Працы на фасадах усходняга, тэатральнага корпуса палаца скончыліся правалам — справа не толькі ў хімозным зялёным колеры, але і ў суцэльным непрафесіяналізме рэстаўратараў, якія ці то не ведаюць асноў, ці то ігнаруюць логіку.

Паводле інфармацыі БелТА, ужо пачалася распрацоўка праектнай дакументацыі на ўнутраныя работы, а ў планах закансерваваць і галоўны корпус.
Рэстаўрацыя Ружанскага палаца пачалася яшчэ ў 2008 годзе, але ў апошнія гады ўзнікае ўсё больш пытанняў да адэкватнасці аднаўлення рэзідэнцыі роду Сапегаў. Пэўна, аднаўленне Ружанскага стала самай спрэчнай рэстаўрацыяй знакавага гістарычнага аб’екта ў Беларусі, саступаючы толькі «фэнтэзійнай» рэканструкцыі Старога замка ў Гродне.

Але калі на Старым замку напластаванні стагоддзяў, а сапраўдны выгляд дакладна невядомы, то аднаўленне Ружанскага палаца мусіла быць элементарнай справай: комплекс пабудаваны ў адным, пераходным ад барока да класіцызму, стылі і збольшага ў адзін час, значная яго частка дайшла да нас, нават захаваліся каляровыя праектныя чарцяжы Яна Самуэля Бекера. Справа была за малым — вярнуць як было. І тут беларускія рэстаўратары пацярпелі поўнае фіяска.
Ружанскі зялёны

Праблемы з колерам у Ружанах пачаліся ад самага пачатку, калі аднаўлялі браму і прылеглыя карпусы, але гэтую праблему не заўважалі, пакуль чарга аднаўлення не падабралася да тэатральнага корпуса і аркады, якой ён злучаны з палацам. Пасля завяршэння аднаўленчых работ корпус хутка пафарбавалі ў ядавіта-смарагдавы колер, што выклікала вялікае здзіўленне і абурэнне сярод простых турыстаў і спецыялістаў.
Памылка не была выпраўлена, але ўлічана на аркадзе, за якую ўзяліся наступнай. Яе пафарбавалі ў больш глухія, стрыманыя колеры. Цяпер палац пафарбаваны адразу ў тры варыянты зялёнага, ад светлага пастэльнага да хімознага. Цяпер на тэатральным корпусе з’явіліся таксама ляпны дэкор і скульптуры ідэальна белага колеру.

Як выявілі спецыялісты — ні адзін з трох варыянтаў не адпавядае гістарычнаму выгляду. Некаторых ужытых колераў проста не магло існаваць у XVIII стагоддзі. Адзін раз — прыкрая памылка, тры разы — прызнанне ўласнай некампетэнтнасці.
Замест таго, каб правесці элементарныя даследаванні пігменту на фрагментах тынку, якія і сёння лёгка адшукаць на тэрыторыі палаца, рэстаўратары Ружанскага замка звярнуліся да савецкіх кніг другой паловы XX стагоддзя, адкуль узялі, што колер палаца павінен быць ярка-смарагдавы, а дэкор — выключна белым. Сёння на ўсю Беларусь ёсць лічаныя аб’екты, чый барочны каларыт быў навукова адноўлены, а ў час напісання кнігі такіх аб’ектаў не было ўвогуле.

Пытанне разнабою ў афарбоўцы розных частак Ружанскага палаца вырашылі арыгінальна: замест таго, каб прызнаць памылкі і правесці дадатковыя даследаванні, было вырашана пафарбаваць увесь комплекс у самы «таксічны» варыянт.
«І так пойдзе!»

Ружанскі палац аднаўляюць з апорай на праектныя чарцяжы Яна Самуэля Бекера. Гэта рэдкі выпадак, калі ёсць такая каштоўная крыніца, якая можа дапамагчы аднавіць тое, што было страчана. Пабудаваны ў 1784—1786 гадах палац нядоўга прабыў рэзідэнцыяй магнацкага роду, вельмі хутка комплекс быў прададзены і пераабсталяваны пад суконную фабрыку. Ні пра якое захаванне яго велічы гаворкі не вялося. Комплекс моцна пацярпеў ад гаспадарчага выкарыстання, пажараў і войнаў.
На большасці вядомых выяў ён адлюстраваны ўжо ў досыць дэградаваным выглядзе, таму адзінай крыніцай для аднаўлення многіх рэчаў ёсць чарцяжы архітэктара Бекера.

Да такіх рэчаў належыць, напрыклад, выгляд даху, франтонаў, ляпніны і скульптурных кампазіцый на іх. Менавіта са з’яўленнем апошніх, у беласнежным выкананні (чаго таксама быць не магло), на тэатральным корпусе, скончылася яго вонкавае аднаўленне. На крайніх франтонах з’явіліся урны з гірляндамі, на цэнтральным — дзве валюты-завіткі і фігура Афіны ў рыштунку, з Эгідай і дзідай у руцэ, як і намалявана ў Бекера.
Неверагодна, але і тут рэстаўратары распісаліся ў прафесійнай непрыдатнасці. Яшчэ некалькі месяцаў таму, калі работы былі ў самым разгары, спецыялісты звярталі ўвагу, што з гэтымі франтонамі і скульптурамі не так абсалютна ўсё, але засталіся непачутымі.


У Бекера на чарцяжах на канцах франтонаў ёсць невялікія тумбы, на цэнтральным франтоне на іх ляжаць валюты (завіткі). Пры адбудове корпуса гэтыя тумбы вымуравалі, але пасля, калі ўзводзілі дах – іх збілі. Відаць, яны заміналі страхарам зрабіць усё проста і хутка. Цяпер, калі справа дайшла да скульптур, выявілася, што іх няма куды ставіць: дах цалкам завершаны, а тумбаў пад іх няма, — давялося рабіць новыя.
Калі з вазамі і Афінай больш-менш справіліся, то тое, што зрабілі з двума валютамі-завіткамі ператварыла ўсю рэстаўрацыю ў пасмешышча. Паколькі дах быў завершаны, аднавіць тумбы было складана — яны перакрывалі яндову, пералом даху, дзе стыкуюцца два схілы і па якім сцякае вада. Трэба было пераробліваць дах.
На крайніх франтонах проста адмовіліся ад тумбаў, але для цэнтральнага, відаць, ужо паспелі адліць валюты. У выніку для іх зрабілі вялікія, удвая большыя чым у Бекера, тумбы, але не ў тым месцы, а вышэй. Атрымаліся, як жартуюць, «вушкі на макушцы».
Спецыялісты тлумачаць, што таго, як зроблены гэтыя элементы на Ружанскім палацы ў час «рэстаўрацыі», не магло быць нідзе і ніколі. Класічная архітэктура разнастайная, але ў яе ёсць пэўныя строгія правілы — як тое, што ў порціку не можа быць пяць калон (адсюль і знакаміты выраз пра пятую калону). Такім жа правілам з’яўляецца і тое, што тумбы на франтоне заўсёды прывязаны да сцен, на якія ён абапіраецца.
Цяжка зразумець, ці зрабілі ў Ружанах так, таму што не маюць ніякага ўяўлення пра класічную архітэктуру, ці таму што замест здаровага сэнсу ў сферы пануе планавы фармалізм — валюты адлілі, а цяпер увапхніце іх хоць куды! У любым выпадку назваць гэта рэстаўрацыяй немагчыма, гэта — «і так пойдзе!».
Порцік, які забылі аднавіць

Адна з прычын, чаму для валют не хапіла месца, відаць, у тым, што чарцяжамі Бекера карысталіся як хацелі.
У праекце па цэнтры корпуса прыгожы порцік на чатырох парах калон дарычнага ордара. Якраз на франтоне порціка стаіць скульптура Афіны і зроблены вялікія валюты.
Вядома, чарцяжы не даюць 100-працэнтнай гарантыі, бо нешта магло быць нерэалізавана, а нешта магло быць рэалізавана інакш. Гэтак адбылося з самім палацам — яго руіны відавочным чынам адрозніваюцца ад першапачатковага праекта.

Але на іншым палацы Сапегаў у Дзярэчыне, які праектаваў той жа Бекер, рэалізаваны дакладна такі ж порцік, які мы бачым у ружанскім праекце. Найбольш верагодна, што і ў Ружанах порцік быў пабудаваны, але быў страчаны.
На карысць гэтага сведчыць і яшчэ адна дэталь, заўважаная спецыялістамі: на фота да рэстаўрацыі толькі ў гэтым месцы над пілястрамі бачныя адтуліны. У такія адтуліны ўстаўляліся драўляныя бэлькі, адзін канец якіх абапіраўся на сцяну, другі на калоны порціка.


У часе аднаўлення корпуса гэтая частка сцяны была вымуравана наноў, не пакінуўшы ніякіх слядоў ад адтулін, у якія мацаваліся бэлькі порціка. Доказы існавання порціка былі замецены ідэальна.
Дапусцім, што порцік сапраўды не рэалізавалі, а адтуліны ніяк не выкарыстоўваліся, але тады і скульптур, верагодна, не павінна было б быць. У Ружанах паўстаў свой монстр Франкенштэйна — брыдкая пачвара з кавалкаў розных праектаў, уяўленняў і меркаванняў, зляпаная без разумення і густу.
Ружанскі палац стаў ахвярай непрафесійнай, дырэктыўнай рэстаўрацыі, тут не змаглі даць рады ні колеру, ні формам, хоць усё ляжала на паверхні. Такую славутасць сорамна паказваць не толькі замежнікам, але і сваім грамадзянам. Адказных жа, відаць, зноў чакаюць падзякі і ўзнагароды да здадзены ў тэрмін аб’ект.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬСледам за Ружанамі. БНТУ перамалёўваюць у кіслотна-зялёныя колеры
Ружанскі палац перафарбуюць. Але выпраўляць будуць зусім не тое, чаго ўсе чакалі
З адрэстаўраванага кінатэатра «Перамога» прыбралі Пагоню
Які колер пасуе касцёлу Святога Язэпа — белы ці жоўты? Эстэтычная спрэчка з-за перафарбоўкі святыні
Каментары