Грамадства33

«Сочаць, каб замежнік атрымліваў не менш за мясцовых». Айцішнік здзейсніў мару і пераехаў у Швейцарыю

Уладзіслаў — Software Engineer, займаецца бэкэнд-распрацоўкай на Node.js. У 2022 годзе ён рэлакаваўся з Беларусі ў Берлін, працаваў у нямецкім стартапе. Пару гадоў таму ўладкаваўся ў швейцарскую кампанію з офісам у Берліне, а сёлета пераехаў у Цюрых. Ён расказаў dev.by пра нюансы жыцця і працы ў Швейцарыі з беларускім пашпартам.

Чаму Швейцарыя

— У Швейцарыі да свайго пераезду я быў толькі аднойчы. Але гэтага аказалася дастаткова, каб зразумець, што я хачу там жыць. Шалёна прыгожая краіна ў самым цэнтры Еўропы з высокім узроўнем жыцця. Гадзіну-дзве на машыне, цягніку — і ты ўжо ў Францыі, Італіі, Аўстрыі. Пасля рэлакацыі ў Германію я не чакаў, што ўжо праз два гады змагу пераехаць туды.

У 2022 годзе мяне рэлакаваў у Берлін нямецкі стартап, у якім я аддалена працаваў каля года. Стартап распрацоўваў платформу для дактароў і пацыентаў, на якой можна задаваць пытанні аб ужыванні медыцынскіх прэпаратаў. Напрыклад, якая прымальная доза лекаў для дзяцей, якія могуць быць пабочныя эфекты. На платформе быў разумны пошук, які выдаваў адказ на запыт.

У 2023 годзе я заняўся пошукамі новай працы. І дзякуючы ўдаламу збегу абставін прайшоў сумоўе і атрымаў офер ад берлінскага офіса распрацоўкі швейцарскай кампаніі, якая вырабляе спартыўныя рэчы. Я займаюся распрацоўкай лічбавых рашэнняў, якія збіраюць даныя пра тавары ўнутры кампаніі і дастаўляюць іх на сайт.

«Я пазначыў 58-65 тысяч еўра грос на год, у выніку мне прапанавалі 72 тысячы еўра»

Прапанову працы я атрымаў праз паўтара месяца сумоўяў. Каб атрымаць офер, прыйшлося прайсці 5 раўндаў інтэрв’ю з рознымі сябрамі каманды: з рэкруцёрам, Hiring Manager, Product Managers. Яшчэ быў Technical Coding Challenge з будучымі калегамі.

Чагосьці шалёна складанага не было — даволі звычайны фармат інтэрв’ю для еўрапейскай кампаніі. Акцэнт рабіўся на тваёй асабістай матывацыі, зацікаўленасці ў кампаніі, софт-скілах, «cultural fit».

Дадаткова абмяркоўваўся офер. На пачатку сумоўя мяне пыталіся пра дыяпазон заробкаў. Я пазначыў 58-65 тысяч еўра грос на год, у выніку мне прапанавалі 72 тысячы еўра.

Таксама кампанія прапанавала іншыя бенефіты:

  • Доступ да іх адукацыйнай платформы, каб праходзіць курсы, атрымліваць новыя веды.
  • Пакрыццё вывучэння нямецкай мовы на паўгода.
  • Гібрыдны рэжым працы (у офісе або дома).
  • Кампенсацыя Urban Sport Clubs membership.
  • Прылада Apple для працы.
  • Бясплатная або са зніжкай купля брэндавых рэчаў кампаніі.
  • Мабільны тэлефон у падарунак.

На той момант у мяне не было кароткатэрміновых планаў па пераездзе ў Швейцарыю. Я хацеў пажыць у Германіі яшчэ пару гадоў, каб выканаць умовы па натуралізацыі (5 гадоў) і падацца на нямецкі пашпарт, а толькі потым пераехаць.

