Меркаванні5252

Мюнхенская прамова Вэнса пра новую палітыку ЗША і чаканні ад Еўропы — поўны тэкст

Віцэ-прэзідэнт ЗША, ад якога чакалі праграмных заяў па пытаннях вайны ва Украіне, замест гэтага прысвяціў сваю прамову канфлікту кансерватыўнай і ліберальнай ідэалогій, адкрыта заявіў пра падтрымку еўрапейскіх правых і выступіў з патрабаваннямі на іх карысць. Ён спрагназаваў канец саюзу ЗША і Еўропы, калі будзе нарастаць разыходжанне каштоўнасцяў.

Джэй Дзі Вэнс, Мюнхен, 14 лютага 2025 года. Фота AP Photo / Matthias Schrader

Яшчэ да пачатку Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы крыніцы паведамлялі, што віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс выступіць на ёй з прамовай, якая можа змяніць адносіны паміж двума бакамі Атлантыкі.

З улікам жорсткіх супярэчнасцяў еўрапейскіх сталіц з новымі ўладамі ЗША па пытаннях бяспекі — ад пагроз ЗША захапіць Грэнландыю, якая ёсць суверэннай тэрыторыяй Даніі, да разыходжання падыходаў да супрацьстаяння Расіі — ад гэтай прамовы чакалі адпаведных пасланняў. Аднак выявілася, што гаворка ішла пра зусім іншую тэму.

Джэй Дзі Вэнс, па сутнасці, абвясціў, што ЗША і Еўропу ў іх цяперашнім выглядзе не лучаць супольныя каштоўнасці.

Віцэ-прэзідэнт ЗША адкрыта заявіў пра падтрымку еўрапейскіх ультраправых і выступіў з патрабаваннямі на іх карысць — адкрыта падтрымаўшы падыход, які раней ад імя ЗША выкарыстоўваў толькі Ілан Маск.

Джэй Дзі Вэнс выставіў Еўропе патрабаванні, якія аўдыторыя сустрэла ледзяным маўчаннем. Сярод іх, напрыклад, спыненне барацьбы з дэзынфармацыяй. Тым больш што прамова Вэнса таксама ўтрымлівала шэраг падтасовак фактаў — самы яркі гэта была лічба мігрантаў у 2022 годзе.

Ідэі, закладзеныя ў прамове, адлюстроўваюць лад мыслення новай адміністрацыі ЗША. Мы пераклалі і публікуем поўны тэкст ягонага выступу.

Мюнхенская прамова віцэ-прэзідэнта ЗША Джэя Дзі Вэнса, 14 лютага 2025 года

Сёння я хачу пагаварыць з вамі пра нашы супольныя каштоўнасці.

Як вы ведаеце, я ўжо выступаў на Мюнхенскай канферэнцыі як сенатар. Але цяпер настаў час для ўсіх нашых краін, для ўсіх нас, каму народ даручыў уладу, мудра выкарыстоўваць яе дзеля паляпшэння жыцця людзей.

Мы, вядома, сабраліся тут, каб гаварыць пра бяспеку. І звычайна, калі мы ўзгадваем гэтае слова, гаворка ідзе пра вонкавыя пагрозы — у зале шмат выбітных вайсковых кіраўнікоў.

Але адміністрацыя Трампа вельмі занепакоеная еўрапейскай бяспекай і лічыць, што мы можам дасягнуць разумнага ўрэгулявання паміж Расіяй і Украінай. Пры гэтым мы перакананыя, што ў найбліжэйшыя гады Еўропа павінна сур'ёзна паскорыцца на шляху да забеспячэння ўласнай абароны.

Але мяне ў бяспецы Еўропы найбольш хвалюе не Расія, не Кітай, не любы іншы знешні актар. Мяне турбуе пагроза знутры.

Гэта адступленне Еўропы ад некаторых яе найбольш фундаментальных каштоўнасцяў. Каштоўнасцяў, якія яна заўсёды падзяляла са Злучанымі Штатамі Амерыкі.

