Культура

Беларускі ліцэй у Гайнаўцы: як жыве і на што спадзяецца

Дырэктар беларускага ліцэя Ігар Лукашук: «Кожны год мы атрымліваем званне «срэбнай школы», а значыць, знаходзімся сярод найлепшых у ваяводстве».

 Шыльда на ўваходзе ў беларускі ліцэй у Гайнаўцы (фота Anna Petrovska, radio.bialystok.pl)

Не проста школа, але таксама непаўторная атмасфера, народжаная дзесяцігоддзямі руплівай працы настаўнікаў, бацькоў і вучняў. Большасць з іх — гэта нашчадкі тутэйшых беларусаў, якія захоўвалі сваю тоеснасць, не зважаючы на неспрыяльныя гістарычныя турбуленцыі, паведамляе «Будзьма».

ІІ Агульнаадукацыйны ліцэй з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы (Польшча), вядомы як проста Гайнаўскі беларускі ліцэй, бярэ свае пачаткі з 1949 года. Мае багатую гісторыю, традыцыі, поспехі, але… На сёння не вызначаны яго далейшы лёс. Пра гэта, а таксама пра тое, чым жыве ліцэй, як натхняе моладзь да вывучэння роднай мовы, у размове з Budzma.org распавёў дырэктар ліцэя Ігар Лукашук.

З надзеяй на лепшае

— Як на сёння выглядае беларускае навучанне ў ліцэі, ці шмат вучняў вучаць родную мову?

— Каля 90 адсоткаў нашых вучняў вывучаюць на гэты момант беларускую мову. Але мы маем надалей не вырашаныя фармальныя справы з боку Міністэрства адукацыі, таму невядома, якая будучыня перад намі. Ніякіх канкрэтных прапаноў наконт таго, як маюць выглядаць меншасныя школы (Школы з вывучэннем мовы нацыянальнай меншасці. У выпадку ліцэя — беларускай), як яны маюць функцыянаваць, на што абапірацца, надалей няма. Ну але што ж… Ёсць надзея, што гэтыя справы будуць хутка ўпарадкаваныя. Зразумела, было б гэта не толькі пажаданым, але ёсць у гэтым і вялікая патрэба з боку школьнага асяроддзя, з боку бацькоў, настаўнікаў, вядучага органа, стараства, якое вядзе гэтую школу, але ёсць такое чаканне і з боку беларускіх меншасных арганізацый.

Дырэктар беларускага ліцэя ў Гайнаўцы Ігар Лукашук (фота з сайта ліцэя bialorushajnowka.pl)

— Прыгаданыя вамі фармальныя справы цягнуцца ўжо два гады…

— Можна сказаць, што ўжо нават тры гады, бо гэта пачалося з беларускага ліцэя ў Бельску Падляшскім. І потым гэты працэс перайшоў на Гайнаўскі ліцэй. Такая пайшла новая інтэрпрэтацыя, што ў гэтых школах вучні не абавязкова маюць вывучаць беларускую мову.

У чым сутнасць праблемы

У беларускіх ліцэях у Бельску Падляшскім і Гайнаўцы вывучэнне беларускай мовы было абавязковым для ўсіх вучняў, бо дзеля гэтага і ствараліся адукацыйныя ўстановы. Да таго ж навучэнцы здавалі экзамен на атэстат сталасці (матуру) па беларускай мове як мове нацыянальнай меншасці. Знайшліся ў школьных Статутах і адпаведныя палажэнні на гэты конт.

Аднак прыкладна ў верасні 2022 года частка бацькоў у Бельскім ліцэі не захацела, каб іх дзеці вывучалі беларускую мову, знайшоўшы для гэтага фармальную падставу. Маўляў, вывучаць мову нацыянальнай меншасці кожны мае права, але не мае абавязку. Да гэтага часу справа не вырашана, хоць у Польшчы ўжо паспела памяняцца ўлада. Ліцэй у Гайнаўцы трымаецца надалей свайго…

«А хто я такі? Скуль я ўзяўся?»

— Як цяпер маладых людзей заахвоціць вывучаць беларускую мову? З увагі на сённяшнюю сітуацыю, на фоне вядомых палітычных падзей у Беларусі, якія ёсць аргументы? Маладыя людзі могуць сказаць: а навошта нам гэта патрэбнае?

— Калі хтосьці падыходзіць да пытання мовы і спадчыны прагматычна, то тады сапраўды даволі цяжка адказаць на гэтае пытанне, навошта мне веданне беларускай мовы. І зараз калі ў Беларусі, нават у Беларусі, гавораць па-расейску, то цяжка на такім узроўні практычным і прагматычным адказаць на такое пытанне. Толькі навучанне мовы ў беларускім ліцэі ў Гайнаўцы ёсць на тое, каб падтрымліваць тоеснасць, а мова — адзін з носьбітаў культуры і ведаў. Тут мае месца больш эмацыянальнае значэнне, чым практычнае.

Дарэчы, у нас беларуская мова вывучаецца як родная мова, а не як замежная. Справа не ў тым, каб вучні мелі толькі моўныя кампетэнцыі, умелі правільна пісаць і гаварыць, але каб ведалі культуру, спадчыну, літаратуру, традыцыі, усё тое, што потым мае ім дапамагчы шукаць адказу на пытанне «а хто я такі, скуль я ўзяўся?»

— Як вывучэнне беларускай мовы і літаратуры выглядае на практыцы ў вашым ліцэі?

— У нашым ліцэі гістарычна было навучанне на беларускай мове, але ў працэсе гэта памянялася, так скажам, дзесяцігоддзі таму, за часамі, якіх я не памятаю. Потым стала вывучэнне мовы як школьны прадмет. Гэта тры гадзіны заняткаў у тыдзень, якія спалучаюць граматыку, правапіс, моўныя кампетэнцыі, літаратуру, элементы гісторыі і так далей.

Але гэта не адзіная форма, таму што школа традыцыйна рэалізавала шматлікія дзеянні дзеля падтрымання культурнай і нацыянальнай тоеснасці беларускай меншасці. Гаворка пра гурты музычныя, танцавальны, потым вакальны, розныя праекты, ініцыятывы, сустрэчы з прадстаўнікамі меншасці, з літаратарамі, гісторыкамі і так далей. Так што школа заўсёды вяла шырокую дзейнасць і не абмяжоўвалася толькі заняткамі па беларускай мове.

Акрамя таго, у пэўным моманце быў уведзены такі прадмет як «Гісторыя і культура беларускай нацыянальнай меншасці». Урокі беларускай мовы — гэта шырокі, агульнабеларускі кантэкст, а гэты прадмет для таго, каб паказаць больш канкрэтна гісторыю і культуру меншасці.

Таксама некалькі гадоў у школе вядзецца навучанне з частковым выкарыстаннем беларускай мовы, у так званай двухмоўнай форме. Ёсць некалькі прадметаў, на якіх побач з польскай мовай выкарыстоўваецца і беларуская мова. Дзякуючы гэтаму вучні часцей сустракаюцца з мовай, часцей пішуць на ёй, чытаюць.

«Срэбная школа»

— Ліцэй у Гайнаўцы традыцыйна сярод найлепшых у рэгіёне…

— Так, праўда, гэта кожны год пацвярджаецца і вынікамі экзаменаў на атэстат сталасці, і вынікамі рэйтынгу «Перспектывы» («Perspektywy»). Гэта незалежны рэйтынг, які паказвае якасць працы школы. Кожны год мы атрымліваем званне «срэбнай школы», атрымліваем «Срэбны шчыт», а значыць, знаходзімся сярод найлепшых у ваяводстве. І гэта вельмі цешыць.

«Мы ўсе ў школе ўсведамляем, што наш поспех магчымы дзякуючы таму, што гэта школа, накіраваная на асяроддзе беларускай нацыянальнай меншасці». 

— Гэтую школу заснавалі як школу для беларускай меншасці, а большасць выдатных настаўнікаў, якія сёння працуюць у ліцэі, гэта зноў жа выпускнікі гэтага ліцэя. Вялікая частка бацькоў, дзеці якіх у нас цяпер вучацца, гэта таксама выпускнікі Гайнаўскага беларускага ліцэя. Таму ўсе вельмі заангажаваныя ў працу школы. Настаўнікі аддаюць душу і сэрца ў сваю працу, і бацькі таксама вельмі ангажуюцца і пасылаюць сваіх дзяцей у нашу школу, каб дзеці атрымалі добрую адукацыю на высокім узроўні, але таксама, каб дзеці атрымалі тое, чаго не даюць іншыя агульнаадукацыйныя ліцэі — адмысловую атмасферу і веды пра нацыянальную меншасць.

21 лютага, у Дзень роднай мовы, у беларускім ліцэі ў Гайнаўцы прайшлі адмысловыя мерапрыемствы. Да гэтага дня прымеркаваны і конкурс «Беларуская гавэнда», які праходзіў 19 лютага, і ў межах якога вучні ліцэя, але таксама пачатковых і сярэдніх школ, чытаюць прозу на роднай мове (на літаратурнай беларускай ці на мясцовых гаворках).

«Гэта ўсё наша родная мова», — дадае дырэктар Ігар Лукашук.

Каментары

Цяпер чытаюць

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам8

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам

Усе навіны →
Усе навіны

Прычынай энергетычнага калапсу ў Мазыры стаў беспілотнік, які заляцеў у Беларусь7

Туск: Польшча падтрымлівае Украіну без якіх-небудзь «але»11

У дзіцячай паліклініцы Кобрына растлумачылі, чаму неўролаг працуе толькі дзве гадзіны на дзень9

Расія і Кітай імкнуцца завербаваць служачых, звольненых адміністрацыяй Трампа5

Карпача з буракоў4

УСУ вярнуліся ў цэнтр Тарэцка і стварылі пагрозу атачэння расійскай групоўкі ў горадзе2

«Трамп і Вэнс хацелі прынізіць Зяленскага. Вось чаму яны зладзілі прамую трансляцыю гэтага відовішча»36

Вольга Лойка лічыць вываз усіх беларускіх палітвязняў за мяжу добрым варыянтам24

Святлана Алексіевіч: Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта фашызм35

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам8

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць