Падчас палёту ў самалёце памерла жанчына, экіпаж не змог яе перанесці з салона і таму пасадзіў у пасажырскае крэсла
Пара, якая ляцела ў доўгачаканы адпачынак, правяла побач з памерлай жанчынай некалькі гадзін.

Некалькі дзён таму пара з Аўстраліі расказала, што перажыла цяжкі досвед падчас рэйса з Мельбурна ў Доху на борце самалёта авіякампаніі Qatar Airways, піша Бі-бі-сі.
Пацярпелых пасажыраў завуць Мітчэл Рынг і Джэніфер Колін. Яны распавялі аўстралійскаму тэлеканалу Channel Nine пра цяжкасці, з якімі сутыкнуліся падчас доўгачаканага адпачынку, калі ляцелі ў Венецыю з перасадкай у Досе, сталіцы Катара.
Апошнія чатыры гадзіны з чатырнаццацігадзіннага пералёту з Аўстраліі ў Катар ім давялося правесці побач з целам памерлай жанчыны.
Падчас палёту адна з пасажырак, чыйго імя не называюць, страціла прытомнасць, а потым памерла ў праходзе побач з Рынгам і Колін. Паводле слоў пары, экіпаж спрабаваў, але не змог перанесці цела жанчыны ў бізнэс-клас. Як паведаміў Рынг, «яна была даволі буйной дамай, і яны не змаглі працягнуць яе праз праход».
У выніку бортправаднікі папрасілі Рынга пасунуцца і «пасадзілі» цела жанчыны на яго месца, нягледзячы на тое, што ў самалёце яшчэ былі свабодныя месцы. Яму самому не прапанавалі перасесці.
Як адзначыў Рынг, персанал зрэагаваў «імгненна», калі жанчына страціла прытомнасць, але, на жаль, выратаваць яе не ўдалося. Назіраць за гэтым таксама было вельмі цяжка.
Калі самалёт прызямліўся праз чатыры гадзіны, пасажыраў папрасілі заставацца на сваіх месцах, пакуль на борт падымаліся медыкі і паліцыя.
«Я не магу паверыць, што яны папрасілі нас застацца на сваіх месцах. Гэта было даволі непрыемна з іх боку», — заявіў Рынг.
Па словах пары, ніхто з бортправаднікоў не прапанаваў ім ніякай падтрымкі або псіхалагічнай дапамогі падчас гэтай сітуацыі.
Джэніфер Колін назвала гэты выпадак «траўмуючым».
«Мы цалкам разумеем, што не можам ускладаць адказнасць на авіякампанію за смерць беднай жанчыны, але павінен існаваць пратакол па доглядзе за пасажырамі на борце», — дадала яна.
Інцыдэнт выклікаў дэбаты наконт працэдур рэагавання на смерць людзей падчас палёту.
У сваім першапачатковым заяве Qatar Airways прынесла прабачэнні і паведаміла, што звязалася як з сям’ёй памерлай, так і з пацярпелымі пасажырамі.
«Мы звязаліся з сям’ёй памерлага пасажыра, каб выказаць спачуванні ў сувязі з іх стратай. Мы таксама непасрэдна паразмаўлялі з пацярпелымі пасажырамі, каб абмеркаваць іх хваляванні», — адзначалася ў заяве.
У пятніцу, 28 лютага, прадстаўнікі Qatar Airways заявілі, што дзеянні экіпажа ў сувязі са смерцю жанчыны «адпавядалі падрыхтоўцы і стандартнай практыцы ў авіяцыйнай галіне».
«Пасажыры былі перасаджаныя на іншыя месцы, а член экіпажа пастаянна знаходзіўся побач з памерлай пасажыркай на працягу ўсяго палёту да прызямлення ў Досе», — гаворыцца ў заяве кампаніі. — «На жаль, рэальнасць такая, што нечаканыя смерці часам здараюцца на борце самалётаў, і нашы члены экіпажа добра падрыхтаваныя да такіх сітуацый, дзейнічаючы з максімальнай павагай і годнасцю».
Авіякампанія таксама заявіла, што прапанавала падтрымку і кампенсацыю сям’і памерлай і іншым пасажырам, якія непасрэдна пацярпелі ў выніку інцыдэнту.
Былы капітан Virgin Atlantic Бары Юстанс паведаміў BBC, што, паводле яго досведу, «экіпаж звычайна спрабуе ізаляваць цела, каб пасажыры не кантактавалі з ім, і наадварот — з павагі, захавання прыватнасці, а таксама з медыцынскіх прычын».
Паводле кіраўніцтва Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA) па дзеяннях у выпадку смерці на борце, цела памерлага варта перамясціць на крэсла, пажадана ў зону з мінімальнай колькасцю пасажыраў побач, і накрыць коўдрай або спецыяльным мяшком да шыі.
Таксама цела можна перанесці ў іншае месца, дзе яно не будзе перашкаджаць праходу або выхаду.
Пасля пасадкі асацыяцыя рэкамендуе спачатку дазволіць усім пасажырам пакінуць самалёт, перш чым мясцовыя ўлады зоймуцца целам.
Каментары