Прадстаўнікі Ізраіля і ХАМАСа пакуль не могуць узгадніць другую фазу перамір'я
Прадстаўнікі Ізраіля і палесцінскага радыкальнага руху ХАМАС пакуль не могуць дамагчыся прагрэсу на перамовах аб наступнай фазе перамір'я ў сектары Газа. Пра гэта паведамляе агенцтва EFE са спасылкай на егіпецкую крыніцу.

Паводле наяўнай інфармацыі, у пятніцу «перамовы не былі добрымі, няма ніякага прагрэсу». Паводле даных суразмоўцы агенцтва, дэлегацыя ХАМАС настойвала на вывадзе ізраільскіх войскаў з Газы, а Ізраіль на гэта не быў гатовы.
Раней паступалі паведамленні, згодна з якімі ізраільскі бок прапаноўваў падоўжыць цяперашнюю, першую фазу перамір'я. ХАМАС гэтую ідэю, аднак, адкінуў. Перамовы праходзяць пры пасярэдніцтве Егіпта, Катара і ЗША.
Першая фаза перамір'я ў Газе завяршаецца 1 сакавіка. Мяркуецца, што другая фаза павінна прадугледжваць завяршэнне працэсу абмену закладнікамі і зняволенымі. Акрамя таго, ізраільскі бок павінен вывесці войскі з сектара Газа.
Заключная, трэцяя фаза перамір'я, згодна з зацверджаным раней у гэтым годзе планам, павінна будзе прадугледжваць аднаўленне пацярпелай ад баявых дзеянняў Газы і вырашэнне пытання адносна таго, як далей кіраваць гэтай палесцінскай тэрыторыяй.
Каментары