«Будзем адкрытыя: калі не Брусэль, то Масква». Зяленскі ў Мюнхене выступіў як ідэолаг моцнай аб'яднанай Еўропы
15 лютага на Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі з праграмнай прамовай выступіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У ёй ён сказаў шмат важных рэчаў, датычных бачання Украінай не толькі ўласнай будучыні, але і будучыні ўсяго рэгіёну і кантынента, а таксама ролі аб'яднанай Еўропы ў новых абставінах. Дзеля выключнай важнасці сказанага ў тым ліку і для Беларусі мы падаем гэтую прамову цалкам.

Паважанае спадарства!
У пачатку канферэнцыі кожная краіна звычайна дзеліцца сваёй пазіцыяй, прыярытэтамі — афіцыйна, адкрыта або ў нефармальнай размове з журналістамі, з партнёрамі.
А сёлета краіна, якая нават не была запрошаная, усё ж заявіла пра сваю прысутнасць. Краіна, пра якую тут усе гавораць — і не ў найлепшым сэнсе.
Сёлета ноччу перад «Мюнхенам» расійскі ўдарны беспілотнік ударыў у саркафаг, які накрывае разбураны чацвёрты рэактар Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Гэта быў мадыфікаваны дрон «шахед» — расійскі дрон, тэхналогію вырабу якога Іран перадаў Расіі. Ягоная боегалоўка несла не менш за 50 кілаграмаў выбухоўкі. І мы разглядаем гэта як надзвычай сімвалічны крок з боку Расіі, з боку Пуціна.
Толькі нядаўна ва Украіне мы абмяркоўвалі вырашальную ролю ядзернай энергетыкі ў забеспячэнні жыццядзейнасці краіны нягледзячы на пастаянныя атакі Расіі на нашу ўкраінскую энергетычную інфраструктуру. Цяпер мы рыхтуем праект пашырэння нашай Хмяльніцкай атамнай электрастанцыі — літаральна за дзень да «Мюнхена» я быў там, на станцыі, — з удзелам амерыканскага бізнэсу, у прыватнасці кампаніі Westinghouse. Гэты праект умацуе энергетычную бяспеку не толькі Украіны, але і ўсяго нашага еўрапейскага рэгіёну.
А яшчэ мы таксама нядаўна гаварылі з прэзідэнтам Трампам і ягонай камандай пра ядзерную энергетыку і найбуйнейшую ў Еўропе атамную электрастанцыю — нашу Запарожскую АЭС, якую цяпер акупавала Расія. І Расія адказала, адправіўшы беспілотнік, каб паразіць чарнобыльскі саркафаг, дзе захоўваюцца радыеактыўны пыл і абломкі.
І гэта не нейкае вар'яцтва. Гэта пазіцыя Расіі. Краіна, якая наносіць такія ўдары, не хоча міру. Не. Не хоча. Яна не рыхтуецца да дыялогу.
Амаль штодня Расія накіроўвае на нас да сотні, а то і больш «шахедаў». Штодня. І рэгулярна атакуе балістычнымі ракетамі. І пастаянна павялічвае колькасць авіяўдараў.
Але гэта яшчэ не ўсё. Сёлета Масква плануе стварыць 15 новых дывізій, павялічыўшы колькасць да 150 тысяч салдат. Гэта больш, чым нацыянальныя арміі пераважнай большасці еўрапейскіх краін. Расія штотыдзень адкрывае новыя прызыўныя пункты. І Пуцін можа сабе гэта дазволіць — цэны нафты ўсё яшчэ досыць высокія, каб ён мог ігнараваць свет.
І ў нас ёсць дакладныя разведданыя, што гэтым летам Расія плануе адправіць войскі ў Беларусь на падставе вучэнняў. Але менавіта так яны разгортвалі войскі перад поўнамаштабным уварваннем ва Украіну тры гады таму. Ці прызначаныя гэтыя расійскія сілы ў Беларусі для нападу на Украіну? Магчыма. А можа, і не. Ці, можа быць, яны для вас.
Дазвольце мне нагадаць вам: Беларусь мяжуе з трыма краінамі НАТА. Яна фактычна стала плацдармам для расійскіх ваенных аперацый. Са слоў як Пуціна, так і Лукашэнкі, у Беларусі цяпер размешчаная забароненая зброя — ракеты сярэдняй далёкасці і нават ядзерная зброя. Відавочна, што Пуцін разглядае Беларусь як чарговую расійскую правінцыю.
І мы павінны быць рэалістамі — калі хтосьці стварае ваенны плацдарм, мы павінны спытаць: што нам з гэтым рабіць? І, што больш важна: што мы можам зрабіць да наступнага нападу, наступнага ўварвання?
Узгадайце, на польскай і літоўскай межах з Беларуссю ўжо былі правакацыі, звязаныя з міграцыйным крызісам, якія зладзіла расійская разведка, каб пасеяць хаос у Еўропе. Але што, калі наступным разам гэта будуць не мігранты? Што, калі гэта будуць расійскія войскі? Ці паўночнакарэйскія войскі?
Не рабіце хібных высноў — паўночныя карэйцы не слабыя. Цяпер яны вучацца ваяваць, весці сучасную вайну.
А як наконт вашых армій? Ці гатовыя яны? І калі Расія пачне аперацыю пад чужым сцягам ці проста без апазнавальных знакаў з тэрыторыі Беларусі, як гэта было з Крымам у 2014 годзе, як хутка адрэагуюць саюзнікі? І ці адрэагуюць наогул?
Учора тут, у Мюнхене, віцэ-прэзідэнт ЗША ясна даў зразумець: дзесяцігоддзі, паводле яго слоў, дзесяцігоддзі ранейшых адносін паміж Еўропай і Амерыкай заканчваюцца. З гэтага часу ўсё будзе па-іншаму, і Еўропа павінна адаптавацца да гэтага.
Спадарства! Я веру ў Еўропу. І вы таксама верыце. І я заклікаю вас дзейнічаць — дзеля сябе і дзеля Еўропы, народаў Еўропы, вашых нацый, вашых дамоў, вашых дзяцей і нашай агульнай будучыні. Для гэтага Еўропа павінна стаць самадастатковай — аб'яднанай агульнай сілай, украінскай і еўрапейскай.
Цяпер украінская армія дзякуючы сусветнай падтрымцы — шчыра дзякуем за яе, — стрымлівае Расію. Але калі не мы, то хто іх спыніць? На самай справе! Давайце будзем сумленнымі: цяпер мы не можам адмовіцца ад магчымасці таго, што Амерыка можа сказаць «не» Еўропе ў дачыненні да праблем, якія ёй пагражаюць.
Многія, вельмі многія лідары казалі пра тое, што Еўропе патрэбныя ўласныя ўзброеныя сілы, армія — армія Еўропы. І я шчыра веру, што гэты час прыйшоў. Неабходна стварыць узброеныя сілы Еўропы. Гэта не складаней, чым рашуча супрацьстаяць расійскім нападам, як мы гэта ўжо робім.
Але гаворка ідзе не толькі пра павелічэнне абаронных выдаткаў як долі ВУП. Грошы, вядома, патрэбныя, але самі па сабе грошы не спыняць варожы наступ. Людзі і зброя не даюцца дарма, але, зноў жа, справа не толькі ў бюджэце. Справа ва ўсведамленні людзьмі неабходнасці абараняць свой уласны дом.
Без украінскай арміі еўрапейскіх армій будзе недастаткова, каб спыніць Расію. Гэта рэаліі сучаснасці. Толькі наша армія ў Еўропе мае сапраўдны, сучасны баявы вопыт. Але адной нашай арміі таксама недастаткова. І нам трэба тое, што вы можаце даць. Зброю. Навучанне. Санкцыі. Фінансаванне. Палітычны ціск. І адзінства.
Тры гады поўнамаштабнай вайны даказалі, што мы ўжо маем аснову для аб'яднаных еўрапейскіх Узброеных сіл. І цяпер, калі мы вядзем гэтую вайну і закладаем асновы міру ды бяспекі, мы павінны пабудаваць Узброеныя сілы Еўропы. Каб будучыня Еўропы залежала толькі ад еўрапейцаў і рашэнні пра Еўропу прымаліся ў Еўропе.
Менавіта таму мы гаворым з еўрапейскімі лідарамі і са Злучанымі Штатамі пра вайсковыя кантынгенты, якія могуць забяспечыць мір, і не толькі ва Украіне, але і ва ўсёй Еўропе. І менавіта таму мы развіваем сумесную вытворчасць зброі, асабліва беспілотнікаў. Найперш.
Напрыклад, дацкая мадэль сумеснага інвеставання ў вытворчасць узбраенняў у нашай краіне ўжо добра працуе, вельмі, вельмі, вельмі паспяхова. Толькі летась дзякуючы намаганням украінцаў і партнёраў мы вырабілі больш за 1,5 мільёна беспілотнікаў розных тыпаў.
Украіна сёння з'яўляецца сусветным лідарам у выкарыстанні беспілотнікаў у баявых дзеяннях. Гэта наш поспех. Але гэта таксама і ваш поспех. Безумоўна. І ўсё, што мы будуем для сваёй абароны ва Украіне, умацоўвае і вашу бяспеку. Гэта ж павінна тычыцца і артылерыі, і супрацьпаветранай абароны, і тэхналогій, і бранятэхнікі.
Усё, што трэба для абароны жыцця ў сучаснай вайне, павінна вырабляцца ў Еўропе ў поўным аб'ёме. Еўропа мае ўсё неабходнае.
Еўропе проста трэба аб'яднацца і пачаць дзейнічаць так, каб ніхто не мог сказаць Еўропе «не», камандаваць ёю або звяртацца з ёй, як са слабой сілай. Гаворка ідзе не толькі пра назапашванне зброі. Гаворка ідзе пра працоўныя месцы, тэхналагічнае лідарства і эканамічную моц для Еўропы.
Мінулай восенню ў сваім Плане перамогі я прапанаваў замяніць частку амерыканскага кантынгенту ў Еўропе на ўкраінскія войскі — вядома, калі Украіна будзе ў НАТА. Калі амерыканцы самі вырашаць пайсці гэтым шляхам і паменшыць сваю прысутнасць — гэта, вядома, нядобра, гэта вельмі небяспечна, але мы ўсе ў Еўропе павінны быць гатовыя да гэтага. І я пачаў казаць пра гэта яшчэ да выбараў у ЗША, бо бачыў, куды рухаецца амерыканская палітыка.
Але Амерыка павінна ўбачыць, куды рухаецца Еўропа. І гэты кірунак еўрапейскай палітыкі павінен быць не проста шматабяцальным — ён павінен выклікаць у Амерыкі жаданне быць побач з моцнай Еўропай. Гэта абсалютна магчыма. Я ў гэтым упэўнены. І мы павінны фармаваць гэты курс, Еўропа павінна сама вызначаць сваю будучыню. Нам неабходная ўпэўненасць ва ўласнай сіле, каб у астатніх не было іншага выбару, акрамя як паважаць еўрапейскую сілу. А без еўрапейскай арміі гэта немагчыма.
Яшчэ раз паўтараю: Еўропе патрэбныя ўласныя ўзброеныя сілы. І я ведаю, я ведаю, што Марк Рутэ, мой добры сябар, цяпер мяне слухае. Марк, сябар, гаворка не ідзе пра замену альянсу. Гэта робіць уклад Еўропы ў наша партнёрства роўным укладу Амерыкі. І нам патрэбны такі ж падыход, калі справа даходзіць да дыпламатыі: працаваць разам дзеля міру.
Украіна ніколі не пагодзіцца на пагадненні, заключаныя за нашай спінай, без нашага ўдзелу. І гэта ж правіла павінна прымяняцца да ўсёй Еўропы. Ніякіх рашэнняў па Украіне без Украіны. Ніякіх рашэнняў па Еўропе без Еўропы. Еўропа павінна мець месца за сталом, калі прымаюцца рашэнні па Еўропе. Усё астатняе — нішто.
Калі мы застанемся па-за перамовамі адносна нашай уласнай будучыні, то мы ўсе прайграем. Паглядзіце, што цяпер спрабуе зрабіць Пуцін. Гэта яго гульня. Пуцін хоча перамоў з Амерыкай тэт-а-тэт — гэтак жа, як перад вайной, калі яны сустрэліся ў Швейцарыі і, здавалася, збіраліся падзяліць свет. Далей Пуцін паспрабуе дамагчыся таго, каб прэзідэнт ЗША стаяў на Краснай плошчы 9 мая гэтага года не як шаноўны лідар, а як масоўка ў ягоным спектаклі.
Нам гэта не трэба. Нам патрэбны сапраўдны поспех. Нам патрэбен сапраўдны мір. Некаторыя ў Еўропе, магчыма, не да канца разумеюць, што цяпер адбываецца ў Вашынгтоне. Але давайце засяродзімся на разуменні саміх сябе проста тут, у Еўропе. Спачатку мы павінны даць сілу Еўропе.
Ці патрэбна Еўропа Амерыцы? Як рынак збыту — так. Але як саюзнік? Не ведаю. Каб адказ быў «так», Еўропе патрэбен адзіны голас, а не дзясятак асобных галасоў. Нават тыя, хто рэгулярна прыязджае ў Мар-а-Лага, павінны быць часткай моцнай Еўропы, таму што прэзідэнт Трамп не любіць слабых сяброў. Ён паважае сілу.
Далей. Некаторыя ў Еўропе могуць адчуваць незадаволенасць у дачыненні да Брусэля. Але будзем адкрытыя: калі не Брусэль, то Масква. Гэта ваша рашэнне. Гэта геапалітыка. Гэта гісторыя. Масква разарве Еўропу на часткі, калі мы, еўрапейцы, не будзем давяраць адзін аднаму.
Некалькі дзён таму прэзідэнт Трамп расказаў мне пра сваю размову з Пуціным. Ён ні разу не згадаў, што Амерыцы патрэбна Еўропа за гэтым сталом. Гэта пра многае кажа. Старыя часы, калі Амерыка падтрымлівала Еўропу проста таму, што яна заўсёды гэта рабіла, прайшлі.
Але прэзідэнт Трамп аднойчы сказаў: важная не тая сям'я, у якой ты нарадзіўся, а тая, якую ты пабудаваў. Мы павінны пабудаваць як мага больш цесныя адносіны з Амерыкай — і так, новыя адносіны, — але як еўрапейцы, а не проста як асобныя нацыі. Вось чаму нам патрэбна адзіная знешняя палітыка, скаардынаваная дыпламатыя — знешняя палітыка агульнай Еўропы. І хай заканчэнне гэтай вайны стане нашым першым агульным поспехам у гэтай новай рэальнасці.
І мы ўжо працуем над тым, каб 24 лютага, у трэцюю гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расіі, мы маглі сабрацца разам у Кіеве ўжывую і анлайн. Усе еўрапейскія лідары. Усе ключавыя партнёры, якія абараняюць нашу бяспеку. Ад Іспаніі да Фінляндыі. Ад Вялікабрытаніі да Польшчы. Ад Вашынгтона да Токіа. Гэтая сустрэча павінна даць дакладнае ўяўленне пра нашыя наступныя крокі ў дачыненні да міру, гарантый бяспекі і будучыні нашай агульнай палітыкі.
І я не веру ў гарантыі бяспекі без Амерыкі — так, яны будуць проста слабымі. Але Амерыка не дасць гарантый, калі сама Еўропа не будзе мець моцных гарантый.
Я таксама не буду здымаць пытанне сяброўства Украіны ў НАТА з парадку дня. Але цяпер самым уплывовым чальцом НАТА, відавочна, з'яўляецца Пуцін, бо ягоныя капрызы здольныя блакаваць пастановы НАТА. І гэта пры тым, што менавіта ўкраінскае войска спыніла Расію — не краіна НАТА, не войскі НАТА, а толькі наш народ і наша армія.
На баку Украіны ў гэтай вайне не ваююць замежныя арміі. Але Пуцін страціў у гэтай вайне амаль 250 тысяч салдат. Больш за 610 тысяч былі параненыя. Толькі ў Курскай бітве нашы войскі знішчылі амаль 20 тысяч расійскіх салдат. Мы цалкам знішчылі паўночнакарэйскія падраздзяленні, якія Пуцін быў вымушаны ўвесці, таму што яго ўласных сіл не хапала, каб стрымаць наша контрнаступленне.
Ужо больш за паўгода ўкраінцы ўтрымліваюць пазіцыі на расійскай тэрыторыі, хоць менавіта Расія хацела стварыць буферную зону на нашай зямлі, ва Украіне.
Я ганаруся Украінай. Я ганаруся нашым народам. Але цяпер я прашу вас — кожнага з вас — шчыра адказаць на гэтае пытанне: калі б Расія прыйшла па вас, магла б ваша армія ваяваць гэтак жа сама? Я не хачу, каб камусьці калі-небудзь даводзілася гэта высвятляць — не дай Бог.
Вось чаму мы гаворым пра гарантыі бяспекі. І менавіта таму мы лічым, што асновай любых гарантый бяспекі для Украіны павінна быць сяброўства ў НАТА. Або, калі не гэта, то ўмовы, якія дазволяць нам пабудаваць іншае НАТА проста тут, ва Украіне. Таму што ў нейкі момант будзе грань паміж вайной і мірам. Дзе гэтая мяжа будзе праведзеная і наколькі яна будзе трывалай, залежыць ад нас.
Мая прапанова: усходняя мяжа Украіны, усходняя мяжа Беларусі, усходнія межы краін Балтыі, усходняя мяжа Фінляндыі. Гэта самая моцная лінія бяспекі для ўсіх нас у Еўропе, таму што гэта лінія міжнароднага права.
І ці памятаем мы яшчэ, што такое міжнароднае права? Давайце будзем шчырымі: «міжнароднае права» — гэтыя два словы ўжо гучаць крыху састарэла. Але місія Еўропы павінна быць, каб міжнароднае права па-ранейшаму мела значэнне.
І нарэшце — апошні пункт. Якія гарантыі бяспекі можа прапанаваць Пуцін? Да вайны многія сумняваліся, ці змогуць украінскія інстытуты вытрымаць ціск Расіі і Пуціна. Але ўрэшце менавіта Пуцін сутыкнуўся з унутраным узброеным паўстаннем. Менавіта яму давялося абараняць сваю сталіцу ад сваіх ваеначальнікаў. Ужо адно гэта сведчыць пра яго слабасць.
Дык што ж будзе з мільёнам расійскіх салдат, якія цяпер ваююць ва Украіне? Дзе яны будуць ваяваць, калі не ва Украіне? Вось чаму мы не можам проста пагадзіцца на спыненне агню без рэальных гарантый бяспекі, без ціску на Расію, без сістэмы стрымлівання Расіі.
Каб ваяваць з намі, Пуцін сцягнуў войскі з Сірыі, з Афрыкі, з Каўказа, нават з часткі Малдовы. І цяпер ён сутыкаецца з недахопам баявых сіл. І калі гэтая вайна скончыцца не так, як трэба, у яго будзе лішак правераных у баях салдат, якія не ўмеюць нічога, акрамя як забіваць і марадзёрстваваць.
І гэта яшчэ адна прычына, чаму лёс гэтай вайны не могуць вызначыць толькі некалькі лідараў: ні Трамп і Пуцін, ні я і Пуцін, ні хто-небудзь тут, у Мюнхене, сам-насам з Пуціным. Мы павінны ціснуць разам, каб дасягнуць сапраўднага міру.
Пуцін не можа прапанаваць рэальных гарантый бяспекі. Не толькі таму, што ён хлус, але і таму, што Расіі ў яе цяперашнім стане патрэбная вайна, каб утрымаць уладу. І свет павінен быць ад гэтага абаронены.
Такім чынам, па-першае, узброеныя сілы Еўропы як абнаўленне НАТА.
Па-другое, агульная еўрапейская знешняя палітыка.
Па-трэцяе, узровень еўрапейскага супрацоўніцтва, да якога Вашынгтон павінен ставіцца сур'ёзна.
Па-чацвёртае, міжнароднае права.
Па-пятае, працяг ціску на Расію, таму што мір гарантуе менавіта гэты ціск, а не словы Пуціна, не проста нейкія паперы.
Пуцін хлусіць. Ён прадказальны. І ён слабы. Мы павінны з гэтага скарыстацца — цяпер, а не потым. І мы павінны дзейнічаць як Еўропа, а не як купка асобных людзей.
Некаторыя кажуць, што Новы год надыходзіць не 1 студзеня, а падчас Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі. Гэты Новы год пачынаецца цяпер, і хай ён будзе годам Еўропы — аб'яднанай, моцнай, бяспечнай і мірнай.
Мір для Украіны. Мір для Еўропы. Мір для ўсяго свету. Для ўсіх вашых сем'яў.
Шчыра дзякую!
Слава Украіне!
ЗША далі зразумець Украіне, што гатовыя размясціць у краіне войскі ў абмен на доступ да 50% яе карысных выкапняў
«План, як спыніць Пуціна і скончыць вайну». Зяленскі сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам ЗША ў Мюнхене
Зяленскі: Я не планую сустракацца ні з якімі расіянамі, акрамя Пуціна
Ціханоўская пракаментавала намер Зяленскага гаварыць з Трампам пра Беларусь
Украіна павінна паслаць Трампа за расійскім вайсковым караблём — крыніца The Times у Мінабароны Брытаніі
Каментары