«Лістоў шчасця» (пастаноў аб накладанні спагнання за адміністрацыйнае правапарушэнне) сталічны кіроўца чакаў яшчэ з пачатку студзеня, бо заўважыў успышкі ад спрацоўвання камер. Але вырашыў абскардзіць штрафы, калі яны прыйдуць. І ў яго гэта атрымалася.

— Рухаючыся па трасе Мінск — Магілёў, «злавіў» дзве камеры. Пры гэтым дарожныя знакі на працягу ўсёй трасы былі залеплены снегам, і нічога не было відаць. Вызначыць хуткасць альбо зусім немагчыма, альбо вельмі складана, — распавёў аўтааматар журналісту Onlíner.
— На трасе абмежаванне 120 км/г, упершыню на знаку ўбачыў дзве лічбы — падумаў, што 90 км/г, скінуў хуткасць і атрымаў фота. Вельмі здзівіўся. У другі раз увогуле не было відаць, якое абмежаванне, але паколькі да гэтага было 120 км/г, так і працягваў рух.
У канцы студзеня прыйшла пастанова аб накладанні спагнання за адміністрацыйнае правапарушэнне (толькі адна). Мужчына падаў скаргу ў раённы аддзел ДАІ па месцы рэгістрацыі. Разам са скаргай забралі і арыгінал пастановы. Таксама ён перадаў на дыску фота і відэа, якія пацвярджалі, што дарожныя знакі былі залеплены снегам.

— На днях прыйшло паведамленне аб спыненні справы і адмене пастановы. Так што ўсё магчыма, — падсумаваў мужчына.
Гэты выпадак пацвярджае, што часам штраф з камеры фотафіксацыі можна аспрэчыць. Але для гэтага патрэбны падставы і доказы.
Каментары