У Гомельскім раёне беспілотнік упаў і ўзарваўся, спаліў гаспадарчую пабудову
Ноччу 27 лютага невядомы лятальны апарат упаў на гаспадарчую пабудову ў Гомельскім раёне і выбухнуў.

Пра гэта выданню «Флагшток» паведаміў уладальнік дачнага ўчастка, размешчанага ў гэтым раёне. Пасля падзення, імаверна, беспілотніка, адбыўся выбух, будынак быў цалкам разбураны, узнік пажар.
Паводле папярэдніх звестак, беспілотнік зваліўся ў раёне вёскі Зябраўка, якая знаходзіцца за некалькі кіламетраў на поўнач ад вайсковага пасёлка з такой жа назвай. Дакладныя каардынаты месца падзення пакуль невядомыя.
Жыхары паўднёвых ускраін Гомеля паведамлялі пра гукі далёкай стральбы, а каля 00:40 быў зафіксаваны выбух. У афіцыйных зводках МНС інфармацыя пра пажар у Зябраўцы не згадваецца.
«Флагшток» звярнуўся да аналітыкаў украінскага маніторынгавага канала «Украінскі янот» з пытаннем, ці фіксавалася ўварванне беспілотніка з боку Украіны. Паводле спецыялістаў, у ноч з 26 на 27 лютага не было зафіксавана перасячэння дзяржаўнай мяжы беспілотнікамі ва ўкраінска-беларускім памежжы ў Гомельскім раёне.
Пры гэтым ёсць дапушчэнне, што беспілотнік мог быць расійскім — тыпу «Шахед» («Герань»).
Спецыялісты мяркуюць, што пры палёце на нізкай вышыні такі апарат можа заставацца нябачным для сродкаў СПА.
У тую ж ноч Расія нанесла чарговы авіяўдар па тэрыторыі Украіны, і група расійскіх ударных дронаў рухалася па Чарнігаўскай вобласці.
На дадзены момант афіцыйных каментароў па інцыдэнце няма.
Каментары