Канфліктную сітуацыю паміж прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, якая адбылася сёння ў Белым доме, не пакінуў па-за ўвагай кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка. Ён выступіў у падтрымку Зяленскага і ўкраінскага народа.

Спачатку Латушка напісаў пост у падтрымку Зяленскага і Украіны ў сацсетцы X:
«Украіна — гэта Еўропа. Прыйшоў час Еўропе стаць моцнай».
Пасля ж ён таксама запісаў кароткі відэазварот:
«У гэты важны гістарычны момант хацеў бы выказаць як беларус, як беларускі палітык словы падтрымкі і салідарнасці ўкраінскаму народу, прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму. Украіна — гэта Еўропа, а Еўропа павінна быць моцнай. І я веру ў тое, што Беларусь таксама будзе ў Еўропе», — заявіў палітык.
Пазней у сацсетках Латушкі з'явілася яшчэ адно паведамленне ў падтрымку Зяленскага.
«Прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму не патрэбная дапамога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, каб аддаць Расіі акупаваныя тэрыторыі Украіны, скараціць войскі, адмовіцца ад уступлення ў НАТА і дэнацыяналізаваць Украіну. Калі б ён хацеў капітуляваць, то паехаў бы ў Маскву, а не ў Вашынгтон», — лічыць Павел Латушка.
28 лютага прэзідэнты Украіны і ЗША моцна пасварыліся ў жывым эфіры, пасля чаго наступныя перамовы і прэс-канферэнцыя па іх выніку былі адмененыя, а Зяленскі быў вымушаны пакінуць Белы дом.
Каментары