Меркаванні4242

«Ніхто не зрабіў большае шкоды для Беларусі, чым ён»? Ліст пра Станіслава Шушкевіча

Чым жывуць, пра што думаюць, чым пераймаюцца і на што спадзяюцца беларусы ў вымушанай эміграцыі. Пра гэта ў «лісце да свайго менскага сябра» піша ў блогу на сайце Радыё Свабода Сяргей Дубавец.

Станіслаў Шушкевіч

«Вітаю, дружа!

Зіма ўсё ж такі завітала да нас: стаіць мароз, Вільню засыпала снегам. Прырода быццам адчувае нашыя спадзевы і дорыць сюрпрызы: ты ўжо не верыш у перамены, маўляў, зімы не будзе, скончыўся натуральны парадак рэчаў… А тут раз — і зіма. Хай сабе мільён гадоў таму ўсё было па-іншаму і можа быць па-іншаму празь мільён гадоў, але не цяпер.

Ты пішаш, як ціха стала ў Менску за гэтыя пяць гадоў, якая трывожная ўсталявалася пустата. Быццам усе замёрлі ў чаканні перамен. Цябе засмучае, як гучна пры гэтым сварацца беларусы ў эміграцыі, і асабліва гэты апошні «наезд» на Шушкевіча: нібыта гэта ён для Беларусі — найбольшае зло.

Пазняк пра 1990-я: «Ніхто не зрабіў большай шкоды для нацыянальных інтарэсаў Беларусі, чым гэта істота»

На жаль, сапраўды, гучыць як не з эміграцыі, а як цытата з «Советской Белоруссии» («балабол», «істота»…). Крытыка можа быць рознай, у тым ліку знішчальнай, але калі пачынаюцца абразы, значыць, аргументаў няма. Гэта асаблівы «стыль», далёка не кожны на такое здольны. Аднойчы «СБ» прысвяціла мне артыкул пад назвай «Обыкновенный подонок» — як цвік забіла, бо якая тут можа быць дыскусія, «ваше мнение никого не интересует».

Увогуле, я ўяўляў сабе, што абраза больш пасуе расійскай прапагандзе, якая прыжылася і ў нашым менскім Падмаскоўі. Беларускі рух, наадварот, ачышчальны, светлы і жыццядайны. Праўдзівы і высакародны. Інакш навошта ён патрэбны, хто да яго пацягнецца?

Што да самой «нагоды» вось так абражаць першага кіраўніка незалежнай Беларусі, дык гэта даўняя гісторыя.

У 1992 годзе БНФ сабраў 440 тысяч подпісаў за рэферэндум пра роспуск пракамуністычнага Вярхоўнага Савета і новыя выбары. ВС паводле закону мусіў прызначыць дату рэфэрэндуму. Але старшыня ВС Шушкевіч гэтага не зрабіў і такім чынам на рэфэрэндуме быў пастаўлены крыж.

У рэальнасці не існавала нават прывіднага шанцу, што будзе інакш, што ВС сам дазволіць сябе распусціць. Для гэтага яму трэба было ператварыцца ў… БНФ і ўзначаліць дэмакратычныя перамены.

Але была ў тым парламенце зусім невялікая, хоць і надзвычай эфектыўная апазіцыя БНФ. Гэта яна, па ідэі, мусіла весці да перамен. Пагатоў мела такі досвед, дый абставіны былі спрыяльныя, ня тое што сёння.

Мне даводзілася пісаць пра фатальную памылку гэтай групы, якая пасля адмовы ад рэферэндуму назвала гэты ВС нелегітымным, але засталася ў ім: у той самы дзень стаяла ў чарзе па абед у парламенцкай сталоўцы.

Зянон Пазняк

То-бок не выйшла з яго рашуча, не пачала аб’ядноўваць вакол сябе народ і нічога не зрабіла, каб адваяваць закон. Фактычна прамяняла сваю лідарскую ролю ў народзе на ролю элітарнай групы ў нелегітымным парламенце. Такім чынам была страчаная ініцыятыва. Фатальна, бо гэта быў пачатак канца: і для Шушкевіча, і для апазіцыі БНФ, а ўрэшце і для самога БНФ.

Тады па слядах падзеяў я пісаў у «Свабодзе» (прабач за самацытаванне, але гэта ўжо частка гісторыі):

«Самі дэпутаты незалежнасці пра гэтую гісторыю кажуць як пра эпізод, дзе фатальную ролю сыграў Станіслаў Шушкевіч. Але што ён мог? Чалавек без рэальнае ўлады, пад якім ува ўсе бакі гайдалася крэсла старшыні ВС, мог пераканаць камуністычны парламент прагаласаваць за рэферэндум аб сваім роспуску? Нерэальна».

Так ці інакш, як кажа паэт, усё прайшло-мінула, як і не было. Адно што засмучае — абразы і адмаўленне мала што Шушкевіча, але і важнага этапу нашай гісторыі, звязанага з ягоным імем: і Віскулёў, і незалежнасці, і адзінай дзяржаўнай беларускай мовы, і нацыянальнай сімволікі, і міжнароднага прызнання, і пачаткаў дэмакратыі…

Сённяшняя сварка выглядае як барацьба за памяць. А ў выніку памяць будзе проста знішчацца — у тым самым рэчышчы, у якім з помслівай нянавісцю ставіцца да Шушкевіча і ўсяго, што з ім звязана, Лукашэнка. Як бы ён хацеў выкрасліць з беларускай гісторыі тыя тры-чатыры гады пачатку 1990‑х! Забіць цвік. А тут яшчэ знаходзіцца яму падтрымка з нібыта супрацьлеглага боку барыкад.

Міжволі падумаеш, што падобнае прыцягваецца падобным. Не ўяўляю сабе, каб такія абразы да апанента дазволіў сабе сам Станіслаў Шушкевіч — зусім іншага тыпу чалавека, які так і не знайшоў сабе годнай кампаніі ў палітыцы, пры тым быў абсалютна адкрытым і даступным для людзей.

Дзіва што меў вялікую пашану, асабліва сярод інтэлігенцыі, — настолькі шчырую, што і сёння шмат хто ўспрымае ахайванне яго як крыўду для сябе асабіста.

Сяргей Дубавец

Мне нават думаецца, што ягоны інтэлігентны электарат нікуды не дзеўся ў Беларусі і сёння.

Людзі затаіліся, але менавіта яны — захавальнікі эмпатыі, найлепшага, што ёсць у беларусах, і натуральнага парадку рэчаў.

Урэшце, і ўся надзея — на іх.

Беларуская эміграцыя, на шчасце, зусім не толькі тая, што сварыцца. Мяне ўразіў нядаўні паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» ў Вільні.

Мноства народу, кніг, творцаў. З кожным годам усяго гэтага становіцца болей, быццам фэстываль растае.

Тут ніхто нікому не вораг, ніхто не глядзіць крывым вокам, ніхто не думае пра выгаду.

І пануе тут галоўнае — можа, не адразу прыкметнае — тое, што беларусаў у эміграцыі і беларусаў, якія прыехалі на фестываль з Беларусі, нічога не падзяляе.

А яшчэ пазаўчора ў Вільні зноў здарылася антыбеларуская правакацыя, якая ўжо за мінулы час і ў тым самым стылі.

На сцяне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта хтосьці пакінуў «наскальны» надпіс «Вільня наша» і прымаляваў бел-чырвона-белы сцяг.

Ну што тут скажаш…

Словы, якія ў беларускай культурнай традыцыі гучалі як прызнанне ў любові да старой сталіцы, у сённяшніх абставінах гучаць як сэксістычнае «любимую не отдают».

Пры гэтым накрамзолены надпіс, як і ўсе папярэднія, адным почыркам.

То бок, робіць гэта адна асоба і той самай фарбай.

І адзіная сэнсоўная мэта гэтага дзейства — зрабіць становішча беларусаў, якія ўцяклі ад Лукашэнкі ў Вільню, яшчэ больш уразлівым.

Я думаю, любіць — зусім не значыць авалодаць.

Гэта два светапогляды, якія адрозніваюць чалавека цывілізаванага ад дзікуна.