Ці сапраўды мы ўсё яшчэ аб'яднаныя ў гэтых каштоўнасцях?

Мяне ўразіла, калі нядаўна я пачуў па тэлебачанні былога еўракамісара, які захапляўся дзеяннямі румынскага ўрада, што скасаваў вынікі выбараў, і папярэджваў, што, калі ўсё пойдзе не па плане, тое самае можа адбыцца і ў Германіі.

[Гаворка ідзе пра заяву французскага экс-камісара Т'еры Брэтона, які сапраўды выказаўся ў кантэксце спроб прадстаўнікоў новай адміністрацыі ЗША, у першую чаргу Ілана Маска, паўплываць на вынік нямецкіх выбараў. Тым не менш, меркаванне Брэтона не мае ніякага значэння ў Германіі, і нямецкія палітыкі пра такі сцэнар не гавораць. — НН]

Такія бесцырымонныя заявы для амерыканцаў — шок.

Нам гадамі казалі, што ўсё, што мы фінансуем і падтрымліваем у Еўропе, адбываецца дзеля нашых супольных дэмакратычных каштоўнасцяў. Усё — ад нашай палітыкі адносна Украіны да цэнзуры ў інтэрнэце — нам падавалі як абарону дэмакратыі.

Але калі мы бачым, як еўрапейскія суды адмяняюць адны выбары, а высокапастаўленыя чыноўнікі пагражаюць адмяніць наступныя, то мы павінны спытаць сябе: ці сапраўды мы яшчэ прытрымліваемся гэтых стандартаў?

І я кажу «мы», бо лічу, што мы ў адной камандзе.

Трэба не толькі казаць пра дэмакратычныя каштоўнасці — трэба жыць паводле іх

У гэтай зале шмат хто памятае, як у часы халоднай вайны ў Еўропе быў выразны падзел — абаронцы дэмакратыі супраць сілаў тыраніі. Як вы думаеце, на чыім баку ў гэтай барацьбе былі тыя, хто цэнзураваў дысідэнтаў, хто зачыняў цэрквы, хто адмяняў выбары?

Ці былі яны «добрымі хлопцамі»? Безумоўна, не.

І дзякуй Богу, што яны прайгралі халодную вайну. Яны прайгралі, бо не цанілі і не паважалі дар свабоды.

Свабоды думаць, памыляцца, вынаходзіць, будаваць.

Еўропа сёння

Калі я гляджу на Еўропу сёння, я не разумею, што здарылася з пераможцамі халоднай вайны.

Я гляджу на Брусэль, дзе ў Еўракамісіі папярэджваюць грамадзян, што будуць адключаць сацыяльныя сеткі ў выпадку беспарадкаў, калі яны заўважаць «кантэнт, які распальвае варожасць».

Я гляджу на Германію, дзе паліцыя праводзіць рэйды супраць грамадзян, падазраваных у публікацыі антыфеміністычных каментаў у інтэрнэце.

Я гляджу на Швецыю, дзе два тыдні таму ўрад вынес прысуд хрысціянскаму актывісту за ўдзел у спальванні Карана — за што перад гэтым забілі яго сябра.

[Такая гісторыя сапраўды мела месца, але Вэнс перакруціў яе дэталі. Рашэнне вынес суд, а не ўрад. Акрамя таго, удзельнікі акцыі не былі «хрысціянскімі актывістамі», а прысуд быў вынесены за парушэнне шведскага заканадаўства. — НН]

Тады суддзя халаднакроўна заявіў, што шведскія законы не даюць дазволу рабіць тое, што абражае перакананні групы людзей.

Але найбольш мяне турбуе тое, што я бачу ў Брытаніі, у нашых вельмі блізкіх сяброў, якія адступілі ад права на свабоду сумлення так, што паставілі пад пагрозу асноўныя свабоды рэлігійных брытанцаў.

