Нерухомасць44

Досвед Масквы. Што абвешчаная рэнавацыя можа прынесці гарадам Беларусі

Беларускія ўлады абвясцілі пра намер увесці праграму рэнавацыі па прыкладзе Расіі. Заяўляецца, што «хрушчоўкі» вычарпалі свой тэрмін эксплуатацыі, а рэнавацыя павінна вырашыць жыллёвыя праблемы. Разабраліся, як праходзіла рэнавацыя ў Расіі і якія плюсы і мінусы гэта можа мець для Беларусі.

Жыхарам прэзентуюць новы раён, дзе яны будуць жыць. Фота: mos.ru

«Хрушчоўкі»: жытло на 25 гадоў ці бессмяротная панэлька?

Першае пакаленне тыпавых панэльных дамоў, якія масава ўзводзіліся ў 1955—1963 гадах, вядомае пад назвай «хрушчоўкі», утворанай ад прозвішча тагачаснага кіраўніка савецкай дзяржавы Мікіты Хрушчова. Пачатак гэтага перыяду адзначыўся знакамітай пастановай «Аб ліквідацыі празмернасцяў у праектаванні і будаўніцтве», які пахаваў савецкую неакласіку. На змену «сталінкам» прыйшлі таннейшыя і больш хуткія ва ўзвядзенні праекты індустрыяльнага будаўніцтва. Гэта была аскетычная функцыяналісцкая архітэктура, з маленькімі кватэрамі і нязручнымі планіроўкамі, але менавіта «хрушчоўкі» дазволілі вырашыць найвастрэйшую праблему з жытлом у СССР, які перажываў хуткую ўрбанізацыю.

Новапабудаваны раён на скрыжаванні вуліц Шаўчэнкі і Асіпенкі ў Мінску. Фота: ТАСС

Памеры пакояў былі наступнымі: 6 м2 — кухня, пакоі па 16 м2 і 11 м2. Дагэтуль у такіх кватэрах можна сустрэць адразу тры пакаленні: бабуля, дзядуля, дачка, сын і ўнук. Назваць такія ўмовы камфортнымі цяжка. Але ў параўнанні з драўлянымі баракамі і камуналкамі, адкуль людзі перасяляліся, гэта было на ўзровень вышэйшае жытло. 

Інтэрнэт завалены згадкамі пра тое, што тэрмін эксплуатацыі «хрушчовак» быў разлічаны на 40—50 гадоў, а ў некаторых серый не перавышаў 25 гадоў, то-бок усе яны быццам бы ўжо адпрацавалі сваё.

У цяперашніх беларускіх нормах усе праекты масавага будаўніцтва маюць тэрмін эксплуатацыі 50 гадоў, а гэта значыць, што сёння і большасць больш якасных і камфортных «брэжневак» канца 1960-х — 1970-х гг. перасягнулі гэты рубеж. І толькі манументальным і ўнікальным збудавання, як Нацыянальная бібліятэка, адмераны тэрмін 100 гадоў.

Трэба разумець, што праектны тэрмін эксплуатацыі — гэта ўмоўны час, у якім будынак мусіць абслугоўвацца без неабходнасці капітальнага рамонту. Тое, што будынак патрабуе капітальнага рамонту, зусім не значыць, што ён развальваецца і мусіць быць знесены.

Пасля правядзення капітальнага рамонту тэрмін эксплуатацыі працягваецца, і такі цыкл можа паўтарацца так доўга, пакуль не з’явіцца прычына назваць дом аварыйным ці непрыдатным для пражывання.

Нават закінутыя панэлькі ў забруджанай радыяцыяй Прыпяці, якія ўжо 40 гадоў не эксплуатуюцца, пакуль не маюць візуальных прыкмет разбурэння. 

Мантаж панэльнай «хрушчоўкі». Фота: pastvu.com

У «хрушчоўкі» закладзены каласальны запас трываласці, які мусіў кампенсаваць тое, што будаўніцтва вялося ў сціснутыя тэрміны, з матэрыялаў неналежнай якасці, не кваліфікаванымі рабочымі. Іх слабое месца — самі панэлі і стыкі паміж імі. Старыя панэлі таго часу занадта добра прапускаюць цяпло, таму ў такіх дамах улетку спякотна, а ўзімку халодна. Стыкі паміж панэлямі яшчэ горш прадзімаліся і працякалі. Увогуле ўсе жылыя дамы, пабудаваныя да сярэдзіны 1990-х гадоў, не адпавядаюць сучасным цеплатэхнічным нормам. У прынцыпе гэта праблема ў Беларусі вырашаецца масавым уцяпленнем фасадаў у час планавых капітальных рамонтаў. 

А вось для іншай праблемы вырашэння няма: колькасць, памеры памяшканняў і планіроўка жылля не адпавядаюць сучасным патрэбам людзей. Зрабіць з маленькай аднушкі прасторную студыю немагчыма, у дамах, дзе праведзены газ, нормы не дазваляюць злучаць кухні з жылымі памяшканнямі. Застаецца таўчыся на 6-метровай кухні. 

Надбудова мансарды — максімум, які можа выціснуць звычайная рэканструкцыя з «хрушчоўкі». Фота: Realt

Рэканструяваць такія дамы таксама праблематычна. У Беларусі ёсць некалькі прыкладаў надбудовы мансардавых паверхаў над хрушчоўкамі, але гэта максімум, які можна выціснуць з іх. Пытанне нават не ў тым, што яны не разлічаны пад такую нагрузку — да хрушчоўкі банальна цяжка прыбудаваць ліфт, а хадзіць пешшу вышэй за 6 паверх мала хто пагодзіцца. 

Ёсць і яшчэ адно абмежаванне. Хрушчоўкі будаваліся даволі шчыльна з улікам інсаляцыі. Як толькі ў аднаго дома з’яўляюцца дадатковыя паверхі, то ў кватэрах суседніх дамоў сонца становіцца менш, чым дапускаюць нормы, і такі праект не можа быць прыняты да рэалізацыі. 

Таму пытанне з «хрушчоўкамі» магчыма вырашаць толькі комплексна. Калі такое пытанне ўвогуле стаіць.

Маскоўская рэнавацыя

Ідэя зносу «хрушчовак» у Маскве ўзнікла яшчэ ў 1990-я. 10-мільённы мегаполіс вычарпаў усе магчымасці для жылога будаўніцтва і ўшчыльнення, а насельніцтва горада няўхільна працягвала расці. Натуральна, што позірк забудоўшчыкаў быў звернуты на шырокія раёны, забудаваныя разрэджанай невысокай забудовай. 

Тут інтарэсы бізнэсу і горада сышліся: адны атрымлівалі магчымасць зарабіць на звышкаштоўнай сталічнай зямлі, а гарадскія ўлады — зняць пытанне рэканструкцыі старога жылля, асабліва не ўкладаючыся ў гэта.

Знос «хрушчовак» у Маскве. Фота: Інфармацыйны цэнтр урада Масквы

З 1999 года прыватнымі забудоўшчыкамі было знесена больш за 1700 пяціпавярховых дамоў, на месцы якіх з’явіліся шматпавярховая забудова. Але змены ў заканадаўстве і фінансавы крызіс 2008 года не далі цалкам рэалізаваць гэтую праграму. Праграму завяршалі за гарадскія сродкі. 

У 2017 годзе пры Сабяніне вярнуліся да ідэі запусціць праграму па рэнавацыі, але спатрэбілася ўносіць змены ў заканадаўства краіны, каб яна праходзіла бязбольна для забудоўшчыкаў. «Рэнавацыя» нават стала словам года ў Расіі — яе натуральна абмяркоўвалі ўсе, адны марылі пра новае жыллё, іншыя асцерагалі трапіць пад праграму і быць падманутымі.

Карта рэнавацыі ў Маскве. Намаляваны ўсе будынкі і асноўныя дарогі сталіцы. Колерам вылучаны дамы, якія ўвайшлі ў праграму рэнавацыі. Фота: t-j.ru

Усяго ў межах новай праграмы рэнавацыі за 15 гадоў у тры этапы планавалася знесці больш за 5 000 дамоў, галоўным чынам «хрушчоўкі», пабудаваныя з 1957 па 1968 год, а на іх месцы пабудаваць новыя. Праграма ўключала развіццё інфраструктуры раёнаў, стварэнне новых школ, дзіцячых садкоў, паліклінік, забаўляльных цэнтраў, развіццё транспартнай сеткі, абяцалася азеляненне, стварэнне новых паркаў, веладарожак, дзіцячых і спартыўных пляцовак. 

Як жыхары выбіралі свой лёс

Планы ўладаў і першапачатковая рэдакцыя новага закона, якая надзяляла сталічныя ўлады шырокімі паўнамоцтвамі, выклікалі бурны пратэст у часткі масквічоў, якія палічылі, што рэнавацыя парушае іх права на прыватную ўласнасць. На сустрэчах з чыноўнікамі масквічы заяўлялі, што не хочуць перасяляцца з цагляных пяціпавярховак і ў іншыя раёны, жадаюць атрымаць раўнацэнныя кватэры і баяцца, што іх кварталы забудуюць гмахамі. Супраць рэнавацыі нават адбыўся мітынг, у якім узялі ўдзел да 30 тысяч чалавек.

Пратэсты супраць рэнавацыі ў Маскве. Фота: riamo.ru

Пасля законапраект быў цалкам перапісаны, у ім удакладнілі, што гаворка ідзе толькі пра дамы канца 1950-х — 1960-х гадоў. Жыхарам з канчатковага спісу, у які ўвайшлі 4546 дамоў па сваім дрэнным стане, прапанавалі прагаласаваць «за» ці «супраць» удзелу ў рэнавацыі. 

Для ўдзелу дома ў праграме трэба было, каб ⅔ уласнікаў выказаліся «за». Нягледзячы на пратэсты, за ўключэнне свайго дома ў праект рэнавацыі выказаліся жыхары 4079 дамоў, або 90% ад агульнай колькасці. 

У 21 доме за знос прагаласавалі 100% уласнікаў. У палове дамоў за ўдзел у рэнавацыі прагаласавала больш за 90% уласнікаў, яшчэ ў чвэрці — ад 80% да 90%. Хоць былі і 184 дамы, дзе вынікі галасавання былі не такімі аднадушнымі — там «за» выказалася толькі палова жыхароў. У 276 дамах уласнікі большасцю галасоў адмовіліся ад зносу. Варта адзначыць, што найбольш негатыўна да рэнавацыі паставіліся жыхары цагляных дамоў: з 452 дамоў, якія ўрэшце адмовіліся ад зносу, такімі былі 377.

Праект новага комплексу пасярод савецкай забудовы. Фота: прэс-служба Будкомплекса Масквы

Жыхары яшчэ амаль 300 дамоў, якія не патрапілі ў спіс для галасавання, правялі агульныя зборы ўласнікаў і падалі заявы на ўключэнне ў праграму. У канчатковым выніку на сёння ў праграму ўваходзяць ці ўваходзілі 5176 дамоў, дзе пражывае каля мільёна чалавек. 

Што пабудавалі

Калі праграму толькі прымалі, то чыноўнікі казалі, што новыя дамы будуць 14-17-павярховымі, але на паперы гэты абяцанні ніяк адлюстраваны не былі. У выніку на месца савецкіх павярховікаў вырасталі найчасцей дамы ад 16 да 18 паверхаў, а ў тых, што толькі будуюцца, увогуле ад 23 да 25 паверхаў — сапраўдныя «чалавейнікі». Самы высокі дом, пабудаваны па праграме рэнавацыі, — жылы комплекс каля Масква-Сіці, мае 48 паверхаў.

Тыповы маскоўскі жылы гмах, у які перасяляюць жыхароў дамоў, якія ўдзельнічаюць у праграме рэнавацыі. Фота: прэс-служба Будкомплекса Масквы

Жылы фонд пры гэтым вырас амаль удвая, напрыклад, у адным з квартала Усходняга Ізмайлава на месцы дамоў, дзе было 2640 кватэр, вырас раён на 4474 кватэры.

Невялікая частка дамоў, якія падлягалі зносу, размешчана ў цэнтры Маскве — усяго 110, астатнія 5 тысяч — на ўскраінах горада, галоўным чынам на ўсходзе сталіцы: гэта раёны Кузьмінкі, Любліно, Пярова, Ізмайлава, і ў Новай Маскве.

Шматпавярховыя сцены падціскаюць састарэлыя савецкія пяціпавярховікі

Раўназначны абмен

Жыхары дамоў, якія ўдзельнічаюць у праграме, атрымлівалі кватэры ў новых дамах у тым жа раёне, дзе яны жылі да гэтага. Гэта скарачала перыяд адаптацыі да новага месцы, бо ўсё вакол было ўжо знаёмае. Але таксама спачатку толькі ўласнікам, а пасля і ўсім была дадзена магчымасць атрымаць кватэру ў іншым раёне. 

Удзельнікам рэнавацыі быў забяспечаны раўназначны абмен старой кватэры на новую, але не па яе кошце, а па метражы. Па законе новая кватэра мусіла мець столькі ж пакояў, як і старая, і такую ж, прынамсі не меншую жылую плошчу. Пры гэтым агульны метраж кватэры аказваецца звычайна большым, бо кухні і санвузлы, якія ўваходзяць у нежылую плошчу, па сучасных нормах не могуць быць такімі маленькімі, як былі ў «хрушчоўках».

Удзельнікі праграмы рэнавацыі атрымлівалі камфорнае сучаснае жытло, агульны метраж якога звычайна большы, чым быў у старым доме. Фота: mos.ru

Таксама перасяленцы маглі дакупіць дадатковую плошчу са зніжкай 10% (але агульная плошча новай кватэры не павінна была перавышаць 100 м2), а таксама яшчэ адну кватэру з той жа зніжкай. Але прапанова на продаж была абмежаваная, і людзі не заўсёды маглі знайсці патрэбны варыянт у доме, у які планавалі перасяліцца. Тым не менш многія скарысталіся гэтай магчымасцю, бо дакупіць пакой звычайна па кішэні сям’і, але ў звычайных умовах такое цяжка рэалізаваць, іншая справа — у час перасялення. 

У выніку аказалася, што ўсе бакі рэнавацыі — гарадскія ўлады, забудоўшчыкі і жыхары, — у прынцыпе задаволеныя тым, што атрымалі ад гэтай праграмы. У 2020 годзе прынялі так званы закон аб усерасійскай рэнавацыі, які распаўсюджвае маскоўскі досвед на іншыя тэрыторыі. Цяпер пра рэнавацыю загаварылі і ў Беларусі.

Беларуская глеба

Але ці можна гладка перанесці маскоўскую практыку на беларускую глебу? Тут трэба вярнуцца да пытання, чаму ў Маскве дайшлі да гэтага. Рэч у тым, што кошт метра ў сталіцы Расіі такі, што знос цэлых раёнаў не з’яўляецца праблемай для забудоўшчыкаў.

У Беларусі ў вялікіх гарадах забудоўшчыкі з невялікім жаданнем бяруцца за знос сядзібнай забудовы нават у самым цэнтры, лічачы гэта недастаткова прыбытковай для сябе справай.

Гэта бачна па вялікіх паясах прыватнай забудовы, якія прымыкаюць у абласніках адразу да гістарычнага ядра горада. Увогуле для ўсіх гарадоў, акрамя, мабыць, Мінска і навабудаў тыпу Навапалоцка, характэрная шматковая забудова. 

Кіеўка ў Брэсце. Усе вялікія гарады Беларусі, за выключэннем Мінска, не могуць асвоіць нават забудову велізарных сядзібных раёнаў, якія займаюць каштоўную зямлю вакол гістарычных цэнтраў. Фота: скрыншот відэа 

Сталіца адрозніваецца цэльнасцю, але і тут яшчэ шмат прастораў, якія можна забудаваць. Сталічныя забудоўшчыкі не грэбуюць зносам сядзібнай забудовы, а таксама асвойваюць ускраіны, прамысловыя раёны ці, як «Мінск-Свет», тэрыторыю былога аэрапорта. Нейкай асаблівай выгады ад таго, каб знесці раён пяціпавярховікаў, яны не атрымаюць, калі яшчэ столькі вольнага месца.

Выглядае, што адзінай зацікаўленай асобай у рэнавацыі на гэтым этапе з’яўляецца дзяржава, якая хоча перакласці на забудоўшчыкаў абавязак забяспечваць беларусаў прыстойнымі ўмовамі пражывання.

Ведаючы спецыфіку беларускай дзяржаўнай сістэмы, рэнавацыя можа стаць такой жа павіннасцю і абузай, як і непрыбытковыя калгасы, якія вешаюць на прыбытковыя прадпрыемствы. 

Што могуць атрымаць з рэнавацыі беларусы? 

Поспех маскоўскай рэнавацыі, вядома, натхняе, але варта асцярожна ставіцца да жадання беларускіх уладаў рэалізаваць яе ў Беларусі. Рэнавацыя ў Маскве пачалася ў досыць ліберальныя часы, ініцыятыва гарадскіх уладаў сустрэла супраціў, але яны адэкватна адрэагавалі. Пакуль з таго часу гэты досвед нідзе маштабна не быў паўтораны. 

У беларускіх рэаліях, калі насельніцтва краіны пазбаўлена магчымасці свабодна выказвацца супраць, пратэставаць, незалежныя медыя выкінуты з краіны, а суды проста юрыдычна афармляюць жаданне ўладаў кагосьці пакараць, усё можа выліцца ў благую карыкатуру. У краіне фальсіфікуюць усё — вынікі выбараў, перапісаў, галасавалак на дзяржаўных сайтах, дык хто гарантуе, што не сфальсіфікуюць вынікі галасавання за знос нейкага дома?

Дый самі забудоўшчыкі глядзяць на маскоўскіх забудоўшчыкаў і бяруць ад іх усё найгоршае: адсутнасць хоць нейкай вонкавай прывабнасці вышынных «чалавейнікаў», бясконцыя палі парковак, мізэрнае азеляненне і касмічны цэннік. Цяпер ім прапануюць даць карт-бланш на знос старых, утульных і зялёных раёнаў.

Сучасныя раёны сталіцы, такія як «Маяк Мінска», не назавеш камфортнымі. У час рэнавацыі найгоршыя прыклады могуць быць маштабаваны на старыя, але больш утульныя і зялёныя раёны. Фота: Анлайнер

Яшчэ адна праблема ў прыватнасці Мінска — адсутнасць нармальнага развіцця транспарту. Пакуль станцыя метро «Каменная Горка» захлынаецца ад людзей, гарадскія ўлады будуюць метро ў старыя савецкія раёны, дзе няма такой вострай праблемы. Альтэрнатыўныя віды гарадскога транспарту, электрычкі і хуткасныя трамваі, качуюць з генплана ў генплан, не знаходзячы водгуку ў думках чыноўнікаў. Найбуйнейшы масіў «хрушчовак» у Мінску — гэта Ракаўская шаша і Харкаўская, на той жа галіне метро, што і Каменная Горка. Забудаваць гэтыя раёны 20-павярховікамі пры цяперашнім падыходзе да гарадскога транспарту — ідэальны спосаб адкрыць партал у пекла. 

Рэнавацыя як гістарычны шанец

Пад маркай рэнавацыі можна было б выправіць многія горадабудаўнічыя памылкі ў гістарычных гарадах, калі б нехта быў у гэтым зацікаўлены
Напрыклад, у Полацку замест савецкай «сценкі» на чатыры пад'езды, які знявечыў выгляд гістарычнага горада, можна было б аднавіць яго велічны сімвал — езуіцкі касцёл Святога Стэфана. Фота: А. Невар

Дарэчы, у рэнавацыі маглі б быць і цікавыя пазітыўныя вынікі ў адраджэнні выгляду нашых гістарычных цэнтраў. За савецкім часам гістарычныя цэнтры зносіліся, а на месцы 2-5-павярховай забудовы ўзводзіліся манструозныя дамы, якія знявечылі іх выгляд.

Пад маркай рэнавацыі ў Мінску можна было б знесці дамы, якія адрэзалі Ракаўскае прадмесце ад астатняга старога горада, а ў Полацку — дом «з вушкамі», які пасаджаны проста на месца ўзарванага езуіцкага касцёла Святога Стэфана, нават больш велічнага за Сафію помніка барока, які вызначаў аблічча горада. 

«Сталінка» па Першамайскай вуліцы, 128 у Маскве, якая першапачаткова трапіла ў спіс пад знос па праграме рэнавацыі. Але абаронцам культурнай спадчыны ўдалося яе адстаяць. Фота: Дороги Московии

Але пра такое ніхто нават не задумаецца, наадварот, рэнавацыя прамая пагроза тым каштоўнасцям, якія маем. Хоць маскоўская рэнавацыя прадугледжвала знос толькі «хрушчовак», на практыцы ў першапачатковы спіс пад знос трапілі ўзоры сталінскай забудовы 1940-1950-х, канструктывізму 1920-х і нават дарэвалюцыйныя будынкі. Гэта выклікала абурэнне ў жыхароў Масквы і абаронцаў культурнай спадчыны. У выніку гарадскія ўлады пайшлі на саступкі, унёсшы 218 каштоўных будынкаў у спіс на адсяленне і рэканструкцыю, але без зносу. 

У Магілёве ніводная са «сталінак», якія фарміруюць параднае аблічча горада, не ахоўваецца дзяржавай. Усё гэта можна знесці пад маркай рэнавацыі. Фота: Wikimapia

У Мінску па-за праспектам далёка не ўсе «сталінкі» ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Забудоўшчыкі, напрыклад, актыўна зносяць лямпавыя Велазаводскі і Трактаразаводскі пасёлкі, падбіраючыся да аналагічных раёнаў, якія мусілі б быць пад аховай, але не ахоўваюцца дзяржавай. У Магілёве ўвогуле ніводны пасляваенны будынак не прызнаны каштоўным.

Вы чакаеце, што ў час беларускай рэнавацыі будуць зносіць скрынкі-«хрушчоўкі», а па факце можа аказацца, што пад 20-павярховікі будуць зносіць цэлыя вуліцы «сталінак». І сказаць супраць гэтаму будзе няма каму — грамадскія арганізацыі ліквідаваныя, а актывісты вельмі лёгка ад’язджаюць на суткі пры любой праяве незадаволенасці.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • чалавечай моваю
    01.03.2025
    гэта завецца ўшчыльненне.
    дарэчы Мінск па шчыльнасці (чалавек/км кв. ) пераўзыходзіць большасць гарадоў еўропы і набліжаецца да азіацкіх мегаполісаў.
  • NN
    01.03.2025
    Паглядзіце як цяпер будуюць ці робяць рэканструкцыю, вось тое ж самае будзе і з рэнавацыяй
  • ЯНКА
    01.03.2025
    .
    • НЯСНОСНЫЯ ДАМЫ •

    🏬 Выгляд Масквы, калі зірнуць хоць бы на здымкі, псуюць ня «лямпавыя» цёплыя хрушчоўкі, а аднатыпныя брудна-бэжавыя брэжнеўкі. Прычым, іх тыркалі як на ўскрайках, так і ў самым цэнтры гораду сярод дамоў сівое даўніны. Авохці, дбайна тыркалі, што пэўныя цэнтральныя вулкі нагадваюць правінцыйныя савецкія райцэнтры 1980-х. Нават бывае ажно горай, бо зь цягам часу бэжавы колер усмактаў бруд, і падаецца, быццам ці то на навакольле, ці на вочы накінулі запылены празрысты цаляфан.

    🏢 У Мінску, як вядома, брэжнеўкі часьцей бялюткія й вытанчана-шэрыя, і за іхнімі фасадамі й сяродкамі лепей даглядаюць. Каб жа прыгожа было!
    .

Цяпер чытаюць

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў2

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

«Для нас 8 сакавіка пачынаецца яшчэ летам». Гродзенцы проста ў сваёй хаце вырасцілі 15 тысяч цюльпанаў8

Тэмпы прасоўвання Расіі ва Украіне трэці месяц падаюць2

«Лукашэнка прапанаваў Трампу набыць рэдказямельныя клубні». Найлепшыя твіты тыдня6

«Еўропа і свет іншыя, Пуцін зусім не Гітлер». Гісторык Церашковіч дае расклад і параўноўвае сітуацыю з 1930-мі4

У Бабруйску нечакана для ўсіх падскочылі цэны на маршруткі

Рутэ параіў Зяленскаму знайсці спосаб аднавіць адносіны з Трампам38

У Расіі група вайскоўцаў адмаўляецца ваяваць ва Украіне. Іх адпраўляюць на фронт сілком11

Расіяне праводзяць антываенны марш у цэнтры Берліна з расійскімі трыкалорамі ФОТА16

Нацыянальны архіў ЗША апублікаваў тысячы раней засакрэчаных аэрафотаздымкаў Беларусі часоў Другой сусветнай вайны6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў2

Дачка міліцэйскага начальніка з Гродна расказала, як сядзіць у турме ў Непале прысуджаныя 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць