Стала зразумела, чаму кіраўнік беларускага Ernst&Young не змог асабіста развітацца з калектывам
Сэнс туманнага развітальнага пісьма знакамітага беларускага аўдытара Паўла Лашчанкі робіцца ясным з улікам новай інфармацыі — шматгадовы кіраўнік знайшоўся ў СІЗА па палітычным артыкуле.

EY (Ernst&Young) — аўдытарская кампанія з «вялікай чацвёркі». Працуе ў сферы аўдыту, падаткаабкладання, аказвае юрыдычныя паслугі для бізнэсу. Без ацэнкі EY у Беларусі не магла прайсці ніводная сур'ёзная ўгода па пакупцы або зліцці бізнэсу. EY быў адным з асноўных лакаматываў і тлумачальнікаў у справе прасоўвання перадавых фінансавых стандартаў і справаздачнасці. Шматгадовым кіраўнічым партнёрам EY у Беларусі быў Павел Лашчанка. Пасля 2022 года кампанія стала называцца B1.
«Наша Ніва» паведамляла пра цьмяны ліст, які на мінулым тыдні ад B1 атрымалі супрацоўнікі і партнёры кампаніі.
«Павел Лашчанка ў сілу асабістых абставін больш не можа працягваць работу на гэтай пасадзе, — гаварылася ў лісце. — Унёсак Паўла ў развіццё нашай кампаніі неацэнны: ён стаяў ля самых вытокаў і сфармаваў цудоўную каманду прафесіяналаў, якія дасягнулі неймаверных поспехаў».
Ні ў лісце, ні ў раздзеле «навіны» на сайце арганізацыі не прыводзілася таксама ніякай уласнай цытаты ці звароту Лашчанкі з нагоды заканчэння работы ў кампаніі, якой ён аддаў некалькі дзясяткаў гадоў жыцця.
Цяпер «Нашай Ніве» стала ясна, у чым прычына.
Аказваецца, ужо два месяцы Павел Лашчанка знаходзіцца ў СІЗА па абвінавачванні ў адным з палітычных артыкулаў.
Па словах нашых суразмоўцаў, Лашчанку ўспомнілі 2020 год.
У 2020 годзе, у разгар збіцця грамадзян міліцыяй, за подпісам Лашчанкі выйшаў ліст да кіраўнікоў сілавых і дзяржаўных органаў, у якім ён выказаў сумнеў у агучаных Ярмошынай лічбах, а таксама заклікаў усіх адумацца і вярнуцца да законнасці.
Каментары