Фрыдман пра імаверную здзелку ЗША і Беларусі: Гэта стала б палітычным самагубствам для Лукашэнкі
Аналітык Аляксандр Фрыдман падзяліўся сваім меркаваннем наконт таго, што значыць артыкул The New York Times, ці чакаць амерыканскага пасла ў Мінску і ці трапіць Беларусь на мірныя перамовы.

Некалькі дзён таму з неанансаваным візітам Мінск наведаў намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па Усходняй Еўропе Крыс Сміт. У гэты ж дзень былі вызвалены тры вязні, мінімум двое з якіх — палітычныя. Асоба трэцяга невядомая. Але ён — грамадзянін ЗША, арыштаваны ў верасні 2024 года.
Чым можна растлумачыць «шчодрасць» рэжыму?
Спачатку Юрый Васкрасенскі, а потым некаторыя прадстаўнікі дэмакратычнага руху пачалі разважаць, што апошнія навіны сведчаць аб тым, што ў хуткім часе амерыканскі пасол вернецца ў Мінск.
Аналітык з гэтым не пагаджаецца.
«Размовы пра вяртанне амерыканскага пасла ў Мінск выглядаюць дзіўна на фоне таго, што ў ЗША ідуць дыскусіі наконт таго, каб скараціць дыпламатычныя прадстаўніцтвы — у першую чаргу, у не асабліва важных краінах. Ілан Маск, прынамсі, на гэтым настойвае».
The New York Times паведаміў, што намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па Усходняй Еўропе Крыс Сміт сустракаўся ў Мінску з Лукашэнкам і кіраўніком КДБ Іванам Церцелем.
«Сміт — кадравы дыпламат, але аб сустрэчах з Максімам Рыжанковым і іншымі супрацоўнікамі знешнепалітычнага ведамства Беларусі не паведамляецца. І «кронпрынца» Дзмітрыя Крутога Лукашэнка да Сміта, здаецца, таксама не падпусціў. Выбралі чэкіста Церцеля, вядомага сваімі цеснымі сувязямі з «маскоўскімі таварышамі».
Аляксандр нагадаў, што ў Расіі Сміта, які свабодна валодае рускай мовай і працаваў да свайго прызначэння ў пасольстве ЗША ў Кіеве, лічаць кадравым супрацоўнікам ЦРУ.
«У маі 2024 года БелТА выпусціла інтэрв'ю з былым украінскім дэпутатам ад «Партыі рэгіёнаў», а цяпер расійскім сенатарам Андрэем Дзеркачом. Той назваў Сміта куратарам дыверсіі супраць «Паўночнага патоку — 2» і запісаў Кірыла Буданава ў «вучні Сміта». Інтэрв'ю Дзеркача выкарыстоўвалася затым расійскімі СМІ для прасоўвання версіі аб амерыканска-ўкраінскай дыверсіі супраць «Паўночнага патоку — 2». І вось не мінула нават года, а Аляксандр Лукашэнка і Іван Церцель ужо п’юць гарбату з настаўнікам «вайсковага злачынца Буданава»?!» — кажа эксперт.
Таксама ў The New York Times сцвярджалася, што ЗША вядуць перамовы аб здзелцы з рэжымам Лукашэнкі. Па ўмовах здзелкі Лукашэнка выпусціць значную частку палітвязняў і нават спыніць палітыку рэпрэсій, а ЗША адменяць (ці аслабяць) санкцыі супраць калійнай галіны і банкаў Беларусі. Здзелка, паводле ацэнак амерыканскага боку, дазволіць Лукашэнку дыстанцыявацца ад Расіі.
Аналітык лічыць, што сам факт уцечкі інфармацыі сведчыць, што да рэалізацыі здзелкі яшчэ вельмі далёка.
«Яе рэалізацыя магла б пайсці на карысць Беларусі і стала б палітычным самагубствам для Аляксандра Лукашэнкі. Адмовай ад рэпрэсій ён грунтоўна падпілуе сук, на які забраўся ў 2020 годзе. А Расія ў цяперашніх геапалітычных умовах наўрад ці дазволіць яму пайсці на дыстанцыю. Я пакуль не бачу, што можа быць прарыў у стасунках Мінска і Вашынгтона, які прывядзе для якаснага паляпшэнне становішча ў Беларусі. Тут, хутчэй, спроба амерыканцаў забіць клін паміж Мінскам і Масквой, а таксама спроба Лукашэнкі ўсіх перахітрыць».
Па меркаванні Фрыдмана, Лукашэнка зацікаўлены не толькі ў адмене санкцый і нармалізацыі стасункаў з ЗША, але і ў тым, каб Беларусь была хоць неяк прадстаўлена ў мірных перамовах па Украіне. Тым больш, што нядаўна прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што на сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам хацеў бы абмеркаваць пытанне Беларусі.
«Гэта выразны меседж ад Зяленскага: «Глядзі, Лукашэнка, мы будзем абмяркоўваць Беларусь, а ты застанешся за дужкамі, на цябе ніхто не звяртае ўвагі». Таму варта чакаць публічнай актыўнасці з беларускага боку, але пакуль відавочна, што няма чаго прадставіць».
На пытанне аб тым, наколькі верагодна, што прадстаўнікі Беларусі (афіцыйнай ці дэмакратычная) будуць запрошаны на мірныя перамовы, аналітык адказвае так:
«Пакуль вырашаецца, ці будзе ў тых перамовах удзельнічаць Украіна і Еўрасаюз. Як у такім выпадку можна казаць пра Лукашэнку ці Ціханоўскую? Тэарэтычна, упіхнуць Лукашэнку магла б паспрабаваць Расія, каб мець дадатковы голас — калі б усё адбывалася ў межах вялікай канферэнцыі. Пакуль нічога такога і блізка не бачна.
Перамовы могуць быць у фармаце ЗША-Расія, Украіна-Расія пры ўдзеле ЗША ці Украіна-Расія плюс ЗША і Еўрасаюз».
Суразмоўца звяртае ўвагу на тое, што раней, калі пра перамовы гаворка не ішла, Лукашэнка часта казаў, што будзе дамагацца ўдзелу ў іх. Цяпер палітык маўчыць, бо відавочна, што ніхто і нікуды яго запрашаць не збіраецца.
«Амерыканскі падыход прагматычны: які ты ўплыў маеш на сітуацыю? Ніякі? Ну калі ніякі, дык сядзі дома. Што тычыцца дэмакратычных сілаў Беларусі, дык яны сутыкнуліся з новымі выклікамі. Для адміністрацыі Байдэна было важна падтрымліваць дэмакратычныя рухі ва ўсім свеце, у яе была асаблівая цікавасць да падзей у Еўропе. А што тычыцца адміністрацыі Трампа — там абсалютна іншы падыход: «Якое вашае значэнне? Што вы можаце даць?». Выбудаваць стасункі з дзеючай адміністрацыяй, якая не цікавіцца такімі рэчамі, як правы чалавека і развіццё дэмакратыі, будзе вельмі складана беларускім дэмакратычным сілам».
Нельга забываць і аб тым, што за развіццём падзей пільна сочыць Кітай, якому не падабаецца, што ЗША спрабуюць перацягнуць на свой бок Расію. А такое збліжэнне не ў інтарэсах Кітая, бо таму патрэбны расійскія рэсурсы.
«У нядаўнім інтэрв’ю The Wall Street Journal віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс адкрыта кажа, што Пуцін павінен вырашыць, ці згодны ён на тое, каб быць заўсёды малодшым братам Кітая. Магчымая стратэгія Трампа заключаецца ў нармалізацыі стасункаў з Расіяй, каб выцягнуць Расію з-пад крыла Кітая. Для Кітая гэта ўсё можа быць сур’ёзным выклікам, калі Расія сапраўды пачне рабіць нейкія крокі ў бок ЗША. Калі нешта такое адбудзецца, імаверна, зменіцца і пазіцыя Кітая. Пакуль амерыканцы паказваюць, што яны ў Кітаі не зацікаўлены, што Кітай не патрэбны для вырашэння ўкраінскага пытання», — кажа аналітык.
Аляксандр даволі асцярожна ставіцца да любых прагнозаў на будучыню, паколькі ў гэтай задачы пакуль занадта шмат невядомых — не было яшчэ нават першага раўнду перамоў.
Аднак ён адзначае, што чакае пагаршэння стасункаў паміж ЗША і Еўропай.
«З боку Вэнса ўжо гучала радыкальная крытыка. ЗША не падабаецца, як развіваецца Еўропа: стаўленне еўрапейцаў да сацыяльных сетак (у прыватнасці, імкненне ўладаў іх кантраляваць), тое, што лева– і правапапулісцкія партыі знаходзяцца ў ізаляцыі, міграцыйная палітыка ЕС і іншае».
Аналітык кажа, што амерыканцы ўжо акцэнтавалі ўвагу на тым, што больш не збіраюцца праводзіць актыўную палітыку ў Еўропе, што Еўропа не іх прыярытэт і што еўрапейцы, у прыватнасці, у плане бяспекі, павінны рабіць значна больш, чым яны робяць цяпер.
«Я б не сказаў, што прадбачыцца сыход ЗША з Еўропы — гэта было б перабольшваннем. Але еўрапейцам прыйдзецца задумацца аб уласнай будучыні, аб выдатках на абарону, пераўзбраенні арміі. І пра іншыя пытанні. Напрыклад, падаткі і пошліны, якія збіраецца ўводзіць Трамп — актуальная тэма».
Адносна мірных планаў Трампа ў Аляксандра Фрыдмана не вельмі аптымістычны прагноз.
«Калі вайна будзе замарожана ў тым стане, у якім яна цяпер ёсць, калі не будзе сур’ёзнай заходняй прысутнасці ва Украіне, каб гарантаваць мірную дамову, калі патрабаванні Пуціна будуць выкананыя — гэта, хутчэй за ўсё, можа падштурхнуць Пуціна да новых крокаў», — лічыць ён.
Аналітык кажа, што не бачыць прычын таго, каб Пуцін, які не дасягнуў сваіх мэт, вырашыў спыніцца. Гэта значыць, што будзе працяг.
«Логіка простая: першы крок Расія вытрывала. Так, не ўсё атрымалася. Але ж яны змаглі зрабіць ваенную эканоміку. Спробы перабудоўваць яе на цывільныя рэйкі будуць суправаджацца эканамічнымі праблемамі і цяжкасцямі. У такой сітуацыі для Пуціна цалкам лагічна працягваць. Таму магчыма, што не будзе ніякага трывалага міру, а ў хуткім часе Расія вырашыць зрабіць наступныя крокі — можа, нават, у дачыненні еўрапейскіх краін», — мяркуе ён.
Суразмоўца падкрэслівае: гэта магчыма, калі агрэсар не будзе пакараны.
«Агрэсар бачыць, што так рабіць можна, і што з табой нават размаўляць будуць. Цябе не паставілі на месца — ты нават нейкія тэрыторыі захапіў. Гэта заахвочвае да далейшых дзеянняў», — кажа Фрыдман.
Яшчэ адным фактарам, які матывуе Пуціна на працяг агрэсіі, эксперт называе сталы ўзрост расійскага прэзідэнта.
«Ён зусім не малады. Біялагічнага часу, каб паспрабаваць выправіць, як Пуцін лічыць, «памылкі 1989-1991 года», вярнуць страчаны ўплыў, засталося няшмат. Не задаволіцца ён кавалкамі Украіны, якія яшчэ ніхто афіцыйна не прызнае часткай Расіі. Той мір, які можа быць цяпер, — гэта дрэнны мір для Расіі. Пуцін нешта атрымаў, але не дасягнуў сваіх мэт. Не ўяўляю, каб ён сказаў: ну добра, хоць нешта адшчапілі — і гэтага хопіць», — кажа аналітык.
Шмат хто з экспертаў знаходзіць паралелі паміж тым, што адбываецца цяпер, і Мюнхенскім пагадненнем 1938 года, пасля якога ў хуткім часе пачалася Другая сусветная вайна.
«Галоўны прынцып Мюнхенскага пагаднення быў у тым, што лёс Чэхаславакіі вырашалі іншыя, а Чэхаславакія ні ў чым не ўдзельнічала — яе паставілі перад фактам. Калі ўявіць, што Трамп хоча дамовіцца з Пуціным і вырашыць лёс Украіны без Украіны — дык вось гэта быў бы «новы Мюнхен». Але пакуль досыць сумнеўна, што такое атрымаецца. Бо Украіна, у адрозненне ад Чэхаславакіі, змагаецца», — кажа Фрыдман.
Аляксандр мяркуе, што Пуцін, безумоўна, хоча «новы Мюнхен». Бо той займаўся гэтай тэмай, захапляўся Мюнхенскім пагадненнем — і разважае ў гэтых катэгорыях.
«Можа, Трамп бы і пагадзіўся — вось ён не вельмі цікавіцца гісторыяй. Трампу галоўнае — вырашыць пытанне як мага хутчэй. Але не выглядае, што можна арганізаваць «новы Мюнхен». Возьмем хоць бы тое, што Трамп вырашыў, што адбудоўваць Украіну і забяспечваць яе бяспеку будзе Еўрасаюз. Хіба можна паставіць Еўропу проста перад фактам і сказаць: «Вы зробіце так і так, аплаціце тое і гэтае»? Ну гэта ж не сур’ёзна. А калі Еўропа адкажа: «А мы не будзем плаціць»? Пры ўсёй ступені залежнасці ЕС ад ЗША ў плане бяспекі, Еўропа — гэта моцны самастойны актар», — гаворыць аналітык.
Мюнхенская прамова Вэнса пра новую палітыку ЗША і чаканні ад Еўропы — поўны тэкст
«Будзем адкрытыя: калі не Брусэль, то Масква». Зяленскі ў Мюнхене выступіў як ідэолаг моцнай аб'яднанай Еўропы
Ціханоўская: Вызваленні адбываюцца не праз гуманнасць Лукашэнкі, а праз ціск на рэжым
«План, як спыніць Пуціна і скончыць вайну». Зяленскі сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам ЗША ў Мюнхене
Каментары
А что трампу, этому нужно, как-то транспортировать недра Украины, а через РБ плечо самое короткое, через балтийские порты Литвы и Латвии.
И, у лукашенко, как и у фридмана, никто и ничего спрашивать не будет, но всем будет удобно и все будут при гешефте.