
Абходныя шляхі
Саляная кіслата — адзін з мноства прыкладаў таго, як «Інтэграл» у абыход санкцыяў працягвае закупляць забароненае заходняе абсталяванне, запчасткі і матэрыялы. Сярод стратэгічна важных для «Інтэграла» матэрыялаў і тэхналогіяў — газавыя рухавікі MWM 2032 і запчасткі да іх. Гэтыя нямецкія маторы забяспечваюць стабільную падачу энергіі для вытворчых працэсаў. Абыходзіць забарону на іх экспарт у Беларусь і Расею, уведзеную ў 2022 годзе, прадпрыемству дапамагаюць кампаніі-пасярэднікі.
Толькі вясной 2024 года прадпрыемства закупіла запчасткі для гэтых рухавікоў пяць разоў праз беларускія кампаніі ТАА «Маторы і Трансмісія», ТАА «Прамэлкам» і ТАА «Імперыя Захад». Акрамя таго, 20 снежня 2024 года «Інтэграл» размясціў новы тэндар на закуп дэталяў і запчастак для рухавікоў MWM на агульную суму $300 тыс.
Выкарыстанне схемаў абыходу санкцыяў БРЦ пацвердзілі і самі пастаўшчыкі «Інтэграла». Журналісты патэлефанавалі прадстаўнікам кампаніяў-пасярэднікаў, назваўшыся кліентамі.
«Санкцыёнка таксама не праблема», — паведаміў намеснік кіраўніка ТАА «Імперыя Захад» Ілля Бароўскі. Ён распавёў, што таксама ў іх ёсць «свая кампанія ў Польшчы, таму яна закупляе, потым ужо з Польшчы тавары едуць у Беларусь, … у Расею, па ўсіх іншых краінах, то бок імпартуецца першапачаткова з Польшчы».
Заснавальнік ТАА «Прамэлкам» Яўген Казакоў сказаў, што схемы абыходу санкцыяў дазваляюць пастаўляць прадукцыю аператыўна: «Па тэрмінах мы хутка прывязем. Тыдзень-два. Цяпер ужо наладзілі. Быццам, павінна, там напісалі «праз Кыргызстан». Возім. То бок, гэта будзе хутка».
Прабелы ў санкцыях
Яшчэ адзін прыклад абыходу санкцыяў, які знайшлі журналісты БРЦ, — закуп міні-электрарухавікоў вытворчасці нямецкай кампаніі Faulhaber Group. У траўні 2024 года «Інтэграл» набыў 44 такія прылады ў кітайскай кампаніі Hebei Nanuo Alloy Material Co., Ltd.

«Ёсць такое паняцце, як рэінжынірынг. Гэта калі капіююць які-небудзь заходні элемент: разбіраюць яго, шліфуюць па слаях, вывучаюць, як ён працуе, і могуць яго аднавіць».
Для некаторых з іх такой неабходнасці няма. Сярод закупак «Інтэграла» БРЦ знайшоў заходнія кампаненты, якія не ўключаныя ў санкцыйныя спісы ЗША і ЕЗ. Гэта, напрыклад, аргон-іонныя лазеры, паліравальныя суспензіі, паліравальныя кругі, дэталі, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці паўправаднікоў і мікраэлектронікі.
Акрамя таго, хоць асноўнае прадпрыемства холдынгу «Інтэграл» уключанае ў санкцыйныя спісы ЗША, аднак ЕЗ не ўнёс яго ў свой спіс абмежаванняў.
БРЦ скіраваў запыты ў Еўрапейскую камісію і профільным рэгулятарам з просьбай патлумачыць разыходжанні ў санкцыйнай палітыцы ў дачыненні да «Інтэграла» і ягоных пастаўшчыкоў.
Журналісты атрымалі каментар ад Тома Кітынга, дырэктара Цэнтру фінансаў і бяспекі пры Каралеўскім аб'яднаным інстытуце абаронных даследаванняў (RUSI), які спецыялізуецца на пытаннях абароны, бяспекі і міжнародных стасункаў:
«Расея і Беларусь бесперапынна шукаюць спосабы набываць ключавыя прадукты для вайны Расеі ва Украіне, абыходзячы санкцыі. Гэта непазбежна азначае, што краіны, якія мяжуюць з Расеяй, асабліва тыя, якія ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз, будуць уцягнутыя ў гэтую дзейнасць па абыходзе санкцыяў. <…> Хаўруснікам Украіны трэба больш актыўна выкарыстоўваць свае паўнамоцтвы для таго, каб «абвяшчаць і сароміць» кампаніі (ці нават цэлыя краіны), якія дапускаюць абыход санкцыяў. Было праведзена шмат дыпламатычных перамоваў, але ў нейкі момант размовы павінныя падмацоўвацца дзеяннямі».
Таксама журналісты скіравалі запыты з просьбай пракаментаваць выяўленыя факты парушэння санкцыйнага заканадаўства «Інтэгралу» і ўсім удзельнікам ланцужка паставак — «Дзігна-НТР», Wacker Chemie, «Электронснаб», «Силтрон», United Trading Group і UrSeCo Handels.
У кампаніі «Силтрон» адказалі, што ніколі не імпартавалі хлорысты вадарод з краінаў ЕЗ, а самі вырабляюць яго ў Ніжагародскай вобласці «па ўласнай запатэнтаванай тэхналогіі»: «… што дазваляе нам не толькі падтрымліваць канкурэнтаздольныя цэны (танней кітайскіх аналагаў) але і гарантуе стабільнасць паставак, што з'яўляецца важным аспектам для нашых партнёраў».
Выканаўчы дырэктар і саўладальнік кампаніі UrSeCo Handels Аляксандр Андрэевіч Жданаў у тэлефоннай размове з БРЦ заявіў, што саляную кіслату яны нікому не прадаюць. На ўдакладняючыя пытанні аб супрацы з United Trading Group і «Силтрон» ён адказваць адмовіўся, прапанаваўшы скіраваць пісьмовыя запыты ці прыехаць асабіста ў офіс кампаніі. У адказ на імэйл прадстаўнікі нямецкай кампаніі паведамілі, што з мэтай абароны ад «паклёпу і ілжывых падазрэнняў» яны звярнуліся да нямецкіх дзяржаўных органаў. Тыя іх нібыта папярэдзілі, што Беларускі расследавальніцкі цэнтр зʼяўляецца «крыніцай фэйкавых навінаў» і параілі не даваць ніякай інфармацыі.
На момант публікацыі адказаў ад іншых кампаніяў расследавальнікі не атрымалі.
Каментары
Калі бізнэс бачыць добры прыбытак - заўсёды знойдзецца шчыліна.
Кошт снарада за вайну падняўся у 8 разоў. У такіх абставінах любыя адміністрацыйныя забароны нагадваюць шлагбаўм на лясной дарозе.