І калі нават гіпатэтычна ўявіць сабе, што нейкія беларусы хочуць «захапіць Вільню», дык яны будуць гэта рабіць толькі пад чырвона-зялёным сцягам, які ў Беларусі цяпер вісіць на турмах і аўтазаках.

Для Вільні і ўсіх, хто тут жыве, гэта быў бы сапраўдны кашмар.

Пад бел-чырвона-белым сцягам дэмакратычная Беларусь уяўляецца ў Еўропе, у шэнгенскай зоне, дзе паміж ёй і Вільняй няма мяжы.

Для цывілізаванага чалавека і яго любові гэтага больш чым дастаткова.

Добра, што ніхто на гэта не паддаецца ні сярод літоўцаў, ні сярод беларусаў.

І, апроч скрухі ў вулічных мінакоў, ніякіх іншых пачуццяў тое «графіці» не выклікае.

Дрэнна, што паліцыя асабліва не шукае таго ці то дробнага хулігана, які псуе выгляд гораду, ці то вар’ята, які пры тым дзейнічае ў інтарэсах Расеі і яе менскага філіялу.

Ніякіх іншых інтарэсаў тут няма і быць не можа. Бывай здаровы, чакаю адказу».

Каментары42

  • Што зрабіў Шушкевіч
    24.02.2025
    Станіслаў Шушкевіч
    1. Падпісаў у Віскулях дамову аб стварэнні СНД (нешта накшталт СССР).
    2. Падпісаў вайсковую дамову ОДКБ, якая дзейнічае аж па сённяшні дзень.
    Па ёй Лукашэнка адпраўляў войскі ў Казахстан для здушэння народных бунтаў.
    3. Паставіў крыж на роспуске савецкага камуністычна-нквдшнага вярхоўнага савета, не даўшы абраць новы дэмакратычны парламент.

    (У 1992 годзе БНФ сабраў 440 тысяч подпісаў за рэферэндум пра роспуск пракамуністычнага Вярхоўнага Савета і новыя выбары. ВС паводле закону мусіў прызначыць дату рэфэрэндуму. Але старшыня ВС Шушкевіч гэтага не зрабіў і такім чынам на рэфэрэндуме быў пастаўлены крыж.)
  • Што зрабіў Шушкевіч
    24.02.2025
    Незалежнасць адбылася насуперак такім, як Шушкевіч, бо Шушкевіч адкрыта смяяўся з ідэі зрабіць Беларусь незалежнай.
  • Ясна ўсё
    24.02.2025
    Сяргей Дубавец' "Мне нават думаецца, што ягоны інтэлігентны электарат нікуда не дзеўся ў Беларусі і сёння.
    Людзі затаіліся, але менавіта яны — захавальнікі эмпатыі, найлепшага, што ёсць у беларусах, і натуральнага парадку рэчаў.
    Урэшце, і ўся надзея — на іх".

    У Сяргея Дубаўца надзея на саўковы інтэлігентны электарат, які за СНГ і ОДКБ.

Цяпер чытаюць

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам7

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам

Усе навіны →
Усе навіны

У дзіцячай паліклініцы Кобрына растлумачылі, чаму неўролаг працуе толькі дзве гадзіны на дзень9

Расія і Кітай імкнуцца завербаваць служачых, звольненых адміністрацыяй Трампа5

Карпача з буракоў4

УСУ вярнуліся ў цэнтр Тарэцка і стварылі пагрозу атачэння расійскай групоўкі ў горадзе2

«Трамп і Вэнс хацелі прынізіць Зяленскага. Вось чаму яны зладзілі прамую трансляцыю гэтага відовішча»35

Вольга Лойка лічыць вываз усіх беларускіх палітвязняў за мяжу добрым варыянтам24

Святлана Алексіевіч: Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта фашызм35

Нявестка Лукашэнкі анансавала працяг свайго «Марафона адзінства» — праект «Час любіць сваё»14

Стала вядома, у чым абвінавачваюць былога гендырэктара «Беллакта» Аляксея Грытусева4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам7

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць