Ізраільскі бок зацікаўлены ў саслабленай і дэцэнтралізаванай Сірыі, а важным фактарам, што спрыяе гэтаму, можа стаць захаванне ў краіне расійскіх вайсковых баз — вайскова-марской базы ў Тартусе і авіябазы Хмеймім у Латакіі. Пра гэта паведамляе Reuters, спасылаючыся на дасведчаныя крыніцы.

Паводле звестак агенцтва, Ізраіль актыўна лабіруе гэтую ідэю ў ЗША, разглядаючы расійскую прысутнасць як супрацьвагу росту ўплыву Турцыі ў рэгіёне. Узмацненне Анкары, як лічаць у Тэль-Авіве, стварае сур'ёзную пагрозу бяспецы яўрэйскай дзяржавы.
Крыніцы агенцтва адзначаюць, што напружанасць паміж Ізраілем і Турцыяй рэзка ўзмацнілася падчас канфлікту ў Газе, што стала дадатковым фактарам занепакоенасці Ізраіля.
Па словах ізраільскіх чыноўнікаў, новыя ісламісцкія ўлады Сірыі, якія падтрымліваюцца Анкарой, уяўляюць непасрэдную пагрозу ізраільскім межам.
Ізраіль прадставіў сваю пазіцыю Вашынгтону ў лютым, давёўшы аргументы да ведама найвышэйшых службовых асоб адміністрацыі ЗША і Кангрэса. Пра гэта паведамілі тры амерыканскія крыніцы і яшчэ адзін чалавек, знаёмы з ходам перамоў.
Падчас гэтых сустрэч ізраільскія афіцыйныя асобы падкрэслілі пазітыўны аспект працяглай прысутнасці Расіі ў Сірыі, што выклікала здзіўленне ў некаторых прадстаўнікоў амерыканскага боку. Некаторыя ўдзельнікі перамоў выказалі меркаванне, што Турцыя, будучы членам НАТА, з'яўляецца больш прыдатным гарантам бяспекі ў рэгіёне. Аднак, як сцвярджаюць крыніцы, Ізраіль катэгарычна не пагадзіўся з гэтым сцвярджэннем і настойваў на сваім бачанні сітуацыі.
«Ізраіль больш за ўсё баіцца, што Турцыя возьме пад абарону новы ісламісцкі парадак у Сірыі, які з часам можа ператварыцца ў апорную базу для ХАМАС і іншых радыкальных груповак», — заявіў Арон Лунд, аналітык амерыканскага даследчага цэнтра Century International.
Паводле даных крыніц, пакуль незразумела, у якой ступені адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа гатовая разглядаць прапановы Ізраіля. У Вашынгтоне дагэтуль не далі выразных сігналаў пра сваю стратэгію ў дачыненні да Сірыі, у тым ліку датычна будучага санкцыйнага рэжыму і магчымага захавання амерыканскага вайсковага кантынгенту ў паўночна-ўсходняй частцы краіны.
Рэжым Башара Асада, які кіраваў перад тым у Сірыі дзясяткі гадоў, абрынуўся у снежні мінулага года ў выніку наступу паўстанцкіх сіл, ключавую ролю ў якіх адыграла групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам». Часовым сірыйскім прэзідэнтам стаў Ахмед Аль-Шараа, вядомы таксама як Абу Мухамед аль-Джулані. Сам Асад уцёк у Расію.
Цяпер на тэрыторыі Сірыі знаходзяцца дзве расійскія вайсковыя базы — у Тартусе і Хмейміме, якія Масква атрымала ў арэнду тэрмінам на 49 гадоў у 2017 годзе.
Еўрасаюз прыпыніў частку санкцый супраць Сірыі
У Сірыі калону расійскіх вайскоўцаў не пусцілі на базу ў Тартусе
Замест Расіі вайсковыя базы ў Сірыі можа размясціць Турцыя
Новыя ўлады Сірыі патрабуюць ад Расіі выдаць Башара Асада
У порт Тартуса прыйшлі расійскія караблі. Расія выводзіць войскі з Сірыі?
У інтэрнэце разляцеўся фэйк пра атручэнне ў Маскве сірыйскага дыктатара Башара Асада
Каментары