Дарадца Трампа расказаў, што было ўчора пасля таго, як з Белага дома перасталі весці трансляцыю
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аднагалосна выказалася за спыненне перамоў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Пра гэта паведаміў у інтэрв'ю тэлеканалу Fox News дарадца прэзідэнта Злучаных Штатаў па нацыянальнай бяспецы Майк Уолц.

«У нас была нарада пасля гэтай сваркі… Мы фактычна аднагалосна параілі прэзідэнту, што пасля такой абразы ў Авальным кабінеце мы проста не бачым, як можна рухацца наперад, і любое далейшае ўзаемадзеянне будзе крокам назад», — сказаў Майк Уолц у эфіры Fox News.
Уолц заявіў, што, калі Зяленскі лічыў неабходным выказаць нязгоду з падыходамі Трампа, яму варта было зрабіць гэта за зачыненымі дзвярыма, а не публічна.
Уолц таксама расказаў, як ён паведамляў пра прынятае рашэнне ўкраінскай дэлегацыі. Паводле ягоных слоў, кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак і амбасадарка Украіны ў ЗША Аксана Маркарава нібыта пакідалі сустрэчу практычна ў слязах:
«Я сказаў: спадар прэзідэнт, час тут не на вашым баку. Час не на вашым баку на полі бою. Час не на вашым баку з пункту гледжання сусветнай сітуацыі. І, што самае важнае, дапамога ЗША і памяркоўнасць падаткаплацельшчыкаў не бязмежныя.
Я ведаю, што ён прывык чуць «колькі спатрэбіцца», «так доўга, як спатрэбіцца», «пусты чэк», і ЗША не маюць асаблівага права голасу. Гэта тое, што ён чуў на працягу многіх гадоў ад Байдэна і яго каманды, і да яго не дайшло, што ў горадзе новы шэрыф, новы прэзідэнт, і мы маем намер выкарыстоўваць новы падыход да міру», — сказаў ён у каментары Fox.
«І дазвольце мне яшчэ сёе-тое сказаць на тэму таго, што гэта ўсё было падстроена. Гэта — дакладна няпраўда. Мы падрыхтавалі ўсходні пакой для цырымоніі падпісання дамовы абодвума лідарамі, што дазволіла б ЗША і Украіне аб'яднацца эканамічна дзякуючы рэдказямельным металам, якія патрэбныя нам, і эканамічным інвестыцыям, у якіх маюць патрэбу яны.
І гэта ўсё адбывалася на фоне заяў прэм'ера Вялікабрытаніі Стармера і прэзідэнта Францыі Макрона, якія казалі пра адпраўку войскаў. Так што гэта рэальна магло і павінна было стаць пазітыўным момантам для Украіны, пасля якога мы працягнулі б абмеркаванне пытання з Расіяй і паклалі б канец вайне, спынілі б смерці і разбурэнне.
Але замест гэтага нам стала ясна — і думаю, менавіта гэта знервавала і нават раззлавала прэзідэнта — што па Зяленскім не відаць, што ён хоча спынення вайны».
Рутэ параіў Зяленскаму знайсці спосаб аднавіць адносіны з Трампам
Зяленскі: Кіеў гатовы падпісаць пагадненне з ЗША аб рэдказямельных металах
Трамп можа скасаваць усю дапамогу Украіне
Трамп: Зяленскі вельмі моцна пераацаніў свае магчымасці
Кіраўнік Дзярждэпа: Зяленскі павінен выбачыцца за тое, што ператварыў перамовы ў фіяска
Стэнаграма рэзкай размовы Трампа, Вэнса і Зяленскага
Каментары