Літаратура11

«Цяпер такія кнігі чытаеш з пэўным здзіўленнем». Беларускі аўтафікшн у скандынаўскіх дэкарацыях

Новую кнігу Анкі Упалы прыемна і лёгка чытаць, піша Зося Лугавая. 

Анка Упала пісала гэтую кнігу ў 2018—2021 гадах пра падзеі, якія адбываліся яшчэ раней. Цяпер такія кнігі чытаеш з пэўным здзіўленнем. Бо не адчуваеш сувязі паміж тым і цяперашнім часам — свет занадта змяніўся. І часта узнікае пытанне: чаму аўтарка ці аўтар піша пра гэта цяпер? Так было, напрыклад, з кнігай Паўла Анціпава, артыкул пра якую выходзіў напачатку года. Так магло б быць і з гэтай кнігай. Але не стала.

«Раз на двадцаць пяць тысяч гадоў» — кніга пра даваенныя, дапратэставыя і дакавідныя часы, але гэтага не адчуваеш, таму што яна — працяг гісторыі пра жыццё ў іншай краіне. Пра спробы зразумець людзей і адаптавацца да новых умоў. Пра перманентны калі не страх, то дыскамфорт, чаканне выпрабаванняў на кожным кроку — ад пошуку бутэлькі малака ў краме да спробаў паразумецца з гаспадыняй кватэры. А гэта можа быць няпроста, нават калі ты свабодна размаўляеш на мове краіны, у якую прыехала. 

«Адна мая знаёмая заўзята збірае лісічкі, больш, чым можа з’есці. Яна спытала, ці не трэба мне, і я сказала, што ў мяне акурат будзе жыць бедная пісьменніца з Беларусі, то я вазьму. Яна вельмі ўсцешылася, што можа дапамагчы.

  • Ты так і сказала «бедная пісьменніца»?
  • Ты пакрыўдзілася, ці што? Я ж у добрым значэнні! Гэта ж наадварот…
  • Добра. Сказала і сказала. Але не такая ўжо я і бедная».

Анка Упала — творчы псеўданім пісьменніцы, перакладчыцы і выдаўніцы Алены Казловай. Гэта ейная трэцяя празаічная кніга, якая адначасова ёсць працягам другой кнігі. «На заснежаны востраў» выходзіла ў 2017 годзе, і ў ёй аўтарка рассказала пра свой досвед жыцця і вучобы ў Швецыі. Кніга ўвайшла ў шорт-ліст прэміі Гедройця за 2018 год. «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — гэта працяг той гісторыі, які можна чытаць і як самастойны твор. Папярэднія падзеі будуць крыху тлумачыцца, і гэтага цалкам дастаткова, каб зразумець кантэкст. 

У параўнанні з першай кнігай, другую я чытала зусім іншымі вачыма, праз прызму ўсіх апошніх катастроф у нашым регіёне. У мяне, напрыклад, паболела разумення таго, праз што праходзяць мігранты з краін Афрыкі і Усходу, пра якіх піша Анка Ўпала. Як яны ўладкоўваюць жыццё, вучаць мову, атрымліваюць адукацыю, шукаюць працу. Цяпер гэта значна бліжэй. Бо цяпер і шмат хто з беларусаў — такія ж неўладкаваныя, безабаронныя, з падазронай краіны. І што ўсе мы прыкладна аднолькава незразумелыя для тых, у чыю краіну прыехалі. Хіба што беларусы колерам скуры не адрозніваюцца ад іншых еўрапейцаў.

Але акрамя мігранцкага жыцця, у кнізе Анкі Упалы ёсць жыццё ўласна беларускае. Кніга пачынаецца і сканчваецца на пляжы каля Цнянскага вадасховішча ў Мінску. Гэтая закальцаванасць стварае адчуванне цэласнасці і завершанасці. Пры тым што: ну які фінал можа быць у аўтафікшну? Паміж раздзеламі, якія расказваюць пра тры месяцы жыцця ў спякотным Стакгольме ўлетку 2018 года, ёсць раздзелы беларускія. Не менш яркія і не менш цікавыя. Досвед знаходжання ў мінскай бальніцы, жыццё на здымнай кватэры ў Мінску, падарожжа да бацькоў у Магілёў і догляд за бабуляй і пляменнікам.

Анка Упала цудоўна піша. У тэксце ёсць усё: і цікавыя рэфлексіі, і выдатна прапісаныя характары, і вытанчаныя пейзажныя замалёўкі. Усяго роўна столькі, колькі трэба. Ты паспяваеш атрымаць задавальненне ад трапнасці назіранняў, але не паспяваеш стаміцца — аўтарка рушыць далей. 

Алена і дзве іншыя галоўныя гераіні — сяброўка са школы шведскай мовы і гаспадыня кватэры — утвараюць трохкутнік характараў.

Шведка Маргрэта, якая на 30 гадоў старэйшая за 37-гадовую беларуску, — шумная, імпульсіўная, катэгарычная.