Трохі больш за два гады таму брытанскі ўрад абвінаваціў 51-гадовага Адама Сміта Конэра ў агідным злачынстве: ён стаяў і моўчкі маліўся за 50 метраў ад клінікі, дзе рабілі аборты. Нікому не перашкаджаючы, ні з кім не размаўляючы, проста моўчкі молячыся ў адзіноце. Калі брытанскія праваахоўнікі заўважылі яго і спыталі, пра што ён моліцца, Адам адказаў проста: за свайго ненароджанага сына. Ягоная былая дзяўчына зрабіла аборт некалькі гадоў таму.

Адама прызналі вінаватым у парушэнні закона, які крыміналізуе малітву і іншыя дзеянні, што могуць паўплываць на рашэнне чалавека, за 200 метраў ад клінікі, дзе робяць аборты. Ён мусіў сплаціць тысячу фунтаў.

Хацеў бы я сказаць, што гэта выпадковасць — адзінкавы вар'яцкі выпадак прымянення дрэнна напісанага закона.

Але не. У кастрычніку мінулага года, усяго некалькі месяцаў таму, шатландскі ўрад пачаў рассылаць лісты грамадзянам, чые дамы знаходзяцца ў так званых зонах бяспечнага доступу, папярэджваючы іх, што нават прыватная малітва ва ўласным доме можа быць прыраўняная да парушэння закона.

І, вядома, урад заклікаў паведамляць пра падазраваных у здзяйсненні «злачынства думкі» ў Брытаніі і па ўсёй Еўропе.

[Урад Шатландыі адразу выступіў з заявай, у якой цалкам абверг словы Вэнса. Урад настойвае, што ніякіх абмежаванняў на малітву ў доме, нават у межах бяспечнай зоны, няма, што ніякіх такіх лістоў не высылалі, а мэта закона — забеспячэнне прыватнасці жанчын у такіх установах і абарона іх ад харасменту — НН]

Баюся, што свабода слова адступае.

Гэта камічна, сябры мае, але дзеля праўды я таксама прызнаю, што часам самыя гучныя галасы на карысць цэнзуры чуваць таксама з ЗША, дзе папярэдняя адміністрацыя пагражала і запалохвала сацыяльныя сеткі, патрабуючы ад іх цэнзураваць так званую дэзынфармацыю.

Называючы дэзынфармацыяй, напрыклад, тое, што каранавірус, падобна, быў уцечкай з біялабараторыі ў Кітаі. Урад ЗША штурхаў прыватныя кампаніі да таго, каб яны змушалі маўчаць людзей, якія адважваліся паведаміць пра відавочную праўду.

Але я прыйшоў сюды сёння не проста гаварыць, а прапаноўваць.

Урад Байдэна адчайна спрабаваў прымусіць замаўчаць людзей, якія проста выказвалі сваю думку — але ўрад Трампа будзе рабіць усё наадварот.

І я спадзяюся, што мы зможам працаваць над гэтым разам.

У Вашынгтоне — новы шэрыф.

Пад кіраўніцтвам Дональда Трампа мы можам не згаджацца з вашымі поглядамі, але мы будзем абараняць ваша права выказваць іх публічна.

А цяпер усё пагоршала настолькі, што ў снежні гэтага года Румынія адкрыта скасавала вынікі прэзідэнцкіх выбараў на падставе няпэўных падазрэнняў спецслужбаў і велізарнага ціску з боку еўрапейскіх суседзяў.

Аргументам было тое, што расійская дэзынфармацыя «зламала» румынскія выбары. Але я прашу нашых еўрапейскіх сяброў паглядзець на гэта шырэй. Вы можаце лічыць, што Расія не павінна купляць рэкламу ў сацсетках, каб уплываць на вашыя выбары. Мы таксама так лічым. Вы нават можаце асуджаць гэта на сусветнай арэне.

Але калі вашу дэмакратыю можна разбурыць з іншай краіны, уклаўшы ўсяго некалькі соцень тысяч долараў у рэкламу ў інтэрнэце, то перш за ўсё гэта азначае, што гэтая дэмакратыя ад самага пачатку не была вельмі моцнай.

А добрая навіна ў тым, што вашы дэмакратыі, я ўпэўнены, значна менш крохкія, чым многія з вас баяцца.

Я веру, што грамадзяне стануць мацнейшымі, калі дазволіць ім выказваць сваё меркаванне. І тут мы зноў вяртаемся ў Мюнхен, дзе арганізатары менавіта гэтай канферэнцыі забаранілі дэпутатам, якія прадстаўляюць папулісцкія партыі з левага і правага флангу, удзельнічаць у гэтай сустрэчы.

Мы не абавязаныя згаджацца з усім, што кажуць гэтыя людзі. Але калі палітычныя лідары прадстаўляюць частку электарату, мы, прынамсі, абавязаныя весці з імі дыялог.

Тое, што адбываецца цяпер, для нас па той бок Атлантыкі нагадвае старыя ўкаранёныя інтарэсы, якія хаваюць за агіднымі словамі савецкіх часоў — накшталт «дэзынфармацыя».

Хоць на самай справе вам проста не падабаецца думка пра тое, што нехта мае альтэрнатыўны пункт гледжання і можа яго выказаць.

Або, не дай Божа, прагаласаваць інакш.

Або, яшчэ горш, перамагчы на выбарах.

Гэта канферэнцыя па бяспецы.

Я ўпэўнены, што вы ўсе прыйшлі сюды, каб абмеркаваць, як менавіта вы плануеце павялічыць абаронныя выдаткі на працягу наступных некалькіх гадоў. І гэта цудоўна, таму што прэзідэнт Трамп выразна пазначыў, што нашы еўрапейскія сябры павінны адыгрываць большую ролю ў будучыні вашага кантынента.

Я не думаю, што вы сапраўды чуеце, што гаворка ідзе пра «размеркаванне цяжару».

Але мы лічым важным складнікам нашай кааліцыі тое, што еўрапейцы павінны актывізавацца. Бо Амерыка засяроджваецца на рэгіёнах свету, дзе існуе вялікая небяспека.

І я хачу спытаць: як наогул можна абмяркоўваць размеркаванне бюджэтных выдаткаў у сітуацыі, калі мы не разумеем, што менавіта мы абараняем у Еўропе?

Я ўжо шмат чаго пачуў у сваіх размовах з многімі людзьмі, якія сабраліся тут. Я шмат чуў пра тое, ад чаго вам трэба абараняцца.

Гэта, вядома, важна.

Але мне, як і многім грамадзянам Еўропы, не зусім зразумела, што менавіта вы абараняеце.

Якім ёсць пазітыўнае бачанне, дзеля якога дзейнічае наш дагавор аб супольнай бяспецы, такі важны дагавор?

Я глыбока перакананы, што бяспека немагчымая ва ўмовах, калі вы баіцеся галасоў, думак і веры, якой кіруецца ваш уласны народ.

Перад Еўропай стаіць шмат выклікаў.

Але крызіс, з якім цяпер сутыкаецца гэты кантынент — і крызіс, з якім, я лічу, сутыкнуліся мы ўсе — гэта крызіс, які мы самі сабе стварылі.

Калі вас жахаюць уласныя выбарцы, Амерыка вам не дапаможа.

А вы нічога не можаце зрабіць для амерыканскага народа, які выбраў мяне і прэзідэнта Трампа.

Вам трэба атрымаць дэмакратычны мандат, каб дасягнуць чагосьці значнага ў найбліжэйшыя гады.

І неймаверна, што вы не зразумелі, што пераканаўчая перамога на выбарах дае стабільны вынік.

І наадварот, ёсць шмат важнага, чаго можна дасягнуць, толькі калі на выбарах вы былі больш чулымі да галасоў сваіх грамадзян.

З усіх выклікаў, якія стаяць перад Еўропай, няма нічога больш надзённага, чым масавая міграцыя.

Сёння амаль кожны пяты чалавек, які жыве ў Германіі, прыехаў сюды з-за мяжы.

Гэта гістарычны рэкорд.

Дарэчы, такі самы паказчык і ў Злучаных Штатах — таксама гістарычны максімум.

Колькасць імігрантаў, якія ўехалі ў ЕС з краін, што не ўваходзяць у ЕС, падвоілася толькі за перыяд паміж 2021 і 2022 гадамі.

І, вядома, далей яшчэ павялічылася.

[Вэнс выбраў для прыкладу год пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны, якая прымусіла мільёны ўкраінцаў, пераважна жанчын, выехаць у ЕС, ратуючыся ад ваенных дзеянняў, што стала прычынай гэтага рэзкага росту. Але ён не патлумачыў сапраўдную крыніцу гэтага росту. — НН]

І мы ведаем, што гэтая сітуацыя ўзнікла не ў вакууме. Гэта — вынік шэрагу свядомых рашэнняў, прынятых палітыкамі на кантыненце і ва ўсім свеце на працягу дзесяцігоддзяў.

Мы бачылі жахі, выкліканыя гэтымі рашэннямі, учора ў гэтым самым горадзе.

Але чаму гэта наогул адбылося?

Гэта жахлівая гісторыя, падобныя да якой мы чулі шмат разоў і ў Еўропе, і ў ЗША. Шукальнік прытулку, часта малады мужчына ўзростам каля 20 гадоў, які ўжо знаходзіўся ў полі зроку паліцыі, пратараніў аўтамабілем натоўп.

Колькі разоў мы павінны перажыць гэтыя жахі, перш чым мы зменім курс і павядзем нашу супольную цывілізацыю ў новым кірунку?

Ніводзін выбаршчык у Еўропе не ішоў на выбары з жаданнем адкрыць дзверы мільёнам мігрантаў, не правяраючы іх. Замест гэтага людзі галасавалі за Brexit.

І ўсё больш людзей у Еўропе галасуюць за палітычных лідараў, якія абяцаюць пакласці канец некантраляванай міграцыі.

Я лічу, што гэтыя людзі проста клапоцяцца пра свой дом, пра свае мары, пра бяспеку — сваю і сваіх дзяцей. І гэтыя людзі — разумныя.

Гэта адна з самых важных рэчаў, якія я засвоіў у палітыцы.

Насуперак таму, што вы чуеце дзесьці ў Давосе, грамадзяне не лічаць сябе «асвечанымі жывёламі» або ўзаемазаменнымі «шрубкамі глабальнай эканомікі».

І яны не хочуць бачыць, што іх лідары іх бязлітасна ігнаруюць.

Таму гэта пытанне дэмакратыі — каб гэтыя пытанні вырашаліся на выбарах.

Я лічу, што ігнараванне людзей або іх праблем, а тым больш закрыццё медыя, выбараў або выключэнне людзей з палітычнага працэсу — нічога не абараняе.

Наадварот, гэта самы дакладны спосаб знішчыць дэмакратыю.

Гаварыць і выказваць сваё меркаванне — гэта не ўмяшанне ў выбары.

Нават калі гаворка ідзе пра погляды, што паходзяць з-за межаў вашай краіны.

Нават калі гэтыя людзі вельмі ўплывовыя.

Паверце мне, хай гэта гучыць як жарт, але калі амерыканская дэмакратыя змагла перажыць дзесяць гадоў абразаў ад Грэты Тунберг, то вы, хлопцы, зможаце перажыць некалькі месяцаў Ілана Маска.

Але чаго не перажыве ніводная дэмакратыя — амерыканская, нямецкая ці еўрапейская — гэта заяў мільёнаў выбаршчыкаў пра тое, што іхнія думкі і клопат, іхнія памкненні і просьбы не вартыя нават разгляду.

Дэмакратыя грунтуецца на святым прынцыпе, што голас народа мае значэнне.

Тут няма месца для выключэнняў — вы або падтрымліваеце гэты прынцып, або не.

Еўрапейцы маюць права голасу.

Не трэба баяцца будучыні.

Прыслухайцеся да таго, што вам кажуць вашыя людзі, нават калі вы не згодныя.

У гэтым заключаецца вялікая магія дэмакратыі.

Яна не ў прыгожых гатэлях і нават не ў вялікіх інстытуцыях, якія мы пабудавалі разам.

…Як калісьці сказаў Папа Ян Павел II: «Не бойцеся».

Мы не павінны баяцца нашых людзей, нават калі яны выказваюць погляды, якія не супадаюць з меркаваннем іх кіраўніцтва.

Поспехаў вам і хай благаславіць вас Госпад.

(Пры падрыхтоўцы каментароў ад Рэдакцыі мы выкарысталі каментары ўкраінскага выдання «Европейська правда».)

Каментары52

  • AlexxelA
    16.02.2025
    гэты Гары-снежны-чалавек хоць разумее тое, што яму напісалі спітчрайтэры? Ці ён пераблытаў тэксты? Бо тэма канферэнцыі была здаецца пытанні бяспекі, а не асаблівасці плебісцытаў і перакосы судовай улады ў некаторых краінах.
  • Gorliwy Litwin
    16.02.2025
    ён памыліўся ў пэўных канкрэтных рэчах, і за гэта яго можна і трэба крытыкаваць, аргументавана, але агульная ідэя ягонай прамовы мне вельмі імпануе. Шкада што ён больш выразна не сказаў пра агульныя біблейскія карані Захаду. Прытым, я катэгарычна не падтрымліваю спальванне Карану -адзін з прыкладаў, дзе яму можна было б аргументавана запярэчыць. Трэйці сектар нам амаль 30 гадоў назойліва жужжаў пра нейкія "еўрапейскія каштоўнасці", а сёння Вэнс выразна паказаў што незразумела ў чым яны заключаюцца. Яўна гэта не тыя каштоўнасці па якіх Еўропа жыла 1500 гадоў, з 4 па 19 стагоддзе. Асабіста я па "каштоўнасцях" Дж. Сораса, Славоя Жыжэка, Ноя Чомскі або Грэты Тунберг жыць не збіраюся, і заклікаю ўсіх рашуча адмовіцца ад гэтых фальшывых "каштоўнасцяў". Вельмі шкада Украіну што яна дапусціла да сябе ўсю гэтую сарасяціну, што прынесла ёй у выніку не менш бяды чым прамая расійская агрэсія.
  • Очэнь інцярэсна
    16.02.2025
    ЗША канешне яшчэ тыя шоўмэны-комерсы, спачатку дзесяцігоддзямі насаджалі рознае гейства, шматлікія гендары, бінарныя асобы, квіры, шміры, а цяпер за іншыя каштоўнасці і скрэпв сталі тапіць.

Цяпер чытаюць

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам6

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам

Усе навіны →
Усе навіны

УСУ вярнуліся ў цэнтр Тарэцка і стварылі пагрозу атачэння расійскай групоўкі ў горадзе2

«Трамп і Вэнс хацелі прынізіць Зяленскага. Вось чаму яны зладзілі прамую трансляцыю гэтага відовішча»35

Вольга Лойка лічыць вываз усіх беларускіх палітвязняў за мяжу добрым варыянтам24

Святлана Алексіевіч: Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта фашызм35

Нявестка Лукашэнкі анансавала працяг свайго «Марафона адзінства» — праект «Час любіць сваё»14

Стала вядома, у чым абвінавачваюць былога гендырэктара «Беллакта» Аляксея Грытусева4

Трамп аб'явіў афіцыйнай мовай ЗША англійскую. Да гэтага часу ў ЗША афіцыйнай мовы не было7

«Боты — боты — боты — боты рухаюцца з тупатам! Адпачынку няма на вайне!» Апакаліптычны верш наводзіць жах на тыкток6

Чаму тры гады вайны не абрынулі эканомікі Расіі і Беларусі? І што будзе, калі заключаць перамір'е?24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам6

Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм‘ерам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць