Бывай, Брыджыт Джонс! Якім атрымаўся апошні фільм легендарнай франшызы
У сусветны пракат выходзіць «Брыджыт Джонс: У захапленні ад хлапчука» — апошняя частка сагі пра нязграбную і гумарную брытанку і яе спробы пабудаваць асабістае жыццё. «Наша Ніва» расказвае, ці выйшаў удалым фінал дваццацігадовай кінагісторыі.

Свет упершыню пазнаёміўся з Брыджыт Джонс яшчэ ў 1996-м. Тады брытанская пісьменніца Хелен Філдынг выпусціла раман «Дзённік Брыджыт Джонс», першы ў серыі кніг пра абаяльную брытанку. Ёй трохі за 30, яна жыве і працуе ў Лондане, а таксама спрабуе наладзіць асабістае жыццё і пахудзець.
У 2001-м гісторыю Брыджыт упершыню экранізавалі. На галоўную ролю выбралі амерыканку Рэне Зелвегер, двух герояў другога плана сыгралі Х'ю Грант і Колін Фёрт — ім дасталіся адпаведна ролі боса Брыджыт Дэніэла Клівера і яшчэ аднаго яе залётніка Марка Дарсі.
Пазней былі яшчэ два раманы пра Брыджыт і два фільмы. Хутчэй за ўсё, што цяпер, у лютым 2025 года, гісторыя Брыджыт сканчваецца.
Новы фільм назвалі «Брыджыт Джонс: У захапленні ад хлапчука» (Bridget Jones: Mad About the Boy).
Цяпер Брыджыт ужо за 50, і яна выхоўвае дваіх дзяцей. Мужчына яе жыцця, Марк Дарсі, загінуў, і нават праз чатыры гады ўдаўства Брыджыт не дае сабе рады — напрыклад, не выходзіць на працу і прыходзіць у школу, дзе вучацца яе дзеці, у піжаме. Жанчыну падтрымліваюць сябры і той самы Дэніэл Клівер, які ператварыўся з яе каханка ў добрага сябра і няньку для дзяцей Джонс.
Час усё ж такі лечыць, і крок за крокам Брыджыт спрабуе адбудоўваць жыццё нанава. Яна вяртаецца на працу прадзюсаркі ў тэлешоу, а таксама, не без дапамогі сяброў, асвойвае тындар — як шмат змянілася з часоў яе маладосці! І менавіта ў тындары Брыджыт знаходзіць нядаўні знаёмы, якому яна прадстаўляецца «жанчынай за 35». Вось толькі яму 29, і яна сумняецца — ці можа ў іх нешта атрымацца?

Развітанне з Брыджыт Джонс не павінна расчараваць адэптаў франшызы, бо кіно шмат у чым атрымалася падобным да мінулых яе частак. Нягледзячы на яўныя маніпуляцыі са знешнасцю, а то і на захапленне пластычнай хірургіяй, у Рэне Зелвегер атрымалася ўсё тая ж гарэзлівая і абаяльная Брыджыт, якую свет палюбіў у нулявыя.
Гэта па-ранейшаму трохі нязграбная гераіня, якая трапляе ў нязручныя сітуацыі. Як і раней, Брыджыт застаецца сціплай і простай, і шмат жанчын пазнае сябе ў яе жыцці і яе развагах. А тое, што такая звычайная і неідэальная жанчына знаходзіць сваё каханне і вяртаецца да жыцця, пэўна ж натхніць тых глядачак, якія чамусьці страцілі веру ў такую магчымасць для сябе.

Ёсць ва ўсім гэтым толькі адзін мінус: не пакідае адчуванне, што аўтары сюжэта пайшлі па бяспечным шляху. Гаворка і пра стваральнікаў фільма, і пра Хелен Філдынг, бо цяперашні фільм — экранізацыя яе аднайменнага рамана 2013 года. «Забіць» Марка Дарсі, аднаго з галоўных персанажаў франшызы — па-свойму смелае рашэнне, але і яно не дапамагае зрабіць гэтую гісторыю заўважна наватарскай. Дый гумар, правераны ў мінулых трох фільмах, на чацвёрты раз месцамі гучыць банальна. Х'ю Грант у ролі Дэніэла Клівера і Эма Томпсан у ролі практычнай доктаркі-гінеколага Брыджыт — бадай, самае арыгінальнае, што ёсць у гэтым фільме.
З іншага боку, можа, арыгінальнасць тут не галоўнае? «Брыджыт Джонс: У захапленні ад хлапчука» — гэта, хутчэй, магчымасць пражыць разам з добра знаёмай гераіняй новы для яе перыяд, яе смутак па мужу і псіхалагічную адаптацыю да ўзросту 50+. Стваральнікі фільма робяць гэта прыгожа і кранальна: толькі паспрабуйце не пусціць слязу, калі пабачыце літаральна любую сцэну з Колінам Фёртам — выканаўца ролі Марка Дарсі з'явіцца ў гэтым фільме.
Як сказаў Брыджыт яе тата, недастаткова проста выжыць, трэба жыць. У сваім дзённіку, з якога некалі ўсё пачалося, гэтая гераіня так і піша: Брыджыт Джонс, час жыць! Гэтае цёплае і ўтульнае кіно стане добрым напамінам пра неабходнасць жыць, нават калі вы не брытанка за 50.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Яблычны воцат» — серыял на рэальных падзеях пра інстаграмную махлярку маштабаў, у якія цяжка паверыць
У Берліне квіткі на паказ беларускай стужкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» раскупілі за гадзіну
Галівудскія зоркі знялі ў Польшчы фільм з легендай «Брудных танцаў». Больш душэўнае кіно вы ўбачыце не хутка
Каментары
дык глядзі БТ пра сіпатую крамлёўскую хвойду.
дык глядзі БТ пра сіпатую крамлёўскую хвойду.