Але ў Германіі адбываюцца палітычныя змены і ёсць рызыка, што нядаўна прыняты закон аб грамадзянстве скасуюць і вернуць восем гадоў замест пяці, неабходных для натуралізацыі. Таму як толькі даведаўся, што мяне могуць рэлакаваць у Цюрых, вырашыў скарыстацца магчымасцю. Менеджары былі «за».

«Кампаніі трэба давесці, чаму той ці іншы спецыяліст абавязкова павінен пераехаць у Швейцарыю»

У Швейцарыю праблематычна пераехаць па працы спецыялістам з пашпартамі трэціх краін (Non-EU). Гэта асобны працэс, які можа заняць да паўгода.

Па-першае, ёсць абмежаванне на колькасць спецыялістаў з краін, што не ўваходзяць у ЕС, якіх могуць наняць кампаніі ў Швейцарыі.

Квоту штогод устанаўлівае ўрад Швейцарыі. Яна складае каля 4000 чалавек на год (змяняецца штогод). Значную частку квоты забіраюць кампаніі накшталт Google і Microsoft.

Па-другое, кампанія са Швейцарыі абавязаная давесці, чым унікальны канкрэтны спецыяліст з трэцяй краіны, чаму ніхто са Швейцарыі і ўсяго Еўрасаюза не падыходзіць на гэтую пазіцыю. Трэба чатыры тыдні сумовіць кандыдатаў са Швейцарыі і ЕС і даць поўнае абгрунтаванне, чаму не падышоў аніводны з кандыдатаў. Толькі пасля гэтага можна паспрабаваць наняць спецыяліста з Non-EU.

Кампаніі трэба давесці, чаму той ці іншы спецыяліст абавязкова павінен пераехаць у Швейцарыю, і чаму ён не можа працаваць аддалена, напрыклад, з Германіі. Праз усе складанасці большасць арганізацый нават не сумовіць людзей з не ЕС. Кампаніі, якія наймаюць людзей з трэціх краін, у Швейцарыі можна пералічыць па пальцах.

У маім выпадку ўвесь працэс заняў чатыры тыдні ад падачы заявы ў міграцыйнае ведамства Швейцарыі і атрымання выніку. Кампанія супрацоўнічае з агенцтвам, якое перавозіць супрацоўнікаў у любую краіну. Яны знаюць усе тонкасці працы з міграцыйнай службай. У большасці кампаній са Швейцарыі такой магчымасці няма.

«У замежнага спецыяліста даход мае быць параўнальны з прыбыткам грамадзяніна Швейцарыі на такой жа пазіцыі»

Мне спатрэбілася значна менш дакументаў для пераезду ў Швейцарыю, чым у Германію. Ад мяне патрабаваўся толькі пашпарт, скан дыплома без адзнак і нямецкая даведка аб адсутнасці судзімасцяў. На гэтым усё.

Не трэба было пацвярджаць ані ведаў моў, ані сваёй кваліфікацыі. Былі толькі патрабаванні па даходах.

У замежнага спецыяліста даход мае быць параўнальны з прыбыткам грамадзяніна Швейцарыі на такой жа пазіцыі. Міграцыйнае ведамства сочыць, каб замежнік атрымліваў не менш за мясцовыя.

У Берлін я пераязджаў па Blue Card EU. Гэтая доўгатэрміновая віза для высокакваліфікаваных спецыялістаў. Але ў Швейцарыі па Blue Card EU працаваць няможна. Мне спатрэбілася атрымаць дазвол на жыхарства ў Швейцарыі. Толькі нядаўна закрыў усе пытанні з легалізацыяй.

Зарэгістравацца на падачу на ДНЖ можна адразу па прыездзе ў краіну — у той жа дзень. Праз тыдзень-два трэба здаць біяметрыку, яшчэ праз 3-4 дні ДНЖ прыходзіць па пошце.

Дазвол на жыхарства залежыць ад працягласці кантракту і ўмоў працы. У мяне пастаянны кантракт. Для грамадзян трэціх краін выдаюць ДНЖ на адзін год і штогод яго трэба падаўжаць. Для грамадзян ЕС выдаюць адразу на 5 гадоў.

Калі страціш працу ў Швейцарыі і не знойдзеш новай праз 30 дзён пасля заканчэння кантракта, то цябе абавяжуць з’ехаць з краіны.

Дарэчы, быў яшчэ адзін цікавы момант, калі я адкрываў рахунак у банку UBS. Супрацоўніца папярэдзіла, што мне няможна рабіць аніякія пераводы, няможна здымаць гатоўку, аплачваць пакупкі ў Беларусі або Расіі, калі я раптам туды паеду. Мне сказалі, што калі я зраблю любыя фінансавыя аперацыі, звязаныя з Беларуссю/Расіяй, будуць праблемы. Якія праблемы, я не ўдакладняў, але мяне прасілі не карыстацца карткай і не рабіць ніякіх транзакцый у гэтых краінах.

«Жывучы ў Цюрыху, я недзе каля 56 дзён у годзе працую проста на падаткі»

У кампаніі працуе больш за 3 тысячы чалавек ва ўсім свеце. Я знаю некаторых калег з Беларусі, Расіі і Украіны. Калегі цалкам з розных краін і кампанія робіць вялікі фокус на diversity.

У кампаніі гібрыдны рэжым з 2-3 днямі ў офісе, далей можна працаваць з дому. Перапрацоўкі (якіх вельмі мала) кампенсуюцца.

У супрацоўнікаў у Швейцарыі ёсць 2 тыдні вакацый у часе навагодніх святаў дадаткова да асноўнага адпачынку. Плюс ёсць flexible vacations, калі ты можаш узяць дадаткова дні на ўзгадненне ў выпадку, калі нават увесь адпачынак ужо вычарпаны.

Ёсць зніжкі на абеды і каву і зніжкі на тавары ў крамах партнёраў (у асноўным, гэта спартыўны інвентар). 

Па-мойму, узровень заробкаў у ІТ-кампаніях у Швейцарыі дастатковы для камфортнага жыцця. Напрыклад, у Цюрыху медыянны заробак ІТ-спецыяліста складае больш за 10 тысяч еўра брута. 

Падаходны падатак залежыць ад памеру гадавой зарплаты, рэгіёна (кантона), горада і муніцыпалітэта. У Цюрыху, напрыклад, розніца паміж брута і нета заробкам пасля выліку ўсіх падаткаў складае каля 23-25%. Звычайна на падаткі сыходзяць дзве месячныя зарплаты. То-бок, жывучы ў Цюрыху, я дзесьці каля 56 дзён у годзе працую проста на падаткі.

«Знайсці кватэру без знаёмстваў цяжка пачаткоўцу»

Пакуль здымаю ў сябра пакой у трохпакаёвай кватэры на беразе Цюрыхскага возера за 20 хвілін ад горада. Арэндная плата складае 1100 еўра ўключаючы камунальныя паслугі.

Але пакой — гэта часовы варыянт. Цяпер шукаю кватэру. Але знайсці жыллё ў Цюрыху — гэта як знайсці працу. Патрабуецца час.

Знайсці кватэру без знаёмстваў цяжка пачаткоўцу: няма крэдытнага рэйтынгу, няма першых трох заробкаў, няма рэкамендацый ад папярэдніх лэндлордаў.

У Цюрыху шмат кватэр здаецца ў арэнду без мэблі. Сярэдняя цана арэнды кватэры залежыць ад месца знаходжання. 

  • 1-1,5 пакоя — 1650-2500 швейцарскіх франкаў (1750-2660 еўра)
  • 2-2,5 пакоя — 2000-2800 швейцарскіх франкаў (2120-3000 еўра)
  • 3-3,5 пакоя — 2600-3500 швейцарскіх франкаў (2760-3700 еўра)
  • 4-4,5 пакоя — 3200-4250 швейцарскіх франкаў (3400-4500 еўра)

Складана ацаніць дакладную суму выдаткаў. На бягучы момант гэта каля 2200 еўра на месяц. Сюды ўваходзяць арэнда (1100 еўра), прадукты харчавання (500+ еўра), мабільная сувязь (60+ еўра), абанемент у спа (120+ еўра).

Буду глядзець па сітуацыі: магчыма, здыму кватэру на ўскрайку горада, дзе арэнда ніжэйшая і можна знайсці штосьці большае. Балазе транспарт ходзіць ідэальна, таму неабавязкова жыць у самім горадзе.

У Швейцарыі працуе прынцып: важна не як далёка я жыву ад горада, а як хутка я магу дабрацца ў цэнтр цягнікамі, якія ходзяць як гадзіннік.

Цюрых у гэтым плане ўтульны горад. Па ім зручна перасоўвацца дзякуючы развітой сістэме грамадскага транспарту, асабліва цягнікамі. Усё сінхранізавана, я ніколі не чакаю больш як 5 хвілін, каб перасесці на іншы цягнік, аўтобус, калі кудысьці падарожнічаю.

Я знаю калег-беларусаў, якія пасля 10 гадоў у Цюрыху кажуць, што не ўяўляюць сабе жыцця дзе-небудзь яшчэ. Калі яны падарожнічаюць у іншую краіну, ім даводзіцца ісці на кампрамісы, бо няма той ідэальнасці, арганізаванасці, як у Швейцарыі.

Каментары3

  • Schweiz
    01.03.2025
    "Калі яны падарожнічаюць у іншую краіну, ім даводзіцца ісці на кампрамісы, бо няма той ідэальнасці, арганізаванасці, як у Швейцарыі".

    Гэта праўда ☺️. Дзякуй за артыкул, вельмі цікавы. А Уладзіславу насамрэч параіў бы зняць кватэру не ў самым Цюрыху, а ў невялічкім гарадку ці вёсачцы кантона. Нашмат прасцей і танней. Поспехаў герою матэрыяла!
  • Жора
    01.03.2025
    Усе гэтыя вашыя расповяды, як добра ў краіне А, B, C... варта ўжо аб'яднаць у асобную рубрыку - "З'ехалі і шчаслівыя". І зрабіць магчымасць гэта прыхаваць са стужкі навін.
  • Беларус
    01.03.2025
    Жора, згодзен. Хоць па грашыма там не такія ўжо й вялікія грошы ў яго застаюцца на руках. Лічыце, €72k гэта грос у год, мінус 25% падаткі - маем 54k, што ў месяц 4500 на рукі, з гэтай сумы трэба недзе яшчэ 2500 аддаць на арэнду + камуналку, атрымліваецца 2000. Такія грошы я і дома зарабляю за вылікам падаткаў і арэнды. Адзінае што, нас тут спрабуюць загнаць зноў у савок, але неяк здолеем і гэты рэжым перажыць, усё ж такі мы жывём у сваім доме, у сваёй краіне. Нашыя продкі і не ў такіх умовах выжылі ды ўсё гэтыя імперыі і правадыроў перажылі. Атрымаецца і ў нас.

Цяпер чытаюць

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў2

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

«Цяпер такія кнігі чытаеш з пэўным здзіўленнем». Беларускі аўтафікшн у скандынаўскіх дэкарацыях1

«Для нас 8 сакавіка пачынаецца яшчэ летам». Гродзенцы проста ў сваёй хаце вырасцілі 15 тысяч цюльпанаў8

Тэмпы прасоўвання Расіі ва Украіне трэці месяц падаюць2

«Лукашэнка прапанаваў Трампу набыць рэдказямельныя клубні». Найлепшыя твіты тыдня6

«Еўропа і свет іншыя, Пуцін зусім не Гітлер». Гісторык Церашковіч дае расклад і параўноўвае сітуацыю з 1930-мі4

У Бабруйску нечакана для ўсіх падскочылі цэны на маршруткі

Рутэ параіў Зяленскаму знайсці спосаб аднавіць адносіны з Трампам38

У Расіі група вайскоўцаў адмаўляецца ваяваць ва Украіне. Іх адпраўляюць на фронт сілком11

Расіяне праводзяць антываенны марш у цэнтры Берліна з расійскімі трыкалорамі ФОТА16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў2

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць