2025 — год топавых кінасіквэлаў. Працяг якіх фільмаў варта не прапусціць
Здымаць працяг папулярных гісторый — даўні лайфхак кіношнікаў, як даць другое жыццё добраму сюжэту. Расказваем, на якія сіквэлы варта звярнуць увагу ў 2025 годзе.

«Місія невыканальная: Апошняя расплата» (Mission: Impossible — The Final Reckoning)
У маі пабачым яшчэ адзін магчымы фінал буйной кінагісторыі апошніх дзесяцігоддзяў. Праўда, хто ведае, чаго чакаць ад Тома Круза? Апошнія фільмы франшызы «Місія невыканальная» прасоўваліся як развітанне з галоўным героем, але выглядае, што Круз жадае працягнуць франшызу.
У цяперашняй стужцы — працяг і развязка гісторыі, што распачалася ў мінулай частцы. Суперагент Ітан Хант (Том Круз) мусіць знішчыць небяспечны штучны інтэлект і спыніць Гэбрыэла, свайго старога ворага. Мяркуючы па трэйлеры, у фільме будуць складаныя падводныя здымкі, прыгожыя баявыя сцэны, пагоні і трукі на невялікім самалёце ў паветры — усё як мы любім, загарніце!
«Балерына» (Ballerina)
А вось гэтая чэрвеньская стужка — не сіквэл у прамым сэнсе, а хутчэй адгалінаванне ад сусвету Джона Уіка, таго самага кілера ў выкананні Кіяну Рыўза, які называў сябе «дзіцём Беларусі». Кіяну таксама з'явіцца ў фільме, але галоўная ўвага цяпер на іншай гераіні.
Зорка праекта — балерына Ева Макара (Ана дэ Армас). Яна праходзіць падрыхтоўку ў традыцыях сіндыката наёмных забойцаў «Руска Рома» і, апантаная жаданнем помсты, выпраўляецца па слядах забойцаў яе бацькі.
«М3ГАН 2.0» (M3GAN 2.0)
Калі мінулыя стужкі не задаволяць вашу прагу да экшну, дайце шанс гэтаму чэрвеньскаму хорару. У 2023-м выйшла першая стужка серыі, «М3ГАН» — гісторыя пра аднайменную ляльку-андроіда, якая раптам пачынае забіваць усіх, каго лічыць пагрозай для сваіх гаспадароў.
Гэтая гісторыя шмат чаму навучыла Джэсі, стваральніцу лялькі. Цяпер жанчына лічыць, што штучны інтэлект трэба рэгуляваць, вось толькі тэхналогія, створаная ёй, трапляе ў дрэнныя рукі. Каб перамагчы новага андроіда-забойцу, Джэсі даводзіцца ўдасканаліць М3ГАН і наладзіць яе на барацьбу са сваім аналагам.
«Свет юрскага перыяду: Адраджэнне» (Jurassic World Rebirth)
У ліпені выходзіць ажно сёмая частка франшызы «Парк юрскага перыяду». Галоўная роля — у Скарлет Ёхансан.
Каманда, у якой удзельнічае гераіня Ёхансан, выпраўляецца ў трапічны рэгіён, бо ў сусвеце фільма там яшчэ засталіся жывыя дыназаўры. Героі мусяць дабыць ДНК трох вялікіх дыназаўраў, каб зрабіць лекі, якія выратуюць чалавечыя жыцці.
«Фантастычная чацвёрка: Першыя крокі» (The Fantastic Four: First Steps)
Marvel вяртае на экраны «Фантастычную чацвёрку», адну з найпапулярнейшых камандаў за ўсю гісторыю коміксаў. Будуць буйныя зоркі: напрыклад, лідара каманды, Містэра Фантастык, грае Педра Паскаль з «Апошнія з нас» і «Гладыятара 2», а ў ролі С'юзан Шторм чакаем Ванэсу Кірбі, зорку франшызы «Місія невыканальная» і Жазэфіну з «Напалеона» (2023).
Што да сюжэту, то нам пакажуць фантастычную будучыню, дзе каманда супергерояў выратоўвае планету ад касмічных монстраў Галактуса і Срэбнага сёрфера. Фільм заяўлены як перазапуск серыі, так што яго зробяць зразумелым і для тых, хто не знаёмы з франшызай.
«Злая: Назаўжды» (Wicked: For Good)

У канцы 2025-га запланаваны сіквэл фільма «Злая» — хітовага мюзікла, што выйшаў некалькі месяцаў таму і атрымаў некалькі намінацый на «Оскар». У новае кіно вярнуліся зоркі «Злой», эпатажная брытанка Сінтыя Эрыва і поп-спявачка Арыяна Грандэ.
Як і ў мінулым фільме, дзеянне заснаванае на сюжэце кнігі «Дзіўны чараўнік з краіны Оз» — у постсавецкіх краінах больш ведаюць яе пераказ пад назвай «Чараўнік смарагдавага горада». Нам абяцаюць гісторыю сталення дзвюх вядзьмарак з краіны Оз, Эльфабы і Глінды, а таксама расказ пра іх барацьбу з тыраніяй Чараўніка. Жаночая моц!
«Звераполіс 2» (Zootopia 2)

Гэтага сіквэла аматары анімацыі чакалі ажно з 2016 года, калі выйшла першая частка франшызы — «Звераполіс». У 2017-м той мультфільм пра мегаполіс, населены жывёламі, адхапіў «Оскар» за найлепшы анімацыйны поўнаметражны фільм, так што і ад новага можна чакаць файнай якасці.
У сёлетняй стужцы анімацыя атрымаецца з прысмакам дэтэктыву. Чакаем новую гераіню — гадзюку, а таксама вяртанне Шакіры — на жаль, толькі ў фармаце агучкі, як і ў мінулым мультфільме.
«Аватар: Полымя і попел» (Avatar: Fire and Ash)

На снежань запланаваная прэм'ера трэцяга «Аватара», і гэта цяжкая артылерыя ў свеце сіквэлаў. Кіно мае салідны бюджэт 250 мільёнаў даляраў, за рэжысуру зноў адказвае сам Джэймс Кэмеран, а ў кадр вяртаюцца зоркі мінулых «Аватараў» — Сэм Уортынгтан, Зоі Салдана, Кейт Уінслет і Сігурні Уівер.
Гэтая франшыза расказвае пра спадарожнік Пандору, дзе разам жывуць чалавечыя каланісты і раса карэнных жыхароў Пандоры. У цэнтры ўвагі — Джэйк Салі, каланіст, які ў свой час прыляцеў з Зямлі. Франшыза вядомая сваімі галавакружнымі спецэфектамі — ёсць усе прычыны думаць, што і ў новым «Аватары» яны будуць на ўзроўні.
«Вяртанне жывых мерцвякоў» (Return of the Living Dead)
Сіквэл «Бітлджуса», які выйшаў восенню 2024-га, — не адзіны хорар з 80-х, якому далі другое дыханне. Напрыканцы 2025-га чакаем «Вяртанне жывых мерцвякоў», перазагрузку цэлай серыі камедыйных фільмаў жахаў, якая распачалася ў 1968-м з незалежнага хорара «Ноч жывых мерцвякоў».
Той класічны фільм расказвае пра сем амерыканцаў, на якіх напалі ажылыя нябожчыкі. Нядаўна выйшаў тызер новай стужкі. Мяркуючы па ім, дзеянне будзе адбывацца зімой 1985-га, у калядны час — бо ў тызеры нябожчык цягне калядную ялінку.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары