Усе віды дапамогі ЗША Украіне, уключаючы пастаўкі боепрыпасаў і абсталявання, дазволеныя і аплачаныя пры прэзідэнцтве Джо Байдэна, могуць быць неадкладна скасаваныя, заявіў афіцыйны прадстаўнік адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, паведамляе The New York Times.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі пра пастаўкі вайсковай дапамогі ЗША абвяшчалі прыкладна кожныя два тыдні падчас адміністрацыі Байдэна, а часам і часцей.
Па даных Пентагона, каля $3,85 мільярда засталося з таго, што Кангрэс дазволіў выцягнуць з запасаў Міністэрства абароны.
Былы высокапастаўлены ваенны чыноўнік з адміністрацыі Байдэна сказаў, што апошняя зброя, якую Украіна набывала ў амерыканскіх абаронных кампаній, будзе адпраўлена на працягу наступных шасці месяцаў. Пасля гэтага Еўропе прыйдзецца самастойна падтрымліваць Украіну.
NYT адзначыў, што Трамп настойваў на «кампенсацыі» за вайсковую дапамогу. Учора чакалася падпісанне пагаднення, якое дасць ЗША доступ да мінеральных багаццяў Украіны.
У праекце пагаднення неакрэслена згадваліся гарантыі бяспекі для Украіны, таму Зяленскі пакінуў Белы дом без пагаднення.
Каментары