Суданская прыгажуня Тунці, да якой аўтарка мае пачуцці, іншая — загадкавая, нешматслоўная, з перманентным покерфэйсам. Менавіта з ёй Алена магла б пабачыць, але прапусціла, унікальную з’яву — поўнае месячнае зацьменне, якое здараецца раз на 25 тысяч гадоў. 

Алена, знешне стрыманая, але з ворахам сумневаў пра сябе саму, з частым адчуваннем сваёй недарэчнасці, знаходзіцца паміж шведкай і афрыканкай. Яе свет часова звужаецца, ператвараецца ў няўтульны і задушлівы. Тады, калі ў гэтым трохкутніку становіцца зусім невыносна, Алена ратуецца ў шматнацыянальнай кампаніі колішніх выпускнікоў народнай школы. Фартун з Самалі, Івар з Ірана, Марыям з Сірыі — усе вельмі розныя, але ёсць навочнай дэманстрацыяй таго, якімі рознымі людзьмі поўніцца гэты свет. І не толькі мы адны ў ім гаротнікі. 

Горад і прырода працуюць у тэксце на кантрасце. Калі аўтарка ў горадзе — тэкст становіцца больш псіхалагічным, калі на прыродзе — больш лірычным, няхай яна і сцвярджае, што не адчувае сябе там камфортна. Але вось Алена з’язджае на некалькі дзён на лецішча пад Стакгольмам, і дождж тут ужо не проста ідзе, а: «А шостай нечакана, з нейкай фатальнай абыякавасцю, занадта позна, калі не ўсё ўжо можна было паправіць, пайшоў дождж». І нават пра каву пасля дажджу аўтарка піша так, што і бачыш гэта, і ўсміхаешся: «На кухні я зварыла сабе кавы і выйшла на двор, каб выпіць яе ў кампаніі смаўжоў». 

Ёсць у кнізе і мілая беларускаму сэрцу драбніца: «Мы п’ём гарбату і закусваем беларускімі чыпсамі ў доўгіх пласцінках. Паміж пальцаў Фартун яны таксама ападаюць на столік і падлогу. Аёй!

  • Яны вельмі смачныя, смачнейшыя за зефір, гэта самае смачнае з таго, што ты прывезла! — кажа Марыям. 
  • Наступным разам прывязу іх для цябе болей».

А «культурны разлом» паміж шведамі і беларусамі Анка Упала іранічна раскрывае ў гісторыі з кляшчом, які кусае галоўную гераіню ў шведскім лесе. Высвятляецца, што шведы і беларусы вельмі па-рознаму навучаныя абыходзіцца з кляшчамі. Гэта становіцца адным з ключавых здарэнняў у тым разладзе, што адбудзецца паміж Аленай і яе шведскай прыяцелькай Маргрэтай. Тая, патэлефанаваўшы доктарцы, скажа пра беларуску: «У мяне тут сяброўка з Усходняй Еўропы. Яна асоба пэўнага складу: хоча дазнацца, як ёй атрымаць медыцынскую дапамогу, бо яе ўкусіў клешч…» Напэўна, кожны, хто нейкі час пражыў на чужыне, адчуваў сябе такой вось асобай пэўнага (незразумелага) складу для мясцовых жыхароў. 

«Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — кніга, якую чытаць цікава, прыемна і лёгка ў самым найлепшым сэнсе слова, бо яна напісаная праніклівай і ўважлівай да свету аўтаркай, якая дакладна ўмее абыходзіцца са словамі. А пачатак гісторыі — «На заснежаны востраў» — можна паслухаць у аўдыятэцы на сайце Беларускага ПЭН-цэнтра. 

Анка Упала. Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў. — Вільня: Alena Kazlova, 2024

 

Каментары1

  • Омг
    02.03.2025
    " І часта узнікае пытанне: чаму аўтарка ці аўтар піша пра гэта цяпер? Так было, напрыклад, з кнігай Паўла Анціпава, артыкул пра якую выходзіў напачатку года. Так магло б быць і з гэтай кнігай. Але не стала."

    Што?

Цяпер чытаюць

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў2

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

«Цяпер такія кнігі чытаеш з пэўным здзіўленнем». Беларускі аўтафікшн у скандынаўскіх дэкарацыях1

«Для нас 8 сакавіка пачынаецца яшчэ летам». Гродзенцы проста ў сваёй хаце вырасцілі 15 тысяч цюльпанаў8

Тэмпы прасоўвання Расіі ва Украіне трэці месяц падаюць2

«Лукашэнка прапанаваў Трампу набыць рэдказямельныя клубні». Найлепшыя твіты тыдня6

«Еўропа і свет іншыя, Пуцін зусім не Гітлер». Гісторык Церашковіч дае расклад і параўноўвае сітуацыю з 1930-мі4

У Бабруйску нечакана для ўсіх падскочылі цэны на маршруткі

Рутэ параіў Зяленскаму знайсці спосаб аднавіць адносіны з Трампам38

У Расіі група вайскоўцаў адмаўляецца ваяваць ва Украіне. Іх адпраўляюць на фронт сілком11

Расіяне праводзяць антываенны марш у цэнтры Берліна з расійскімі трыкалорамі ФОТА16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў2

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць